“На другім беразе”. У галоўнай кінапрэм’еры года – вялікі поспех

 

“У галоўнай кінапрэм’еры года – вялікі поспех!” Так лічыць метадыст сектара па кінаабслугоўванні Шчучынскага РЦКіНТ Аліна Собаль:

 

– Гістарычную драму “На другім беразе” у нашым кінатэатры паглядзела ўжо больш за 700 чалавек. Я 25 гадоў працую ў сферы кінапракату, але такіх аншлагаў у адносінах да беларускага кіно, бадай, не ўзгадаю.

 

– І, ведаеце, гэта толькі пачатак, – лічыць Аліна Генрыхаўна. – Упэўнена, што нашу нацыянальную кінастудыю “Беларусьфільм” чакаюць росквіт і новыя перспектывы, бо кіраўніком там назначаны вельмі адказны і ініцыятыўны чалавек, дарэчы, наш зямляк і дэпутат Юрый Аляксей, які раней быў дырэктарам КУП “Гроднааблкінавідэапрадпрыемства”. Ён ведае патрэбы пракату знутры, разумее, што хоча глядач. Гэта дзякуючы Юрыю Мар’янавічу быў рэканструяваны наш кінатэатр “Беларусь”, з яго дапамогай тут адкрылася більярдная зала. Але вернемся да фільма “На другім беразе”. На прэм’еру прыходзяць людзі самых розных узростаў і прафесій. Паглядзелі старшакласнікі гарадскіх школ, прыязджалі вучні і педагогі з сельскай мясцовасці. Прыемна, што адраджаюцца традыцыі культпаходаў на шчучынскіх заводах, у такіх арганізацыях, як аўтапарк № 12, занальны інстытут раслінаводства, філіял аблспажыўтаварыства і многіх іншых. З устаноў і прадпрыемстваў пастаянна тэлефануюць да нас, заказваюць білеты. Па ўсім відаць, што ў рэжыме цэйтнот кінатэатр будзе працаваць да канца месяца. Прэм’ера займела па-сапраўднаму вялікі поспех.

 

Мы таксама з задавальненнем наведалі кінатэатр пасля працоўнага дня. У фае досыць мнагалюдна. У той дзень на прэм’еру калектыўна прыйшлі супрацоўнікі падатковай інспекцыі, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, ТЦСАН і іншых арганізацый. У зале нямала ветэранаў працы, людзей сярэдняга ўзросту, моладзі. Валадарыць прыўзняты настрой, гледачы ўтульна ўладкоўваюцца ў крэслы і, нарэшце, загараецца вялікі экран.

 

Прыемны сюрпрыз: перад пачаткам фільма з кароткай уступнай прамовай выступаюць вядомы беларускі публіцыст, гісторык і палітолаг Вадзім Гігін, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Даніловіч, рэжысёр фільма “На другім беразе” Андрэй Хрулёў, які даверліва падзяліўся з гледачом, як кінематаграфістам удалося адлюстраваць дух і атмасферу таго няпростага часу, што звязаны з падзеямі 1925 года ў Заходняй Беларусі, калі разгарнуўся падпольны і партызанскі рух у святым жаданні беларусаў адстаяць сваю культуру, мову, веру і царкву.

 

Востры сюжэт гістарычнай драмы з дынамічнымі сцэнамі, пагонямі, перастрэлкамі, любоўнай канвой захапіў з першых кадраў. 115 хвілін праляцелі як адно імгненне. Водгукі аб карціне ў публікі самыя ўхвальныя. З задавальненнем падзялілася сваімі ўражаннямі Марына Петрашэўская, памочнік урача-гігіеніста:

 

– Па-першае, мы з калегамі ў захапленні ад маладых акцёраў, занятых у фільме, якія так па-майстэрску ўжыліся ў ролі, данеслі характары сваіх герояў. Па-другое, цудоўны сцэнарый. Па гэтым фільме ў школах можна смела вывучаць гісторыю, і яна куды хутчэй адаб’ецца ў сэрцах, чым проста сухія лічбы ды факты. Тут – жывыя эмоцыі, чалавечыя жыцці, боль і пакуты, пошукі ісціны і сэнсу жыцця. “Без чаго чалавек не можа жыць? Без веры!” – гэтыя словы кранаюць неймаверна, чапляюць за жывое. Глыбокі фільм, філасофскі… Дзякуй “Беларусьфільму” за такую сур’ёзную работу, за тое, што выпусцілі кінастужку ў свет менавіта да Дня народнага адзінства. Фільм вучыць: у адзінстве наша сіла, а будучыня краіны залежыць ад нас, сённяшніх.

 

Многія з гледачоў выказвалі не толькі сваё захапленне, але і надзею на тое, што фільм “На другім беразе” абавязкова павінен мець працяг, бо ў галоўных герояў – простага беларускага юнака Паўла Смоліча (акцёр Данііл Чуп) і адважнай савецкай разведчыцы Лесі Рубцовай (яе ролю выконвае абаяльная Антаніна Дзівіна) толькі зарадзіліся пачуцці, а наперадзе – новы гістарычны пласт, мноства падзей і новых выпрабаванняў ў гісторыі нашага народа. Гледачу неймаверна цікава: як у далейшым складуцца лёсы герояў? А значыць, у сцэнарыста гістарычнай драмы “На другім беразе” Івана Крываручкі работы яшчэ – непачаты край. Галоўная кінапрэм’ера года, на думку шчучынскага гледача, патрабуе працягу…

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.   

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!