Быць гаспадарамі на сваёй зямлі

 

У тую раніцу, калі мы прыехалі ў аграгарадок Ражанка, старшыня Ражанкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Віктар Бурдзей даў наказ членам агляднай камісіі, якія адпраўляліся “адпрацоўваць” чарговы маршрут – наведваць дамы і двары вяскоўцаў, каб упэўніцца, што выконваюцца ўсе правілы пажарнай бяспекі, гаспадары сядзібаў у парадку ўтрымліваюць свае тэрыторыі, пацікавіцца, у чым маюць патрэбу пажылыя і адзінокія людзі.

 

Звычайны рабочы расклад. Паляпшэнне жыцця і быту насельніцтва, прафілактыка п’янства, бяспека вяскоўцаў – гэтыя і іншыя актуальныя пытанні знаходзяцца ў цэнтры ўвагі сельвыканкама. А гутарку з журналістамі аб рэгіёне Віктар Валянцінавіч прапанаваў пачаць з аб’езду тэрыторый і знаёмства з сем’ямі, якія служаць прыкладам для іншых, бо працавітасці і грамадзянскай актыўнасці ім не займаць.

 

Так і зрабілі. І вось мы ўжо ў раёне вёскі Падзамча. Дзякуючы партнёрству з Гродзенскім племпрадпрыемствам тут знесены старыя безгаспадарныя пабудовы, у нізінах праведзены меліярацыйныя мерапрыемствы, акультураны і ўведзены ў севазварот ладныя ўчасткі зямлі. А самае галоўнае – ліквідавана вялікая стыхійная звалка, і зараз на яе месцы зелянее маладая рунь.

 

– Гэта была вельмі балючая праблема, але дзякуючы дырэктару племпрадпрыемства І.В. Кімашэўскаму яна вырашана. З насельніцтвам вядзецца растлумачальная работа, бо, як вядома, чыста не там дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць, – разважае Віктар Валянцінавіч.

 

– Якія яшчэ праблемы трывожаць Вас як старшыню?

 

– На тэрыторыі сельсавета існуе сур’ёзная дэмаграфічная праблема. Усяго шэсць немаўлят нарадзіліся з пачатку года. Радуе, што восем пар уступілі ў шлюб. З асаблівай трывогай кантралюем сямейны недабрабыт і імкнёмся намаганнямі грамадскасці паўплываць на становішча ў такіх сем’ях.

 

Хвалюе стан дарог, асабліва тых, што не маюць балансавай прыналежнасці. Часцяком дарогі ў глыбінцы разбівае велікагрузная тэхніка, якая выконвае спецыялізаваныя работы, а каму потым добраўпарадкоўваць іх? Вось і зараз “разрульваем” сітуацыю з пад’язнымі шляхамі да аддаленай сядзібы ў бок старога рэчышча ля вёскі Забор’е. Там доўгі час ніхто не жыў, а нядаўна дом купілі, і людзі ўздымаюць праблему. Разлічваю ў гэтым выпадку, як, дарэчы, і ў падобных іншых, на дамоўленасць з дырэктарам ААТ “Шчучынаграпрадукт” Вольгай Патапчык. Вядома, размова не ідзе аб асфальтаванні да малых вёсачак, але арганізаваць падсыпку ямін дырэктар абяцала. Увогуле, гаспадаркі і прадпрыемствы, што базіруюцца на тэрыторыі сельсавета, як правіла падстаўляюць плячо і так званы “сацыяльны парасон”. Вялікі дзякуй ім за гэта. Напрыклад, вельмі многае па навядзенні парадку на зямлі ў нашым рэгіёне робіць дырэктар занальнага інстытута раслінаводства Сяргей Шэўчык. Зносяцца нежылыя будынкі, акультурваюцца землі.

 

– Віктар Валянцінавіч, наколькі дзейсна працуюць мясцовыя дэпутаты?

 

– Сельсавет наш не з маленькіх – раскінуўся на тэрыторыі 225 квадратных кіламетраў. Тут знаходзіцца 35 вёсак. Без грамадскіх памочнікаў, у тым ліку і дэпутатаў, мы былі б не ў стане аператыўна вырашаць пытанні жыццядзейнасці насельніцтва. У складзе нашага дэпутацкага корпуса – людзі нераўнадушныя, з дзелавой стрункай. Прафесійны і жыццёвы вопыт кожнага надзвычай запатрабаваны. Асаблівым аўтарытэтам у жыхароў аграгарадка Ражанка і навакольных вёсак карыстаецца Яніна Шубадзёрава – і як дэпутат, і як чулы чалавек, і як высокапрафесіянальны доктар. Нікому яна не адмовіць, прыйдзе на дапамогу і днём, і сярод ночы. Хапае энергіі ў Яніны Аляксандраўны і на грамадскія справы. Эфектыўна працуюць і такія дэпутаты сельскага Савета, як Казімір Кажухоўскі з вёскі Лагады, Люцыя Байгот з Патокі і іншыя.

 

– Наколькі праяўляецца ў рэгіёне дзелавая ініцыятыва прадпрымальных людзей?

 

– На тэрыторыі сельсавета паспяхова працуюць тры аграсядзібы, нямала паспяховых індывідуальных прадпрымальнікаў, арандатараў зямлі і фермераў. Нашы людзі ўмеюць па-сапраўднаму працаваць, быць добрымі гаспадарамі на сваёй Бацькаўшчыне.

 

Гутарыла Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!