Надзея з 17 Верасня. Старонкі гісторыі праз прызму лёсу нашай 96-гадовай чытачкі Надзеі Уладзіміраўны Бялецкай

 

Адна з самых старэйшых жыхарак вуліцы 17 Верасня ў Шчучыне – 94-гадовая Надзея Уладзіміраўна Бялецкая – з’яўляецца адданай чытачкай нашай газеты.

-- Ні разочку з 50-х гадоў мінулага стагоддзя такога не было, каб я хоць на месяц прапусціла падпіску, -- гаворыць жанчына. – Без газет, часопісаў, кніг проста не ўяўляю сваё жыццё. А раёнку люблю і чытаю яшчэ з часоў “Чырвонага сцяга” і “Савецкай вёскі”.

 

Больш таго, кожны газетны нумарочак Надзея Уладзіміраўна паслядоўна складвае, беражліва захоўвае і з лёгкасцю знойдзе ў гэтым акуратным стосе патрэбны артыкул, каб паказаць яго сыну, унуку ці сяброўцы. Памяць у яе фенаменальная! Можа, што ўсё жыццё з лічбамі працавала. На заслужаны адпачынак у свой час пайшла з пасады старшага бухгалтара Шчучынскага райспажыўтаварыства.

 

 

Колькі эпох давялося перажыць гэтай жанчыне, колькі выпрабаванняў лёсу пераадолець! Надзея Уладзіміраўна выразна памятае, якія рэаліі былі тут да 1939 года пры панскай Польшчы.

 

-- Я родам з Аленкаўцаў, што за кіламетр ад станцыі Скрыбаўцы, -- распачынае свой дэталёвы аповед наша гераіня. -- Усяго два гектары зямлі мелі мае бацькі. А трэба ж было не толькі жыта на хлеб для вялікай сям’і вырасціць, але і лён, каб палатно з яго атрымаць, адзенне сшыць. Магу вам дакладна расказаць, як шлях кашулі з поля пачынаўся, бо сама і часала той лён, і кудзелю прала, і ткала. Не было ў нас такіх магазінаў і тавараў, як зараз, дый грошай не вадзілася ў сялян на пакупкі. Адзін гандляр-яўрэй зрэдку прывязе, бывала, у вёску на продаж бочку селядца, то купіць яго маглі толькі заможныя. А нам так хочацца! Возьмем збаночак і просім зачэрпаць “клёку” – так у нас называлі расол з-пад селядца, наварым бульбы і мачаем у яго. Вось такі быў “далікатэс”. У харчаванні вельмі сціплымі былі, іншы раз і галадалі. Цукар, белы хлеб лічылі за раскошу.
Надзейка заўжды імкнулася да ведаў. Тры класы польскай школы ў Скрыбаўцах закончыла, бо беларускіх навучальных устаноў увогуле не было.

 

-- Вучні зранку прыходзілі галоднымі, некаторыя на занятках нават гублялі прытомнасць. Тады нам, дзецям з бедных сямей, сталі выдаваць на сняданак акраец хлеба і кубачак ячменнай кавы, -- узгадвае жанчына.

 

–Абавязковыя для ўсіх урокі рэлігіі спачатку выкладалі і ксёндз, і бацюшка. Аднак у хуткім часе праваслаўнаму святару забаранілі прыходзіць да нас.

 

Памятае Надзея Уладзіміраўна, як шчыра радаваліся сяляне ў Аленкаўцах, калі ў 1939 годзе адбылося ўз’яднанне беларускіх зямель: спадзяваліся на лепшае жыццё. Ды толькі ўсё перакрэсліла вайна.

 

-- Жорсткасць немцаў адчулі адразу, -- кажа Н.У. Бялецкая. -- Расстрэльвалі людзей не разбіраючыся. Паспрабуй не аддай яйкі, масла, курэй – можаш жыццём расплаціцца! Майго тату прымусілі працаваць абходчыкам на чыгунцы: са станцыі Скрыбаўцы ажно да жалезнага мостa пад Лідаю штодзень пешшу трэба было праходзіць уздоўж чыгуначнага палатна і кантраляваць яго спраўнасць. А аднойчы ён сустрэў партызанаў, што закладвалі пад рэйкі міны. Вядома ж, сваіх не выдаў, а далажыў, што ўсё ў парадку. Але якраз у гэты момант адбыўся выбух, пад адхон паляцеў нямецкі эшалон. Фашысты проста азвярэлі: тату катавалі, з нямецкай скрупулёзнасцю замяралі час і хуткасць хады, вылічылі, што ён бачыў дыверсантаў, доўга здзекаваліся, да смерці забіўшы прыкладамі…  А мы ж у гэты час чакалі тату да святочнага стала на свянцонае, бо гэта якраз быў Вялікдзень. Вось такая сямейная трагедыя. Мама нас, чацвярых дзяцей, падымала на ногі адна…

 

Надзея пасля вайны паспяхова закончыла сем класаў Скрыбаўскай школы. Смяецца, што яшчэ досыць доўга і ў яе, і ў іншых вучняў блыталіся ў пісьмовых заданнях літары – польскія з рускімі ды беларускімі. Сёння ўсе гэтыя мовы Уладзіміраўна ведае цудоўна – і піша, і чытае, і размаўляе. Адукаваную дзяўчыну ўзялі на працу, каб выпісвала дакументы пры нарыхтоўцы зерня, потым даверылі работу касіра. З гумарком расказвае, як у  Жалудку, выдадзеныя ў банкаўскім аддзяленні грошы старанна ўвязвала ў хустку, бо не мела сумкі, і несла папросту ў руках, ідучы пехатою і праз поле, і праз лес. А там аднойчы яе напаткаў цэлы цыганскі табар. Ды толькі ніхто і пальцам не крануў нашу “Чырвоную Шапачку” з вузельчыкам.

 

А вось са сваім будучым мужам, ураджэнцам Курска, дзяўчына пазнаёмілася… па перапісцы. Ліставаліся яны з расійскім салдацікам, што хацеў сябраваць з сур’ёзнай беларусачкай, цэлы год, абменьваліся фотакартачкамі, дзяліліся навінамі і поглядамі на жыццё. Пасля дэмабілізацыі з арміі Фёдар маскоўскім цягніком прыехаў на станцыю Скрыбаўцы, дзе яго павінна была сустрэць Надзейка. Дзіўна, але сціплая дзяўчына так і не рашылася тады падысці першай да бравага вайскоўца. І ўсё ж гэта спатканне адбылося, бо, пэўна, было блаславёна нябёсамі. “А ты яшчэ прыгажэйшая, чым на фотаздымках!” – гэта першае, што сказаў тады закаханы юнак.

 

Армейскі радыст і “тэхнар” ад бога, Фёдар вельмі хутка стаў незаменным спецыялістам на вузле сувязі ў Жалудку, які, між іншым, з’яўляўся ў той час раённым цэнтрам. Праз паўгода маладыя пажаніліся, атрымалі жыллё ў мястэчку. Неўзабаве нарадзілася дачушка Святланка.

 

-- Нам нікуды не хацелася ехаць, але мужа па партыйнай лініі (а гэта было надзвычай строга!) накіравалі ў Шчучын на пасаду начальніка лінейна-тэхнічнага ўчастка сувязі, -- нібы зноў акунаецца ў маладосць наша суразмоўца. – Тады па вуліцы 17 Верасня толькі пабудавалі гэты дом, які зараз пад нумарам 38. Палову будынка заняла кантора лінейна-тэхнічнага ўчастка, а астатняя плошча была аддадзена нам пад кватэру. Так і жыву я тут з 1956 года.

 

Сям’я ў супружнай пары Бялецкіх атрымалася вельмі дружная. Надзея Уладзіміраўна з пяшчотай узгадвае свайго Фёдара як надзвычай добрага, клапатлівага і сумленнага чалавека. Ды толькі вельмі рана яна засталася ўдавой, адна выхоўвала дваіх дзетак. Зараз ужо радуецца ўнукам і праўнукам.

 

-- Вуліца 17 Верасня раней была вузенькай, яе абступалі вялікія ясені. Ліўнёўкай служылі два равы абапал дарогі, і калі мы выходзілі са свайго падворка, то карысталіся кладачкай, як праз рэчку, -- гаворыць Надзея Уладзіміраўна. – Цяпер не пазнаць нашу вуліцу, якая стала, лічы, галоўнай у горадзе. Асабліва ў гэтыя дні, напярэдадні новага дзяржаўнага свята – Дня народнага адзінства. Многае змянілася зараз, толькі адно, самае галоўнае, не мяняецца – добрасуседства, увага і павага людзей. Я вельмі за гэта ўдзячна маім дарагім суседзям.

 

З вялікай цікавасцю слухала я ўспаміны старэйшай жыхаркі вуліцы 17 Верасня і лавіла сябе на думцы, што Надзея Уладзіміраўна Бялецкая ўвабрала ў сябе ўсе лепшыя рысы беларусаў – дабрыню, разважлівасць, мудрасць, жаданне пастаянна папаўняць свае веды, а яшчэ – сціпласць і гасціннасць. Здароўя Вам на доўгія гады, дарагая наша чытачка.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва Людмілы СНАПКО.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!