Годна сустрэць Дзень Перамогі. На Шчучыншчыне ідзе падрыхтоўка да святкавання слаўнай даты

У гэтым годзе Беларусь адзначыць 77-ю гадавіну Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Адсвяткаваць слаўную дату рыхтуюцца і на Шчучыншчыне.

 

У канцэпцыю святкавання ўвайшлі дзясяткі мерапрыемстваў, якія пройдуць па ўсім раёне, уключаючы аграгарадкі і аддаленыя вёскі. 8-9 мая ў рэгіёне традыцыйна адбудуцца мітынгі, да мемарыялаў, помнікаў і ваенных пахаванняў ускладуць кветкі. У праграму святкавання ўвойдуць не толькі традыцыйныя акцыі, але і цэлы шэраг дзіцячых і моладзевых праектаў.

 

Старт святочным мерапрыемствам будзе дадзены 8 мая на плошчы Свабоды ў раённым цэнтры, дзе пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Тут пройдзе ўрачысты мітынг з уручэннем членскіх білетаў ГА “БРСМ” маладзёжным актывістам. Пасля святочнага канцэрта прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый і моладзі накіруюцца аўтапрабегам па месцах воінскай славы. Затым у мемарыяльным комплексе “Партызанская зямлянка” у вёсцы Зачэпічы пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю стварэння першага на Шчучыншчыне партызанскага атрада “Арлянскі”. У праграме – урачысты мітынг, гістарычная рэканструкцыя падзей Вялікай Айчыннай вайны, праца ваенна-палявой кухні.

 

Святкаванне Дня Перамогі ў Шчучыне пачнецца з шэсця святочнай калоны. Ля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан у гарадскім скверы пройдзе ўрачысты мітынг “Подзвігу жыць у стагоддзях”. Запланавана работа тэматычных фотазон і пляцовак, выстава ваенных фатаграфій і малюнкаў, святочны канцэрт выхаванцаў Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі. Вечарам жыхароў і гасцей горада чакае тэатралізаваны канцэрт самадзейных артыстаў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, святочная дыскатэка. У 22.55 адбудзецца рэспубліканская акцыя “Спяём “Дзень Перамогі” разам” і феерверк.

 

-- Дзень Перамогі напоўнены глыбокім сэнсам, і наша задача -- раскрыць яго так, каб кожны адчуў гонар за свой народ, адчуў, што жыве ў краіне пераможцаў, -- адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта. --  Важна разумець значэнне подзвігу ваеннага пакалення, хто абараніў свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, каму мы абавязаны сваім жыццём. І перадаць наступным пакаленням традыцыю захавання памяці загінуўшых, павагі да ветэранаў, якія жывуць цяпер.

 

Адзін з важных этапаў падрыхтоўкі да Дня Перамогі -- прывядзенне ў парадак помнікаў і пахаванняў. У раёне налічваецца 74 аб'екты ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў. 40 воінскіх пахаванняў пастаўлены на дзяржаўны ўлік.

 

-- Памяць пра Вялікую Айчынную вайну ў нашай краіне захоўваюць у кожным беларускім доме, у кожнай сям'і. Яна аб'ядноўвае пакаленні і натхняе на здзяйсненні. У асаблівым шэрагу стаяць патрыятычныя акцыі. Яны вельмі важныя, бо ідуць ад самога сэрца, служаць выхаванню ў моладзі адказнасці за будучыню Радзімы, -- падкрэсліла Алена Васільеўна. --  Сёння мы вызначылі прыярытэты, намецілі планы па падрыхтоўцы і святкаванні 9 Мая. І ніхто не павінен застацца ў баку.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!