Студэнцкі сельскагаспадарчы атрад «Агратайм» пачаў дзейнічаць на базе ААТ “АграГЖС”

Для Дашы Аніська і Насці Семяновіч гэта лета асаблівае: дзяўчаты скончылі Астрынскую сярэднюю школу імя Цёткі і рыхтуюцца да паступлення ў абраныя навучальныя ўстановы. Будучыя правадніца і ветурач вырашылі не траціць дарэмна час і запісаліся дабравольцамі ў студэнцкі сельскагаспадарчы атрад “Агратайм”, які пачаў дзейнічаць на базе ААТ “АграГЖС”. Каб даведацца, як працуе моладзь, мы накіраваліся на адзін з аб’ектаў гэтага сельгаспрадпрыемства.

Нагадаем, што па выніках мінулага года студэнцкі сельскагаспадарчы атрад «Агратайм» быў узнагароджаны Граматай Гродзенскага абласнога камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», як пераможца ў намінацыі «Лепшы сельскагаспадарчы атрад» абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Працоўны семестр».


– Сёлета наш атрад аб’яднаў 10 актывістаў, – расказвае камандзір атрада Таццяна Шчэмерава. – Вучні 9-11 класаў добрасумленна выконваюць розныя віды працы. Напрыклад, сёння мы былі задзейнічаны на добраўпарадкаванні тэрыторыі зернесклада.
Таццяна Габіс у будатрадзе ўжо другі год запар. Дзяўчына прызнаецца, што працуюць падлеткі не толькі дзеля грошай. Будатрад – гэта ў першую чаргу зносіны с сябрамі, вопыт і зарад добрага настрою, своеасаблівая школа жыцця, якая не толькі вучыць пераадольваць цяжкасці, але і дапамагае адчуць цану заробленага рубля. 
За працай падлеткаў уважліва сочаць вопытныя спецыялісты.
– На сельскагаспадарчым прадпрыемстве работы ўсім хапае, тут не бывае лішніх рук, – перакананы інжынер-энергетык ААТ “АграГЖС” Уладзімір Шаўчэнка, які курыруе працу “агратаймаўцаў”. – Рабяты працуюць старанна, калі будуць і далей так працаваць – папоўняць кашалёк добрым рублём. 


Хай сабе працоўныя будні яшчэ і ў самым разгары, аднак юнакі і дзяўчаты ўжо падлічваюць свой заробак. Адны мараць аднавіць гардэроб, другія – адкласці “на вялікую мару”, трэція – патраціць грошы на падарункі для родных. 
Адметна, што актывісты будатрада “Агратайм” знаходзяць час не толькі на працу, але і на добрыя справы. Рабяты прымаюць удзел у рэспубліканскім сацыяльна-экалагічным праекце для дапамогі хворым дзеткам і дарослым «Новае жыццё ў абмен на покрыўкі»! Хлопцы збіраюць пластыкавыя покрыўкі, якія затым здадуць на перапрацоўку. Грошы, атрыманыя ад іх продажу, будуць пералічаны на добрыя справы.
Моладзь Шчучыншчыны актыўна працуе і ў іншых арганізацыях і гаспадарках раёна – ААТ “Дэмбрава” і Гродзенскім занальным інстытуце раслінаводства. Працаўладкавацца атывістам дапамог раённы камітэт ГА “БРСМ”. Чатыры будтрады аб’ядналі больш за паўсотні юнакоў і дзяўчат. Увогуле за летні семестр плануецца часова працаўладкаваць каля 400 маладых людзей. Прыемным бонусам для такіх юных работнікаў з’яўляецца атрыманне заработнай платы без вылічэння падаходнага падатку, спецыяльны графік працы і вопыт, які абавязкова спатрэбіцца ў дарослым жыцці.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара. 

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.