Беларускі гурт “Intelligency”, дзе іграе наш зямляк Міхаіл Станевіч, падпісаў кантракт з сусветна вядомай гуказапісваючай кампаніяй

Беларускі гурт “Intelligency”, дзе на бас-гітары іграе наш зямляк Міхаіл Станевіч, падпісаў кантракт з міжнародным гігантам Warner Music, які ўваходзіць у топ-3 гуказапісваючых кампаній свету. Беларускія музыканты будуць супрацоўнічаць з яго даччынай кампаніяй – Warner Music Russia.

 

– Увагу да нас прыцягнула наша песня “August” з апошняга на дадзены момант альбома “Renovatio”, які выйшаў у снежні мінулага года, – гаворыць Міхаіл Станевіч. – Гэты трэк трапіў у топ-30 сусветнага чарту “Shazam”. Да ўсяго замацаваўся на вышыні ў расійскім і ўкраінскім топах гэтага электроннага дадатку. А ўсё дзякуючы віруснаму роліку на “YouTube”, які ў выніку і прывёў да паспяховага падпісання кантракта. Хтосьці з карыстальнікаў загрузіў у сеціва забаўляльнае відэа з танцам сусветна вядомага англійскага акцёра тэатра і кіно Бенедыкта Камбэрбэтча на амерыканскім “Шоу Джымі Фэлана” – аналага расійскай праграмы “Вячэрні Ургант”. Фонам гучала наша песня. Ролік праглядзела велізарная колькасць людзей, якіх адразу “зачапіла” мелодыя.

 

 

З “YouTube” відэа трапіла ў “TikTok”, і яго сталі посціць у гэтай сацсетцы. Аднак назву песні ўказалі няправільна, таму слухачы думалі, што гучыць замежны выканаўца. Людзі пачалі масава шукаць трэк, дзякуючы чаму гурт “Intelligency” трапіў у топ прылады па пошуку музыкі “Shazam”. На фоне такой папулярнасці некаторыя лэйблы вельмі зацікавіліся творчасцю беларускага калектыву.

 

 

– Першымі з намі звязаліся супрацоўнікі “Sony”, – тлумачыць вакаліст гурта “Intelligency” Усевалад Доўбня. – У той дзень мы павінны былі падпісаць з імі дагавор, аднак прапанову перабіў музычны гігант “Warner Music”. “Universal” таксама ўключыўся ў гонку. Усе тры лэйблы імкнуліся супрацоўнічаць з намі, у выніку мы выбралі “Warner Music”. Эмоцыі ад гэтай падзеі перапаўняюць! На дадзены момант у нашай песні “August” звыш мільёна праслухванняў на “YouTube”, і ўсё гэта ўсяго за паўтара тыдня з моманту публікацыі відэа ў “TikTok”. Зараз лэйбл узяў альбом “Renovatio” на дыстрыбуцыю, што дазволіць значна пашырыць аўдыторыю слухачоў.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота з архіва гурта “Intelligency”.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!