Напярэдадні Дня вызвалення Шчучыншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў работнікі райвыканкама выехалі ў традыцыйны велапрабег.

Сёлета ён праходзіў па тэрыторыі Орлеўскага сельсавета. Ля дома паляўнічага ў Зачэпічах да ўдзельнікаў патрыятычнай акцыі звярнуўся старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Васільевіч Ложэчнік:

-- Месца правядзення нашага велапрабега мы выбралі не выпадкова. Орлеўская зямля – гэта партызанскі край, на тэрыторыі якога ў гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнічаў атрад народных мсціўцаў “Арлянскі”. Барацьба з ворагам яшчэ больш узмацнілася пасля стварэння Шчучынскага  міжраённага партыйнага цэнтра, які ўзначаліў Сцяпан Пятровіч Шупеня. Кожны з нас, знаходзячыся на гэтым месцы, адчувае сувязь са слаўным пакаленнем нашых бацькоў і дзедаў, якія адстаялі незалежнасць нашай Радзімы і падарылі нам магчымасць жыць пад мірным небам. Іх подзвіг ніколі не будзе забыты!

І вось веласіпедысты асядлалі сваіх жалезных коней і накіраваліся ў падарожжа. Удзельнікі патрыятычнай акцыі спыніліся на могілках ля брацкай магілы, дзе пахаваны некалькі дзясяткаў партызан. У знак глыбокай памяці аб загінуўшых героях яны ўсклалі да помніка кветкі.

Далейшы маршрут велапрабегу пралягаў па экалагічнай трапе, падчас пераадольвання якой веласіпедысты атрымалі шмат яскравых эмоцый.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.