Рух – гэта жыццё! Менавіта так думаюць Раіса Юльянаўна і Станіслаў Іосіфавіч Макеі

 

Яму 86, а ёй 82 гады, аднак узрост – гэта толькі акалічнасць, якая не перашкаджае нашым героям весці актыўнае жыццё і мець добрую гаспадарку.

 

Раіса Макей нарадзілася ў вёсцы Амневічы Карэліцкага раёна. У наш край Раіса Юльянаўна трапіла падчас вучобы ў сельскагаспадарчым тэхнікуме, бо практыку праходзіла на Шчучынскай доследнай сельскагаспадарчай станцыі. Агранамічныя здольнасці нашай гераіні высока цанілі і таму папрасілі яе застацца ў Шчучыне.

 

Станіслаў Макей нарадзіўся ў вёсцы Вярбілкі. У сваёй сям’і ён быў самым малодшым пятым дзіцём. Меў двух братоў і дзвюх сясцёр. Станіслаў Іосіфавіч служыў тэлеграфістам на Далёкім Усходзе, а пасля войска паступіў у Жыровіцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі. Адтуль накіраваўся на практыку ў Шчучынскі раён, дзе і сустрэўся са сваёй будучай жонкай. Маладая пара распісалася, а пасля паспяховай здачы экзаменаў Станіслаў пачаў працаваць у эксперыментальнай базе “Шчучын”.

 

– Тады тут жыццё бруілася, – кажа Станіслаў Іосіфавіч. – Было шмат працоўных месцаў для моладзі, таму ўсе цягнуліся сюды. У Ражанцы нам далі кватэру, можна было там і застацца. Але хацелі мець сваю хату і ўчастак. Яшчэ тады з намі жыла мая маці – Мальвіна Антонаўна, ёй вельмі нязручна было жыць у кватэры, таму вырашылі будаваць дом. Цяжка было, але зараз калі-нікалі зірнеш на гэтыя сцены, пакоі і не верыцца, што ўсё гэта самі зрабілі. Так воку прыемна.

 

Раіса і Станіслаў маюць дзвюх дачок. Алена працуе медсястрой у Гродне, Святлана – прадпрымальнік у Шчучыне.

 

Станіслаў Макей быў загадчыкам рамонтных майстэрняў у Ражанцы. Да працы ён ставіўся адказна, меў добрыя адносіны з калектывам і заўсёды знаходзіў паразуменне з людзьмі, таму неаднаразова выбіраўся старшынёй рабочых камітэтаў.

 

– Праца ў сельскай гаспадарцы тады была цяжкая, – кажа мужчына. – Не ўсе інжынеры з вышэйшай адукацыяй давалі рады, а я спраўляўся.

 

На пенсіі нашы героі не сядзяць без справы, наадварот, заняткаў у іх дастаткова. Асаблівай увагі заслугоўвае прыгожы надворак сям’і Макеяў. Гасцей каля брамы сустракаюць цудоўныя кветкавыя кампазіцыі.

 

– Кветкі вельмі люблю, – прызнаецца Раіса Юльянаўна, – люблю іх вырошчваць і фатаграфаваць. Асабліва мне падабаюцца бадан, кусты самшыта, цюльпаны, гваздзікі і дэкаратыўныя сланечнікі. Муж дапамагае мне ў гэтай справе. Ён, напрыклад, зрабіў для зручнасці каменныя сцежкі ў кветніку.

 

На надворку ля сядзібы Макеяў можна пабачыць кусты правільнай геаметрычнай формы. Гэта Станіслаў Іосіфавіч сякатарам пад узровень робіць філігранныя раслінныя фігуры. Тут таксама ёсць невялічкі садзік з яблынямі і грушамі.

 

– Вырошчваем некалькі гатункаў яблыкаў, – кажа Станіслаў Іосіфавіч. – Лепшымі з іх лічу “Беларускі Сінап” і казахскі “Зара Алатау”. Люблю грушку даглядаць, на адным дрэве ў нас прышчэплена пяць гатункаў. Вядома, за дрэвамі трэба сачыць, таму я іх перыядычна падразаю.

 

Увогуле Раіса Юльянаўна і Станіслаў Іосіфавіч вырошчваюць бульбу, моркву, буракі, маліну, буякі, клубніцы і яшчэ трымаюць курэй.

 

– Клопаты пра бульбу, догляд дрэў, усё гэта добра, – лічыць Раіса Юльянаўна. – Рух – гэта жыццё, ён дапамагае заставацца з сіламі. Вось мы, напрыклад, любім у лес ездзіць на прагулку. Бярэм з сабой палкі і займаемся скандынаўскай хадой. Стась увогуле кожную раніцу робіць фіззарадку і нашага ўнука Арцёма прывучае. Таксама важна для здароўя харчавацца натуральнымі прадуктамі. Таму ўсю нашу гародніну і садавіну мы вырошчваем без хімічных дабавак і ўгнаенняў.

 

Гаспадыня дома лічыць, што самае галоўнае ў жыцці – гэта нікому не жадаць зла. Нельга з ёй не пагадзіцца. Варта адзначыць, што Раіса Юльянаўна з’яўляецца старшынёй Ражанкаўскай пярвічкі Беларускага таварыства інвалідаў і актыўна ўдзельнічае ў жыцці арганізацыі.

 

Вось такія актыўныя і працавітыя Раіса і Станіслаў Макеі. Іх жыццёвы шлях – прыклад для пераймання многім маладым сем’ям. Хочацца пажадаць нашым героям добрага здароўя і даўгалецця.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!