“Масквічу” – зялёная вуліца, або Магія легенд савецкага аўтапрама

Калі ў сям’і на свет з’яўляецца дзіця – гэта вялікае шчасце! І ўдзячныя мужы заўсёды імкнуцца крэатыўна забраць сваю любімую жонку з папаўненнем з раддома. Хтосьці малюе крэйдай карціны на асфальце, хтосьці арандуе тралейбус, а шчучынец Юрый Міхайлавіч Янкоўскі планаваў прыехаць за сваёй сям’ёй у Гродна на рэтра-аўтамабілі “Масквіч-407”, які адрэстаўраваў сваімі рукамі. Аднак у апошні момант прыйшлося адмовіцца ад незвычайнай ідэі з-за непагадзі.

 

– Я купіў гэтага рэдкага “звера” савецкага аўтапрама выпадкова, – прызнаецца Юрый Міхайлавіч. – Доўгі час шукаў “Запарожац” ЗАЗ-965 – мікралітражны аўтамабіль, які выпускаўся ў СССР з 1960 па 1963 год.

 

Аднойчы сябры патэлефанавалі мне і рассказалі, што ў Ражанцы прадаецца “Масквіч-407” – машына, якую ў народзе называлі паменшанай копіяй 21-ай “Волгі”. Дзякуючы невялікім габарытам і даступнай цане яна карысталася вялікай папулярнасцю, прычым не толькі ў Савецкім Саюзе: кожны трэці такі аўтамабіль паспяхова прадаваўся за мяжой. Я вырашыў паехаць і паглядзець на гэтага “жалезнага ветэрана”. Для свайго ўзросту ён нядрэнна захаваўся, але сваім ходам рухацца не мог. “Масквіч” адразу запаў мне ў душу, таму вырашыў яго набыць і адрэстаўраваць, ды не зышоўся ў цане з яго гаспадаром. Так і вярнуўся дадому ні з чым. Аднак думка аб тым, што такая прыгожая машына іржавее і пыліцца ў гаражы, не давала мне спакою, і праз год я вярнуўся за ёй і купіў.

 

 

Ю.М. Янкоўскі адбуксіраваў “Масквіч-407” у свой гараж і ўзяўся за яго рамонт. Рухавік машыны быў у нармальным стане, чаго нельга было сказаць аб падвесцы, якую прыйшлося аднаўляць. Дастаць запасныя дэталі аказалася амаль немагчыма – іх даўно не выпускаюць. І тут на дапамогу прыйшоў знаёмы токар з “залатымі рукамі”, які і вытачыў усё неабходнае. Яшчэ адзін умелец ажывіў лямпавае радыё, якое ўсталявана на аўтамабілі. І пасля завяршэння ўсіх зварачных і фарбавальных работ савецкі прыгажун выехаў на дарогу.

 

– Хоць “Масквічу” больш за 50 гадоў, ён упэўнена трымаецца ў дарожным патоку, – працягвае наш суразмоўца. – Нягледзячы на адсутнасць гідраўзмацняльніка руля, кіраваць машынай вельмі проста. Каробка перадач знаходзіцца на рулі, што вельмі зручна. Сядзенні мяккія, таму ездзіць камфортна. 
Як высветлілася, Юрый Міхайлавіч Янкоўскі вярнуў да жыцця не толькі “Масквіч-407”, але і ГАЗ-69 – савецкі пазадарожнік, які дзякуючы надзейнасці і выдатным тэхнічным характарыстыкам паспяхова экспартаваўся ў 56 краін свету.

 

 

– У гэты аўтамабіль я ўлюбіўся з дзяцінства, – успамінае наш герой. – Мой бацка працаваў у леспрамгасе і ездзіў на службовым ГАЗ-69. Як толькі ён прыязджаў на абед, мы са старэйшым братам Віктарам беглі да машыны. Ён мяне падсаджваў, бо я быў зусім малы і самастойна ўнутр кабіны залезці не мог. Але так хацелася пасядзець за рулём! З гадамі захапленне тэхнікай нікуды не знікла, а толькі мацнела. Спачатку разбіраў і збіраў веласіпеды. Потым перайшоў на маторную тэхніку. Будучы юнаком, да апошняга шрубка “перабраў” мапед “Рыга-16”, матацыклы “Іж”, “Планета-3” і кросавы “Мінск”. Аднак увесь час марыў купіць ГАЗ-69. 

 

Юрый Міхайлавіч “штурмаваў” форумы аўтаўладальнікаў, вёў пошукі праз знаёмых, сачыў за аб’яўленнямі аб продажы рэтра-аўто. І вось яму пашанцавала – у Смаргоні “ўсплыў” запаветны савецкі пазадарожнік. І наш герой адразу накіраваўся ў дарогу.

 

– Машына была на хаду, аднак некаторыя дэталі адсутнічалі: фары, тэнт і іншыя, – расказвае Юрый Міхайлавіч. – Калі прыгнаў яе дадому, то падварыў парогі і днішча, замяніў рычажныя амартызатары на тэлескапічныя. Прыкладна праз два гады актыўнай эксплуатацыі “застукаў” рухавік. Адрамантаваць яго не ўдалося з-за адсутнасці арыгінальных дэталей. Прыйшлося мяняць на “ніваўскі”. Затое крэйсерская хуткасць машыны вырасла з 60 да 80 кіламетраў у гадзіну. Ездзіць на ГАЗ-69 адно задавальненне: зімой нават у 15-градусны мароз у кабіне цёпла, а летам здымаю тэнт і катаюся на “кабрыялеце”. 

 

Захапленне Юрыя Міхайлавіча рэтрамабілямі цалкам раздзяляе яго жонка Кацярына Вячаславаўна. Яна з задавальненнем сядае за руль як “Масквіча”, так і “ГАЗіка”, як яго ласкава называе. Не адыходзяць ад машын і дзеці – сын Захар і дачка Арына. Хутчэй за ўсё іх нованароджаны брацік Макар, калі падрасце, таксама палюбіць “пакатушкі” на легендах савецкага аўтапрама.

 

 

– У нас ёсць і іншамарка, аднак яна большасць часу прастойвае ў гаражы, – кажа наш герой. – А рэтра-аўтамабілі выкарыстоўваем для сямейнага адпачынку: ездзім у лес па грыбы і адпачываць на Нёман. Часта людзі просяць дазволу сфатаграфавацца каля гэтых прыгажуноў. 

 

Юрый Міхайлавіч прызнаўся, што не адмовіўся ад даўняй мары і працягвае шукаць “Запарожац” ЗАЗ-965 для рэстаўрацыі. Таксама яму падабаюцца ГАЗ-21 “Волга” і ГАЗ-М-20 “Перамога”.

 

– Мне падабаецца вяртаць машыны да жыцця, – дзеліцца Юрый Міхайлавіч Янкоўскі. – “Перабіраеш” хадавую, запускаеш рухавік, і аўтамабіль, нібы птушка Фенікс, адраджаецца на вачах, вяртаецца з небыцця. Пачуцці, якія ў гэты момант перапаўняюць сэрца, немагчыма перадаць словамі. Ці гэта не сапраўдная магія?!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!