“Няхай пакаленні ведаюць…”

Напярэдадні Дня Вялікай Перамогі ва ўсіх школах Шчучыншчыны прайшлі ўрокі мужнасці, удзел у якіх прымалі прадстаўнікі ваеннага камісарыята Шчучынскага раёна і ветэраны Узброеных Сіл. Падчас гэтых мерапрыемстваў ішла гутарка пра гераічны подзвіг нашага народа, які выстаяў і перамог, які і сёння, калі прайшло ўжо столькі год пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, помніць сваіх герояў.

Рабяты з усіх гарадскіх школ і гімназіі таксама сабраліся на урок мужнасці, які прайшоў у Шчучынскім цэнтры культуры і народнай творчасці. З асаблівай павагай сустракала  маладое пакаленне ветэранаў Узброеных Сіл, а таксама афіцэраў, якія і сёння служаць сваёй Айчыне. У зале панавала асобая атмасфера: і ўрачыстасці, і разам з тым светлага суму.

…Адну за адной перагортвалі рабяты старонкі Вялікай Айчыннай вайны разам з вядучай – культарганізатарам Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Наталляй Собаль. Увесь трагізм моманту пачатку вайну выдатна ўдалося перадаць удзельнікам тэатралізаванага дзейства, якое кранала за жывое… У зале стаяла такая цішыня, што можна было пачуць дыханне суседа…

Тысячы салдат не вярнуліся ў свае родныя дамы. Сярод іх і Мікалай Сірацінін, які стрымліваў наступленне ворага побач  з вёскай Сакольнічы, непадалёку ад Крычава.  Калі ён загінуў, фашысты ніяк не маглі паверыць, што ён адзін мог столькі часу трымаць абарону і знішчыць столькі іх салдат і тэхнікі.

Фільм пра подзвіг гэтага салдата не пакінуў нікога абыякавым. Як і расказ пра савецкага салдата Трыфана Лук'яновіча, які выратаваў нямецкую дзяўчынку і загінуў ад варожай кулі…

Да ўдзельнікаў урока мужнасці звярнуўся ваенны камісар Шчучынскага раёна Аляксандр Генадзьевіч Гайдук. Ён гаварыў аб тым, наколькі важна сёння помніць подзвіг нашых дзедаў і прадзедаў, і ніколі не забываць, якой цаной дасталася перамога нашаму народу.

-- Будзьце дастойнымі той Перамогі і даражыце ёю, -- заклікаў моладзь ваенны камісар.

Намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта нагадала школьнікам, што сёння ўсе мы можам жыць і працаваць пад мірным небам, рэалізоўваць свае планы дзякуючы людзям, якія цаною свайго жыцця здабылі для нас перамогу.  

-- У нас пакуль ёсць унікальная магчымасць жыць побач з ветэранамі, якіх, на жаль, з кожным годам застаецца ўсё менш, -- падкрэсліла Алена Васільеўна. – Мы шануем іх і аберагаем. Яны – адзіныя сведкі той страшэннай вайны, якія могуць расказаць пра жудасныя падзеі. Я таксама  выхоўвалася на ўспамінах свайго дзядулі. Таму з вялікай павагай адношуся да людзей, якія не шкадавалі нават самага дарагога – свайго жыцця – для незалежнасці нашай краіны.

Алена Васільеўна ўручыла жыхарам Шчучыншчыны медалі “100 год утварэння БССР”. Яе атрымалі загадчык рэанімацыйным аддзяленнем Шчучынскай ЦРБ Я.П. Астаповіч, былы кіраўнік РУП ЖКГ Д.Д. Адзінец, былы начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама М.М. Куц, былы загадчык аддзела адукацыі Л.А. Рыжанкова і іншыя.

Выдатным дапаўненнем урачыстай праграмы стала выступленне квартэта «Новы раманс».

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

  

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!