Чалавек, якому да ўсяго ёсць справа

 

Люцыю Байгот, кіраўніка фермы “Патока” ААТ “Шчучынаграпрадукт”, ужо на працягу дзясяткаў год вяскоўцы выбіраюць сваім дэпутатам у сельскі Савет. Аказаны землякамі давер жанчына апраўдвае цалкам. Да таго ж Люцыя Феліксаўна – стараста вёскі Патока.

 

– Гэта вельмі творчы і ініцыятыўны чалавек, які нікому не дасць спакойна жыць, калі ў аднавяскоўцаў узнікне нейкая праблема, – гаворыць старшыня Ражанкаўскага сельвыканкама Віктар Бурдзей. – Узняла пытанне са зборам бытавых адходаў, і зараз гэта справа адрэгулявана, жыхары Патокі і наваколля задаволены, выказваюць словы падзякі. Па-дзелавому падыходзіць наша Феліксаўна і да зваротаў людзей, не пакіне без увагі ні адну просьбу або прапанову.

 

З адной з самых актыўных прадстаўніц мясцовага самакіравання на тэрыторыі Ражанкаўскага сельсавета Люцыяй Байгот мы сустрэліся на яе рабочым месцы – на ферме па адкорме буйной рагатай жывёлы “Патока”.

 

– Не магу ўявіць сябе без працы, хоць ужо і падышоў пенсійны ўзрост, – кажа жанчына. – Больш за 40 год працую ў мясцовай гаспадарцы – яшчэ з тых часоў, калі на гэтых землях быў калгас “Чырвоны сцяг”. Вядома, многае змянілася ў падыходах да агравытворчасці, але па-ранейшаму галоўнай каштоўнасцю і ключом да поспеху застаюцца нашы шчырыя ў працы людзі. Дзякуючы ім дабіваемся добрай прывагі жывёлы, падтрымліваем належны парадак на тэрыторыі фермы, стараемся разам з калектывам рабіць усё па-гаспадарску.

 

 Люцыю Феліксаўну засмучае, што апошнім часам сірацеюць вёсачкі, радзеюць шэрагі іх карэнных жыхароў і ўсё больш сядзібаў застаецца без гаспадароў.

 

– Вось і ў нашай калісь гаманлівай Патоцы застаўся ўсяго 61 жыхар, а дзяцей – толькі чацвёра. Пенсіянераў больш, чым працаздольных. А гэта значыць, што людзям сталага веку патрабуецца асаблівая ўвага. Дапамагаць аднавяскоўцам – вось у чым найперш бачу сваю задачу як старасты вёскі. Імкнуся падтрымаць кагосьці словам, кагосьці справай, заўжды быць на сувязі з сельвыканкамам, дзе абавязкова пачуюць “голас вёскі” , – лічыць Л.Ф. Байгот.

 

У апошнія гады навакольныя землі арандуе занальны інстытут раслінаводства. Яго дырэктар Сяргей Шэўчык разам з тутэйшымі палямі ўзяў на сябе і пэўныя сацыяльныя нагрузкі, абавязак па навядзенні парадку. Ужо знесена нямала старых безгаспадарных будынкаў, раскарчаваны хмызнякі пры дарозе, акультураны цэлыя масівы.

 

– Зусім іншы выгляд набыла пасля правядзення гэтых работ наша вёска. Дапамагае ў вырашэнні многіх пытанняў і дырэктар ААТ “Шчучынаграпрадукт” Вольга Патапчык, – з удзячнасцю зазначае дэпутат. – Ці ж не паказальна тое, што сёлета гаспадарка хоць і не вырошчвала на сваіх палетках бульбу, але закупіла яе і па традыцыі забяспечыла “другім хлебам” адзінокіх ветэранаў працы. Трэба сказаць, што нашы кіраўнікі ідуць насустрач дэпутацкім запытам, бо ведаюць – за гэтым стаяць патрэбы простых людзей.

 

За сваю грамадскую работу Л.Ф. Байгот узнагароджвалася ганаровымі граматамі, як, дарэчы, і за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у жывёлагадоўлі. Але, мабыць, найлепшая для яе ўзнагарода – гэта павага людзей.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!