Гэтых дзён не змоўкне слава. 80 год таму быў створаны Шчучынскі партызанскі міжрайпартцэнтр

 

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны пачалася народная барацьба супраць ненавісных нямецкіх захопнікаў. Народны рух разгарнуўся і на Шчучыншчыне. Першыя падпольныя і партызанскія групы на тэрыторыі нашага раёна з’явіліся ўжо ў канцы 1941 года. Спачатку яны былі нешматлікімі, па 5-7 чалавек, слаба ўзброенымі, не мелі вопыту. Іх дзеянні былі накіраваны на пашкоджанне сувязі і мастоў, распаўсюджанне лістовак сярод мясцовага насельніцтва. Але гэта акрыляла, надавала маральнай сілы і непахіснай веры ў Перамогу!

 

У склад груп уступала ўсё больш і больш мясцовых жыхароў. 5 мая 1942 года на тэрыторыі Шчучынскага раёна быў сфарміраваны першы партызанскі атрад “Арлянскі” (пазней “Барацьба”), камандзірам якога стаў Васіль Кавязін. З мая па снежань атрад дзейнічаў самастойна і правёў некалькі паспяховых баявых аперацый. Так, партызаны знішчылі лесапільны завод у вёсцы Зачэпічы, разграмілі паліцэйскі ўчастак у мястэчку Ражанка. У кастрычніку “Арлянскі” з атрадамі імя Варашылава і “Перамога” ўвайшлі ў склад Ленінскай партызанскай брыгады, якая на момант утварэння налічвала каля 800 байцоў.

 

Вясной 1942 года на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці, у склад якой тады ўваходзіў і Шчучынскі раён, дзейнічала ўжо 35 падпольных і партызанскіх груп і атрадаў, баявыя аперацыі якіх каардынаваў Акруговы антыфашысцкі камітэт Баранавіцкай вобласці пад кіраўніцтвам А. Патапава.

 

Вялікі прыток мясцовых жыхароў у шэрагі барацьбітоў садзейнічаў аб’яднанню атрадаў у брыгады. Першая партызанская брыгада на тэрыторыі Шчучынскага раёна – Ленінская -- была створана ў снежні 1942 года. Яе першым камандзірам стаў Фёдар Сінічкін. Брыгада дзейнічала ў Дзятлаўскім, Жалудоцкім, Зэльвенскім, Казлоўшчынскім, Васілішкаўскім, Шчучынскім і Мастоўскім раёнах.

 

Размах партызанскага руху патрабаваў агульнага рэгіянальнага кіраўніцтва. Менавіта 80 год назад, 18 красавіка 1943 года, быў створаны Шчучынскі міжрайпартцэнтр, які ўзначаліў член Баранавіцкага падпольнага абкама партыі Сцяпан Шупеня. Разам са сваімі намеснікамі Мікітам Бурцавым, Яўгенам Пятровым і Фёдарам Зямсковым Сцяпан Пятровіч кіраваў Шчучынскім міжрайпартцэнтрам да поўнага вызвалення Шчучыншчыны ад ворага ў ліпені 1944 года.

 

 

Вышэйпамянёны міжрайпартцэнтр стаў ядром фарміравання Шчучынскага партызанскага злучэння. На працягу 1943 года ў яго склад уліваюцца яшчэ тры партызанскія брыгады: верасень 1943 года – брыгада імя Ленінскага Камсамола (першы камандзір – Антон Станкевіч), лістапад 1943 года – брыгада імя Варашылава (першы камандзір – Пётр Макараў), снежань 1943 года – брыгада “Перамога” (першы камандзір – Барыс Булат). З 20 мая 1943 года Шчучынскі міжрайпартцэнтр пачаў выдаваць газету “Чырвоны сцяг”.

 

У ліпені 1944 года ў склад Шчучынскага злучэння ўваходзіла 3069 партызан. З Вялікай Зямлі ў Ліпічанскую пушчу спачатку на парашутах, потым на спецыяльна падрыхтаваны ў цэнтры пушчы партызанскі аэрадром, самалётамі дастаўлялі боепрыпасы і медыкаменты, вывозілі параненых.

 

На ўзбраенні атрадаў і брыгад Шчучынскага пртызанскага злучэння былі вінтоўкі, аўтаматы, ручныя і станкавыя кулямёты, дзве 122-міліметровыя гаўбіцы, тры супрацьтанкавыя гарматы, мінамёты, дзве бронемашыны і нават… танк Т-34! Гэта дазволіла правесці ў 1943 – 1944 гадах шэраг буйных баявых аперацый.

 

 

Адным з найбольш выніковых метадаў партызанскай барацьбы стала “рэйкавая вайна”. 24 чэрвеня 1943 года ЦК КП(б) прыняў пастанову “Аб разбурэнні чыгуначных камунікацый праціўніка шляхам рэйкавай вайны”. На працягу 1943 года толькі партызаны Ленінскай брыгады пусцілі пад адхон 91 варожы эшалон з жывой сілай, тэхнікай і грузамі.

 

За гады вайны немцы тройчы спрабавалі блакіраваць партызан у Ліпічанскай пушчы. Але гераізм савецкага народа адчуваўся паўсюдна: на полі бою са зброяй у руках, у тыле ворага, у партызанскіх атрадах і падполлі. Усюды было месца подзвігу.

 

Жыве і заўжды будзе жыць на прынёманскай зямлі ўдзячная памяць нашчадкаў пра мужнасць дзедаў і прадзедаў, пра іх вялікі подзвіг і заваяваную агромністай цаной Перамогу.

 

 

Мемарыяльны комплекс “Музей. Зямлянка” ў Зачэпічах – гэта даніна нашай памяці аб тых, хто ахвяраваў сваё жыццё дзеля будучых пакаленняў, дзеля нас з вамі. Праз 80 гадоў на знакавым месцы Шчучынскага партызанскага аб’яднання навучэнцы Орлеўскай сярэдняй школы пасадзілі “Бэзавую алею”, правялі ў музеі ўрок мужнасці “І памяць гаворыць з намі”. Экскурсаводы-гурткоўцы падрыхтавалі інсцэніроўку “Крок у бессмяротнасць” і ажывілі старонкі з гісторыі дзейнасці партызанскага аб’яднання. Час няўмольна імчыць наперад, але ён не мае ўлады над неўміручай памяццю пра подзвіг беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны.

 

Экскурсаводы Орлеўскай СШ імя С.П.Шупені.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!