Крыніца крыштальна чыстай вадзіцы

 

Нішто не наталяе летам смагу лепш, чым некалькі глыткоў чыстай студзёнай вады. Менавіта такая цячэ ў некалькіх крынічках, нядаўна адкрытых ва ўгоддзях Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства.

 

– Вясной па нашай ініцыятыве шчучынскія меліяратары пачалі прыводзіць у парадак моцна забалочаны ўчастак зямлі ля вёскі Новая Ражанка агульнай плошчай звыш 100 гектараў, каб у далейшым мы маглі ўключыць яго ў севазварот, – расказвае дырэктар занальнага інстытута раслінаводства Сяргей Мікалаевіч Шэўчык. – Старажылы папярэдзілі нас, што ў гэтым раёне б’юць крыніцы, таму балота ніколі не падсыхае.

 

Высветліць сапраўдную прычыну затаплення зямель аказалася няпроста: участак моцна зарос кустоўем, якое надзейна схавала пад сваім зялёным галлём рачулку Зазульку. Калі меліяратары правялі раскарчоўку, то выявілі на розных участках поля некалькі крыніц.

 

Супрацоўнікі інстытута ўзялі пробы вады і завезлі яе на аналіз у санэпідэмстанцыю. Высветлілася, што крынічная вада крыштальна чыстая, амаль не ўтрымлівае нітратаў, сульфатаў і хларыдаў і цалкам прыгодна для піцця. Цяпер навукоўцам не трэба закупляць бутлі з вадой для сваёй вытворчай базы, і яны карыстаюцца крынічнай.

 

Не ўтрымаліся і мы і знялі пробу: вада аказалася сапраўды чыстай і настолькі студзёнай, што кубак адразу пакрыўся кропелькамі кандэнсату. Яно і зразумела: шчуп заходзіць у крыніцу глыбей чым на 2,5 (!) метра.

 

– Калі меліяратары закончаць тут усе работы, мы добраўпарадкуем гэтае месца: з боку вёскі зробім аўтастаянку, “перакінем” праз рачушку мосцік, пакладзём тратуарную дарожку, пабудуем альтанку, – дзеліцца Сяргей Мікалаевіч Шэўчык. – Кожны жадаючы зможа тут адпачыць у цяньку і наталіць смагу.

 

Як высветлілася, гэта далёка не ўсе планы, якія навукоўцы звязваюць з крынічкай. Яе воды па спецыяльных каналах будуць накіраваны ў сажалку. Глыбіня вадаёма ля берагоў складае 3 метры, каб рыба магла перазімаваць, а ў цэнтры – 1,5 метра для паспяховага нерасту. Паколькі паток вады з крыніцы большы, чым з рачулкі Зазулькі, то вада ў сажалцы будзе праточнай і настолькі чыстай, што тут можна разводзіць нават фарэль. 

 

– Пакуль мясцовыя рыбакі паспяхова ловяць тут шчупакоў і краснапёрку, – гаворыць Сяргей Мікалаевіч. – У будучым мы зарыбім вадаём белым амурам і таўсталобікам, якія “пачысцяць” яго ад водарасцей. Умацуем берагі каменнем, пасеем газон і абнясём сажалку агароджай. Адным словам, зробім усё па-гаспадарску і прыгожа! А для развядзення малька будзем выкарыстоўваць тры невялікія стаўкі, якія знаходзяцца побач.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.