Пра ліпічанскага Сусаніна, бой у дубах і таямніцы партызанскай зямлянкі...

...даведаліся ўдзельнікі вандроўкі, арганізаванай раённым саветам ветэранаў з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

– Мы запрасілі ў гэту паездку людзей, якія часта выступаюць перад моладдзю, праводзяць у школах Урокі мужнасці, выхоўваюць у падрастаючага пакалення пачуццё патрыятызму і любві да Радзімы, – дзеліцца старшыня раённага савета ветэранаў Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч. – Орля і Зачэпічы – гэта мясціны, дзе літаральна ўсё дыхае гісторыяй партызанскага руху. І колькі б разоў тут не бываў – усё робіш і робіш для сябе адкрыцці, даведваешся пра новыя факты і гераічныя эпізоды, з якіх, уласна кажучы, і складвалася мазаіка Вялікай Перамогі.

 Аўтобус з экскурсантамі затармазіў ля Орлеўскай школы, дзе ветэранаў працы і Узброеных Сіл сустракалі вучні, педагогі і старшыня мясцовай ветэранскай пярвічкі І.Э. Ліхарай. Прама ў школьным фае – каларытная фотазона: “Рэканструкцыя часу” пераносіць у ваенную эпоху. Падпалкоўнік у адстаўцы, воін-інтэрнацыяналіст А.В. Зайцаў не ўтрымліваецца: бярэ ў рукі легендарную “тальяначку” і расцягвае мяхі гармоніка. 
 – У дзяцінстве навучыўся, – усміхаецца Аляксей Васільевіч, але таварышы не даюць панастальгіраваць, клічуць у школьны музей. 
Намеснік дырэктара па навучальнай рабоце Г.А. Жлаба цікава расказвае, як школе было прысвоена імя С.П. Шупені – камандзіра Шчучынскага партызанскага злучэння, паказвае цікавыя экспанаты і фотаматэрыялы. На гэтых здымках многія з прысутных пазнаюць сваіх родных. 
 – Вось гэта мой цесць – Міхаіл Рыгоравіч Волкаў. Ён быў кулямётчыкам у партызанскім атрадзе імя Варашылава, што дзейнічаў у гэтых мясцінах, – не без гонару канстатуе Тадэвуш Іосіфавіч Фядзюк. 
А Наталля Іванаўна Белякова паказвае нам на музейных здымках-арыгіналах свайго бацьку Івана Ціханавіча Осіпава – камандзіра танкавага батальёна, які ад пачатку і да канца прайшоў суровымі дарогамі Вялікай Айчыннай. Тут жа на экспазіцыях і фотаздымкі яе свёкра – знакамітага партызанскага камісара Мікалая Мікітавіча Белякова. Дарэчы, сама Наталля Іванаўна таксама сабрала цікавыя фотакарткі з сямейнага архіва і перадала іх орлеўскім школьнікам – каб помнілі, папаўнялі музейныя экспазіцыі, працягвалі пошукавую работу.


Наступны прыпынак – вёска Зачэпічы, мемарыяльны комплекс “Зямлянка”. Тут у гады ваеннага ліхалецця размяшчаўся штаб Шчучынскага злучэння. Ветэраны ўсклалі кветкі да помніка, наведалі музей баявой славы і партызанскую зямлянку, з цікавасцю слухалі аповеды юных экскурсаводаў.
 Да глыбіні душы ўразіла рэальная ваенная гісторыя жыхара Руды Ліпічанскай Іосіфа Філідовіча, да якога ў дом уварваліся фашысты, пад пагрозай смерці патрабавалі паказаць партызанскі шпіталь, які, па іх звестках, мясціўся ў пушчы.
 – Іосіф Юр’евіч паставіў немцам сваю ўмову: “Адпусціце нявестку з унукам, правяду вас да партызан”. А сам адзін да аднаго паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна: доўга вадзіў карнікаў па лесе, завёў у непралазнае балота і загінуў разам з імі. Толькі ў 1943 годзе сяляне знайшлі астанкі, – расказвае настаўніца Раіса Міхайлаўна Трокель. 
 – А я ведаю месца ў дубах, дзе быў расстраляны цэлы нямецкі атрад, – падхоплівае тэму Іван Эдуардавіч Ліхарай. – Партызаны з кулямётамі занялі пазіцыі на магутных дрэвах, і пры прыбліжэнні фрыцаў палівалі іх свінцовым дажджом з вышыні. Пра гэту аперацыю ў нашых мясцінах перадаюць з вуснаў у вусны ўжо дзясяткі гадоў. 
 Прысутныя сталі ўзгадваць і свае сямейныя гісторыі, што адбываліся падчас Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай тэрыторыі, а Васілій Сяргеевіч Жукоўскі і Людміла Мікалаеўна Іваноўская падрыхтавалі цікавыя інфармацыйныя даведкі аб партызанскім руху на Астрыншчыне. Рэальныя эпізоды легендарнай “рэйкавай вайны” расказаў таварышам Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч. Іх ён чуў ад жывых сведкаў тых гераічных падзей. У гэтай зацікаўленай гутарцы на сунічнай паляне сярод меднастволых сосен, дзе калісь грымелі баі, дзеці вайны – нашчадкі Перамогі – узгадвалі прозвішчы слаўных землякоў: І.Р. Бубнова, М.М. Слатвінскага, М.Ф. Яропкіна і многіх іншых палымяных патрыётаў, якія прыбліжалі вызваленне роднай Беларусі ад фашысцкіх акупантаў.
Развагі аб гераічным мінулым, нашым абавязку захаваць суровую праўду аб вайне і дастойна перадаць эстафету новым пакаленням доўжыліся і ў Доме паляўнічага за кубачкам духмянай зёлкавай гарбаты. Тут і выявілася, што чалавекам самага паважанага ўзросту ў гэтай камандзе вандроўнікаў з’яўляецца … 90-гадовы Вікенцій Макаравіч Бабко, чыя працоўная біяграфія напрамую звязана з лясгасам. 
 – Я прыехаў у Шчучынскі лясгас у 1963 годзе. Амаль усе леснікі, якія ў той час працавалі, былі ўдзельнікамі вайны. Шмат гісторый расказвалі, уздымалі лясную гаспадарку, лячылі раны вайны на зямлі… Сёння мне прыемна быць з вамі, увачавідкі бачыць, як захоўваецца на нашай Шчучыншчыне гістарычная памяць, а гледзячы на створаную інфраструктуру Дома паляўнічага, пачуццё гонару напаўняе за Шчучынскі лясгас, які па праве з’яўляецца адным з вядучых прадпрыемстваў у лесагаспадарчай галіне, – заўважыў В.М. Бабко.
Ветэраны выказвалі словы падзякі і арганізатарам гэтай паездкі, і тым, хто іх так гасцінна сустракаў у прынёманскім краі.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!