«Для дэпутата важна мець цесную сувязь з людзьмі»

Работа ў акрузе, сустрэча з выбаршчыкамі – важны складнік дэпутацкай дзейнасці. Вось і ў рабочым графіку дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шчучынскай выбарчай акрузе №60 Паўла Рышардавіча Міхалюка нядаўна з’явілася наведванне аграгарадкоў Дэмбрава і Каменка. Было вырашана правесці тут прыём грамадзян і адначасова «прамую тэлефонную лінію».

 

У Каменцы да дэпутата парламента звярнулася мясцовая жыхарка, якая закранула тэму транспартных зносін. А дакладней – кошту праезду ў грамадскім транспарце па маршруце Гродна-Шчучын і ў зваротным накірунку. Па словах жанчыны, адлегласць ад Каменкі да абодвух гарадоў аднолькавая, а вось цана білета адрозніваецца. Гэтая ж жанчына выказала прапанову, каб у іх аграгарадок заязджалі маршруткі, якія курсіруюць з райцэнтра ў Гродна і назад.

 

 

Зварот будзе разгледжаны з удзелам аўтатранспартнай арганізацыі, і заяўніца абавязкова атрымае адказ.
 У Каменцы Павел Рышардавіч наведаў касцёл Святога Антонія, а таксама меў гутарку з сястрой Фаустынай – настаяцельніцай Дома міласэрнасці, дзе знайшлі цёплы прытулак і належны догляд састарэлыя і адзінокія людзі. Народны абраннік пацікавіўся, ці ёсць праблемы, выказаў гатоўнасць дапамагчы ў вырашэнні надзённых пытанняў.

 

 

 Надоўга затрымаўся дэпутат і ў мясцовай школе, дзе сустрэўся з кіраўніцтвам і вучнямі. Ён расказаў аб сваёй і калег рабоце ў парламенце, заканатворчым працэсе, пацікавіўся планамі школьнікаў на жыццё і адказаў на іх пытанні.

 

– Для дэпутата вельмі важна і патрэбна мець цесную сувязь з людзьмі, – падкрэсліў П.Р. Міхалюк. – Такія стасункі дазваляюць быць у гушчыні жыцця, ведаць, што хвалюе тваіх выбаршчыкаў, і выпрацаваць правільны алгарытм дзеянняў пры вырашэнні іх праблем.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота Таццяны ДАНІЛЕВІЧ

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!