Сёлета у нашым раёне рэалізуецца буйны праект па рэканструкцыі Шчучынскіх гарадскіх ачышчальных збудаванняў

 

Сістэма ўтылізацыі адходаў з’яўляецца неад’емнай часткай любога горада. Менавіта яна забяспечвае падтрымку санітарных нормаў і якаснае функцыянаванне буйных населеных пунктаў. Сёлета ў мэтах паляпшэння экалагічнай абстаноўкі і мінімізацыі адходаў і забруджванняў у нашым раёне рэалізуецца буйны праект па рэканструкцыі Шчучынскіх гарадскіх ачышчальных збудаванняў.

 

Рэканструкцыя аб’екта будзе праходзіць на дзвюх пляцоўках. Першая – гэта галоўная каналізацыйная насосная станцыя, якая знаходзіцца ў межах Шчучына. Яна будзе даводзіцца да ладу. Другая пляцоўка знаходзіцца за горадам на месцы старых ачышчальных збудаванняў. Там прадугледжаны маштабныя дзеянні. Так, згодна з праектам будуць адноўлены і пабудаваны прыёмная камера, пескалоўкі, аэратэнкі-адстойнікі, аэратэнкі ачысткі, ілаўшчыльняльнікі, трацічныя адстойнікі, біялагічныя вадаёмы, ілавыя і пясочныя пляцоўкі. Таксама праектам прадугледжана ўзвядзенне новай паветрадуўнай станцыі і рэканструкцыя ўсярадняльніка, які прызначаны рэгуляваць параметры сцёкавых водаў, што будуць паступаць у ачышчальныя збудаванні.

 

 

Зараз на аб’екце праводзіцца дэмантаж металічных канструкцый і ачыстка пляцовак пад будаўніцтва.

 

 

Аб’ём абласнога фінансавання рэканструкцыі складае 10 мільёнаў рублёў. Рашэннем Гродзенскага аблвыканкама вызначаны заказчык і генеральны падрадчык будаўніцтва. Імі сталі арганізацыі КУДП “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Навагрудскага раёна” і ААТ “Гроднапрамбуд”. Тэхнічны нагляд за выкананнем работ будзе ажыццяўляць КУДП “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Шчучынскага раёна”. Скончыць рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў і ўвесці аб’ект у эксплуатацыю плануецца ў 2024 годзе.

 

 

Падрабязней пра метады ачысткі вады на адноўленых ачышчальных збудаваннях нам расказала інжынер па ахове навакольнага асяроддзя РУП ЖКГ Таццяна Шадура:

 

– Рэканструкцыя гэтага аб’екта прынясе вялікую карысць экалогіі Шчучына і раёна. Ачыстка вады будзе праходзіць цалкам у адпаведнасці з экалагічнымі нормамі і правіламі. Будзе ажыццяўляцца біялагічная ачыстка з дапамогай аэробных бактэрый, якія акісляюць арганіку, пераўтвараючы яе ў азот і кісларод. Такі метад лепш за ўсё падыходзіць для ачышчальных станцый менавіта гарадскога, а не лакальнага маштабу.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!