Пра сакрэты судовых экспертыз

даведаліся вучні першай і другой гарадскіх школ, якія прыйшлі на сустрэчу са старшым экспертам Шчучынскага раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, капітанам юстыцыі Дзмітрыем Валяр’янавічам Трахімовічам. 

Мерапрыемства ладзілася ў рамках шостага школьнага дня і прайшло ў актавай зале раённага цэнтра турызму і краязнаўства.

– Мы пастаянна шукаем новыя формы работы, каб зацікавіць рабят, дапамагчы ім даведацца пра штосьці новае, расшырыць кругагляд, а, магчыма, і выбраць для сябе прафесію, – расказваюць педагогі-арганізатары Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства Таццяна Францаўна Грыгаровіч і Шчучынскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці Вольга Аляксандраўна Кавальчук, якія і сталі ініцыятарамі правядзення цікавага мерапрыемства. – Таму ўдзельнікам нашага эрудыт-марафона “Ад ведання правоў да выканання абавязкаў” і стаў эксперт-крыміналіст.


Што й казаць, зацікавіў рабят Дзмітрый Валяр’янавіч! Ён расказаў, якія бываюць віды судовых экспертыз, як яны праводзяцца. На практыцы прадэманстраваў, як здымаюцца адпячаткі пальцаў, паказаў, што знаходзіцца ў чамаданчыку экспертаў і як гэтыя прыстасаванні дапамагаюць працаваць на месцы ўчынення злачынства. Магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі эксперта атрымалі і рабяты. 
Не меншую цікавасць выклікала ў школьнікаў і інфармацыя аб тым, як адрозніць сапраўдныя грашовыя знакі ад падробак. 


Падрабязна спыніўся эксперт на сітуацыях, звязаных са знаходкамі ваенных часоў, расказаў пра тую небяспеку, якую тояць у сабе боепрыпасы, што часам яшчэ знаходзяцца на палях і ў іншых месцах. І папрасіў рабят быць вельмі асцярожнымі, а пра такія знаходкі адразу паведамляць дарослым. 
Дзмітрый Валяр’янавіч прадэ­манстраваў відэаролікі, адказаў на пытанні рабят, а таксама расказаў, дзе можна атрымаць прафесію эксперта-крыміналіста. 
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара. 

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)