Ражанка – мястэчка з гісторыяй

“Да Ражанкі – па баранкі, да Бераставіцы – па рукавіцы, да Індуры – па куры” – мабыць, гэты выраз захаваўся яшчэ з тых часоў, калі старажытныя мястэчкі Прынёманскага краю збіралі на вясёлыя кірмашы люд з усяе губерні. Шмат чаго змянілася з тае пары. Але і сёння пра Ражанку чуваць далёка, а ў многіх пуцяводных даведніках тутэйшы неагатычны касцёл у гонар святых Пятра і Паўла значыцца як турыстычныя вароты Гродзеншчыны.

– І зусім не выпадкова! - перакананы настаўнік гісторыі Ражанкаўскага дз/сада-СШ Канстанцін Іванавіч Вінаград. – Гэта самы старадаўні каменны касцёл у нашым рэгіёне. Больш таго, ён з’яўляецца адным з першых помнікаў рэтраспектыўна-гатычнага стылю на тэрыторыі Беларусі. Яго будавалі яшчэ пры Пацах (магутны і ўплывовы род валодаў Ражанкай, лічы, чатыры з паловай стагоддзі!) у 1674 годзе як … пратэстанцкую кірху. І гэта была першая кірха ў нашых мясцінах. У той перыяд Пацы перайшлі на пратэстанцкую веру, а дзесьці з 1576 года гэтыя магнаты зноў вяртаюцца ў лона рымска-каталіцкай царквы. У 1827 годзе Ражанкаўскі касцёл грунтоўна перабудоўваецца па праекце італьянскага дойліда Генрыка Марконі і, нягледзячы на гістарычныя віхуры, на часы ваяўнічага атэізму, калі ад храма заставаліся толькі сцены, касцёл усё ж адрадзіўся ў 90-х мінулага стагоддзя.
rojanka_05.jpg
…Мы заходзім унутр храма, дзе ідзе набажэнства. Адзін з парафіян – Міхаіл Сцяпанавіч Папялушка – ахвотна паказвае і расказвае:
– Расіяне часта заязджаюць сюды, вандруючы па Беларусі, турысты з іншых краін наведваюцца. Усе дзівяцца прыгажосці нашага касцёла, кажуць, што ён унікальны.
 Сапраўды, не адарваць вачэй ад прыцягальнага кантрасту цёмнай бутавай кладкі з бялюткім дэкорам на фасадзе. На партале галоўнага ўваходу вас сустракаюць скульптуры святых Пятра і Паўла. Аздобу велічнага будынка дапаўняюць ляпны герб і круглае акно-ружа. Усё ж колькі б не лунала версій аб паходжанні назвы Ражанка, а самая папулярная з іх – так-так, звязана з ружамі!

Назва мястэчка прагучала на ўсіх еўрапейскіх мовах!

І гэта дзякуючы неўміручаму генію Льва Талстога. Зборнік твораў класіка, раскрыты на старонках са знакамітым апавяданнем “За што?”, займае пачэснае месца ў школьным музеі. Паводле сюжэта, вясной 1830 года ў Ражанку да пана Ячэўскага прыязджае малады шляхціц Юзаф Мігурскі, які закахаўся ў дачку гаспадара – Альбіну. Але неўзабаве разгортваюцца падзеі паўстання 1830-1831 года…
rojanka_03.jpg
– Так дзякуючы Льву Талстому, які сваіх герояў “перамясціў” у Ражанку, гэта паўстанне стала самай вядомай у свеце гістарычнай падзеяй на Шчучыншчыне, бо твор перакладзены на ўсе еўрапейскія мовы! – з гонарам падкрэслівае Канстанцін Іванавіч Вінаград.
Ён разам з юнымі экскурсаводамі, якіх рыхтуюць у школе, знаёміць з новымі матэрыяламі і экспазіцыямі музея, цікава расказвае пра нечаканыя павароты ў лёсах прадстаўнікоў роду Пацаў, ганарыцца і тым, што за даследаванне па тэме “Шчучынскі край у гісторыі і дзейнасці шляхецкіх родаў ХV-ХІХ стагоддзяў” яго выхаванцы былі адзначаны дыпломам абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”.
 Мы разам гартаем музейную кнігу водгукаў, дзе пасля імправізаваных экскурсій пакінулі свае падзякі турысты з Ізраіля, Галандыі, Польшчы, Расіі, Малдовы, Украіны...

Свой маршрут

– Адкуль звычайна пачынаеце экскурсію па Ражанцы і ваколіцах? – пытаюся ў К.І. Вінаграда.
– Адметнасцю мястэчка, безумоўна, з’яўляецца памятны слуп-каплічка, які Людвіг Пац загадаў устанавіць у памяць усіх загінуўшых салдат падчас Айчыннай вайны 1812 года. Па нашых мясцінах праходзіла армія Баграціёна, вяліся жорсткія баі. Словам, месца знакавае, знаходзіцца ў цэнтры Ражанкі. Адсюль можна і распавесці цікавы аповед пра гісторыю роднага краю.
– Далей пехатою прапаноўваю прайсці да Петрапаўлаўскага касцёла, – працягвае Канстанцін Іванавіч, – накіравацца да рэшткаў старога млына на рацэ Тур’я. Дарэчы там, у раёне вуліцы Садовай, яшчэ “за польскім часам” навуковая экспедыцыя археолагаў вяла раскопкі і вынайшла дзве каменныя сякеры, якія захоўваюцца ў Кракаўскім музеі. Гэтыя знаходкі сведчаць аб старажытнасці нашага пасялення – стаянцы першабытных людзей.
rojanka_02.jpg
А дзякуючы прыватным запісам, што дайшлі да нас і зараз знаходзяцца ў школьным музеі, можна дакладна “вылічыць”, у якім з даваенных дамоў хто жыў.
– Гэта, як праві­ла, пабудовы пера­сяленцаў яўрэй­скай калоніі, што калісь была ў Малявічах. Яны ўяўляюць сабой цэлы пласт культуры, якім і сёння цікавяцца нашчадкі, прыязджаючы сюды з Ізраіля з саліднай электроннай базай рэтра-здымкаў, каб параўнаць, адшукаць былыя сядзібы, нешта цікавае даведацца ад сведкаў трагічнай эпохі. Трагічнай, таму што большасць яўрэйскага насельніцтва Ражанкі аказалася падчас фашысцкай акупацыі ў шчучынскім гета. Амаль усе былі па-зверску расстраляны ў 1942 годзе.

Ражанка Пацаўская

Каб раскрыць гэту старонку гісторыі, цікаўнага турыста можна запрасіць на месца былога фальварка, што ўзводзіў прадстаўнік гетманскай галіны знакамітага роду – Юзаф Пац. Паколькі кладка муроў вялася на … бялках з курыных яек, то і сёння ў раёне былой школы-інтэрната захаваліся досыць моцныя фрагменты даўніх забудоў.
Палаца-паркавы комплекс з’явіўся тут напрыканцы ХVІІІ стагоддзя. Праект італьянскага дойліда Карла Спампані як нельга лепш адказваў амбіцыйным запатрабаванням гаспадароў: раскоша панавала тут і ў архітэктурных формах, і ў інтэр’ерах. Сядзібу акружаў шыкоўны парк з круглымі газонамі, англійскім садам і каменнай аранжарэяй на два паверхі, дзе, безумоўна, валадарылі ружы. Флігель, канюшня ды фрагменты парка – гэта, на жаль, усё, што сёння засталося ад колішняга памесця.

“Мы цэнім гісторыю нашага рэгіёна”

Старшыня Ражанкаўскага сельвыканкама В.В. Бурдзей добра ведае гісторыю роднага краю, бо і сам чалавек тутэйшы, стараецца падтрымаць мясцовыя славутасці ў належным стане.
rojanka_01.jpg
– Вось нядаўна пафарбавалі слуп-капліцу, абрэзалі галінкі дрэў, што засланялі гэты гістарычны помнік, – распавядае Віктар Валянцінавіч. – А ля касцёла, які з’яўляецца помнікам архітэктуры, устанавілі інфармацыйны шчыт з асноўнымі звесткамі і фотаздымкамі розных часоў. Гэта вялікая дапамога і для турыстаў, і для нашых жыхароў, якія, несумненна, будуць яшчэ больш ганарыцца мясцінамі, дзе жывуць і дзе адчуваецца подых самой гісторыі.
Віктар Валянцінавіч з задавальненнем канстатаваў, што ў апошні час, разумеючы яшчэ і эканамічны патэнцыял турыстычнай галіны, людзі цікавяцца, як адкрыць уласную аграсядзібу. На тэрыторыі сельсавета абуладкоўваецца ўжо трэцяя з іх, а гэта значыць, што падарожнікі, якія завіталі ў мястэчка, змогуць пасяліцца на ўлонні прыроды на некалькі дзён, шмат чаго пабачыць і адчуць беларускую гасціннасць і добразычлівасць.
– Сучасная Ражанка – гэта аграгарадок з насельніцтвам 1680 чалавек, досыць развітай інфраструктурай, дзе дзейнічаюць такія прадпрыемствы і арганізацыі, як ААТ “Шчучынаграпрадукт” і Шчучынскі рамонтны завод, навучальна-педагагічны комплекс “Ражанкаўскі дзіцячы сад - сярэдняя школа”, урачэбная амбулаторыя, аптэка, Дом культуры. У мястэчку працуюць сем магазінаў, – канстатуе кіраўнік мясцовай вертыкалі. – Жыхары Ражанкі ганарацца тым, што талакою – метадам народнай будоўлі – здолелі ўзвесці сваю царкву, рэканструяваўшы старадаўні будынак, якога пры іншым раскладзе проста не захавалася б. Нашы людзі памятаюць сваё мінулае, з упэўненасцю глядзяць у дзень заўтрашні і вельмі рады гасцям. Упэўнены, турыстычны патэнцыял нашага рэгіёна – невычарпальны, – лічыць мэр Ражанкі Віктар Валянцінавіч Бурдзей.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!