Сёння наша газета сумесна з раённым вузлом паштовай сувязі правяла Дзень падпісчыка

Палатка ля будынка пошты ў цэнтры горада карысталася асаблівай папулярнасцю сярод прахожых. А хтосьці, з ліку самых адданых нашых чытачоў, прыйшоў сюды мэтанакіравана, прачытаўшы аб’яву на першай паласе. Намеснік начальніка РВПС Ганна Малмыга, інструктар па падпісцы Святлана Зубік і аператар Кацярына Маркевіч працавалі хутка і зладжана, аднак чарга з жадаючых падпісацца раз-пораз ды ўзнікала. Праўда, гэта той рэдкі выпадак, калі яна абсалютна нікога не раздражняла. Шчучынцы і жыхары раёна дзяліліся з журналістамі сваімі ўражаннямі аб прачытаным, называлі любімыя рубрыкі, выказвалі свае пажаданні.

  – Як толькі ў нас утварылася свая сям’я, мы сталі выпісваць “Дзянніцу”. Газета ў дом, нібыта паказчык нейкай самастойнасці і самавітасці, так бы мовіць, сябар сям’і, -- распавядае абаяльная і ўсмешлівая мама Міланы і Цімура Кацярына Фірыновіч, якая разам з дзеткамі завітала на Дзень падпісчыка і аформіла падпіску адразу на паўгоддзе. – Люблю чытаць не толькі навіны, але і пра незвычайныя лёсы людзей, пра яркіх асоб, таленавітых землякоў. Прыемна, што ў кожным нумары абавязкова знойдзеш штосьці для душы.

Каця паабяцала падзяліцца з чытачамі “Дзянніцы” сваімі фірменнымі рэцэптамі, бо сама -- цудоўная гаспадыня. Мабыць таму, падарунак ад рэдакцыі – кухонны набор з лагатыпам “Дзянніцы” – ёй прыйшоўся даспадобы.

 – А я люблю і ўсё жыццё выпісваю нашу раёнку, бо дакладна ведаю, хто піша і пра каго піша. Так склалася, што знаёмы амаль з усімі аўтарамі і героямі публікацый, сваю Шчучыншчыну вывучыў ад краю да краю, -- дзеліцца Сцяпан Шэршань.

Надзвычай прыемным аказалася знаёмства з нашымі новымі сябрамі Ганнай Кузьмянковай, Васілём Болтачам, Ірынай Якімовіч, Марынай Гардзейчык. Хтосьці ў гэты дзень упершыню далучыўся да падпісной кампаніі, а хтосьці даўно аддае перавагу паслугам паштавікоў, якія, дарэчы, таксама падрыхтавалі для чытачоў прыемныя сюрпрызы – красворды, дзіцячыя чытанкі, зборнічкі рэцэптаў. 

  -- Я без “Дзянніцы” ні-і-і-куды, -- прызнаецца Антаніна Курдзюкова. – Па ёй і мову беларускую вывучыла! Раёнку выпісваю, колькі ў Шчучыне жыву – гадоў пад 50!

Дзве гадзіны, якія мы правялі ў гэты сонечны чэрвеньскі дзень са сваімі чытачамі, праімчалі вельмі хутка. Сярод тых, хто прыйшоў на Дзень падпісчыка “пад занавес”, была вялікая сямейная каманда Ясюлевічаў з Рэзаў: дарослыя, дзеці, унукі – прадстаўнікі трох пакаленняў – цікавяцца нашай газетай. І гэта вельмі прыемна і сімвалічна. Ручкі з фірменным лагатыпам “Дзянніцы” атрымалі ўсе, каб адчуваць сваю непасрэдную сувязь з самай роднай і блізкай газетай.

Увогуле падчас Дня падпісчыка нашу газету выпісалі амаль паўсотні чалавек. Падпісная кампанія працягваецца. Заставайцеся з намі, сябры!

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота Ганны КАСПЕР.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!