У Мінску прадаецца больш за 10 тысяч кватэр

 

На другасным рынку жыллё працягвае таннець (у глабальным плане без перапынкаў) ужо з верасня мінулага года

 

 

Вось і канчаткова скончыўся «мёртвы» кватэрны сезон. На фоне свят попыт на жыллё ў сталіцы ў студзені і ў дзвюх дэкадах лютага (у параўнанні са снежнем) чакана скараціўся на 36 %. Зрэшты, ужо ў другой палове гэтага месяца пакупніцкая актыўнасць пачала паступова аднаўляцца.

 

 

Па колькасці здзелак гэты студзень мала адрозніваўся ад студзеня папярэдніх дзесяці гадоў: за месяц купілі 677 кватэр, што з'яўляецца сярэднім значэннем для пачатку года. Але пра ўсё па парадку.

 

Правальны год для агенцтваў нерухомасці

 

Па выніках мінулага года ў Мінску заключылі крыху больш за 11 тысяч здзелак, што на 20 % менш, чым за 2019-ы. Тут было шмат адмоўных фактараў — ад псіхалагічнага ўздзеяння пандэміі, жнівеньскіх падзей да часовай адмены крэдытавання любога набыцця жылля. Сюды можна смела дадаць рэзкія ваганні валютных курсаў і няўпэўненасць прадпрымальнікаў у заўтрашнім дні.

 

 

Але, паводле інфармацыі партала realt.by, сталічны рынак кватэр скончыў год ростам продажаў — у снежні заключана на 27 % здзелак больш, чым у лістападзе. Бягучы ўзровень попыту не з'яўляецца мінімальным для снежня, але і да сярэдніх значэнняў для гэтага месяца не хапіла каля 130 здзелак. У апошнім месяцы года прапанова кватэр скарацілася на 7 %, што абумоўлена пачаткам святочнага перыяду. Тым не менш за год колькасць выстаўленых на продаж аб'ектаў вырасла ў 1,5 раза.

 

Канец мінулага года адзначыўся рэзкім падзеннем цэн. Сярэдняя цана прададзеных у снежні кватэр за месяц знізілася на 2,5 % і склала 1272 долары за квадратны метр. Такім чынам, у параўнанні з аналагічным перыядам 2019-га квадратны метр кватэр на другасным рынку стаў таннейшы амаль на 100 долараў.

 

Па словах дырэктара агенцтва нерухомасці «БелЦТН» і ганаровага старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя «Нерухомасць» Мікалая Прасталупава, год пачаўся проста нечакана. Нягледзячы на тое што колькасць здзелак была традыцыйна нізкая, пакупнікі часцей, чым звычайна, выбіралі больш дарагія кватэры ў новых пабудаваных дамах. За кошт гэтага сярэднія цэны на кватэры па выніках месяца паказалі невялікі рост.

 

Сёлетні студзень адзначыўся максімальнай доляй здзелак на аднапакаёвыя кватэры — 52 %, хоць звычайна гэта значэнне знаходзіцца на ўзроўні каля 40 %. На двухпакаёвыя кватэры заключылі 29 % здзелак, на трохпакаёвыя — толькі 15 %.

 

Так атрымалася, што менавіта ў першы месяц года на рынку ў асноўным «актыўнічалі» адносна багатыя кліенты, якія выбіралі новае жыллё. А калі ўлічваць, што «квадрат» новага будынка стаў даражэйшы, чым «метры» ў старым жыллі, а да таго ж метраж аднапакаёвай новай кватэры пачынаецца ад 50 метраў, а двухпакаёвай — ад 70 метраў, купіць такія апартаменты можа далёка не кожны гараджанін.

 

Яшчэ адзін максімум за апошнія дзесяць гадоў — траціна здзелак у студзені была заключана з кватэрамі ў новабудоўлях. Як правіла, доля падобных кватэр у агульным попыце ў месяц роўная 12—13 %. Значна ўзрасла доля Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў, у Маскоўскім і Фрунзенскім куплялі прыкметна радзей, чым звычайна. Кватэры ў «сталінках», тыпавых панэльных і старых панэльных дамах карысталіся попытам прыкметна ніжэйшым за звычайны.

 

Дык вось, на фоне змен структуры попыту сярэдняя цана прададзеных кватэр у Мінску за месяц паказала невялікі рост — на 1,3 % — і склала 1285 долараў за квадратны метр. Тут ёсць адзін нюанс. Самыя дарагія аднапакаёвыя кватэры за месяц усё ж патаннелі на 0,9 % і прадаваліся за 1333 долары за квадратны метр. Кошт сярэдняй кватэры — 52 370 долараў. Двухпакаёвыя кватэры ў студзені істотна падаражэлі (плюс 1,6 %) да 1238 долараў за «квадрат» (64 330 долараў). Трохпакаёвыя па цане таксама «папаўзлі» ўверх (плюс 1,1 %) — 1190 долараў за квадратны метр (81 000 долараў).

 

Сітуацыя крыху зменіцца, калі разглядаць цэны на другаснае жыллё выключна ў аб'явах. Тут, калі не ўлічваць рост цэн на чатырохпакаёвыя кватэры, у астатніх сегментах у студзені сярэднія цэны на кватэры знізіліся. Сярэднія цэны прапановы бюджэтнага жылля за месяц сталі яшчэ ніжэйшыя, дарагога — практычна не змяніліся. За кошт гэтага разрыў паміж гэтымі сегментамі павялічыўся.

 

Навабуды даражэюць, а «патрыманыя» кватэры таннеюць. Надоўга?

 

Індэкс цэн другаснага рынку жылля горада Мінска за апошні тыдзень знізіўся на 1,7 % — да 1299 долараў за квадратны метр. На думку Мікалая Прасталупава, гэты сцэнарый цалкам лагічны. У той жа час сярэдні кошт кватэр у новабудоўлях Мінска за апошні тыдзень павялічыўся на 0,2 % і складае на дадзены момант 1322 долары за квадратны метр. У цяперашні час узровень цэн на новабудоўлі перавышае ўзровень цэн на другасным рынку на 23 долары. У апошні раз падобная сітуацыя назіралася ў снежні 2017 года.

 

Колькасць аб'яў аб продажы кватэр у базе за апошнія сем дзён вырасла на 10 % і зноў перавысіла адзнаку ў 10 тысяч аб'ектаў. Больш за ўсё вырасла колькасць аднапакаёвых (адразу на 16 %) і чатырохпакаёвых кватэр (на 9 %). Разам з тым некаторыя спецыялісты адзначаюць, што гэты рост — штучны, за кошт дабаўлення амаль тысячы кватэр у Кастрычніцкім раёне некаторымі сталічнымі агенцтвамі нерухомасці. У іншых раёнах горада рост колькасці аб'ектаў не перавышаў 2—4 %.

 

У большасці мікрараёнаў горада цэны на кватэры знізіліся. Адрозненні паміж часткамі горада выглядаюць разнапланава. Сярод тыпаў кватэр найбольшае зніжэнне сярэдніх цэн квадратнага метра назіралася ў аднапакаёвых і чатырохпакаёвых кватэр — на 2,2 % і на 2,8 % адпаведна.

 

Бліжэй да лета — неістотнае патанненне

 

Наш пастаянны эксперт Мікалай Прасталупаў лічыць, што на рынку другаснага жылля саспела сітуацыя, калі цэны на кватэры павінны істотна «асесці». Дзесьці да ўзроўню тысячы долараў за «квадрат», але... Другасны рынак заўсёды азіраўся на цэны жылля ў новабудоўлях.

 

Зараз у галоўным мегаполісе краіны прапаноў па будаўніцтве катастрафічна не хапае. Будоўлю з нуля пачынаюць адна-дзве кампаніі, і ўсё. У мясцовых будаўнічых арганізацый не хапае сродкаў (ды і смеласці), каб без пазыковых грошай «пацягнуць» дадзенае мерапрыемства. Людзі ж таксама не спяшаюцца ўкладваць свае кроўныя ў доўгатэрміновыя праекты.

 

У гэтай сітуацыі наш суразмоўнік упэўнены, што «метры» будуць таннець, але значна меншымі тэмпамі, чым калі б будаўніцтва вялося ў актыўным рэжыме. Таму недзе да лета кватэры патаннеюць на 0,5 — 1 %, або на 1,5 %. Больш магутнаму патанненню будуць перашкаджаць адсутнасць канкурэнцыі на будаўнічым рынку і псіхалагічны «пункцік» нашых людзей «як бы не пераплаціць».

 

У адрозненне ад Мінска ў ключавых гарадах блізкага замежжа адзначаўся рост цэн на кватэры ў доларавым эквіваленце. Найбольш прыкметна ў параўнанні з лістападам вырасла сярэдняя цана «квадрата» ў Маскве і Санкт-Пецярбургу — на 7 %. У Варшаве — на 5 %. У Кіеве рост цэн быў больш сціплы — толькі на 1 %.

ЗВЯЗДА

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!