Амаль чвэрць стагоддзя дапамагала старшакласнікам вызначыцца з будучай прафесіяй Алена Станіславаўна Баронік
Наш раён і сёння мае добрую славу “кузні кадраў”. А сапраўдны прафесіянал, як правіла, атрымліваецца з работніка, што прыйшоў у сваю сферу па прызванні. Амаль чвэрць стагоддзя дапамагала старшакласнікам вызначыцца з будучай прафесіяй, больш таго – у юным узросце займець спецыяльнасць, якая б давала старт у самастойнае жыццё, Алена Станіславаўна Баронік. Яркая старонка яе працоўнай біяграфіі звязана з Шчучынскім міжшкольным вучэбна-вытворчым камбінатам, які не проста працаваў на прафарыентацыю, а вучыў юнакоў і дзяўчат азам рабочых прафесій, запатрабаваных у нашым рэгіёне. У выніку аптымізацыі ў 2014 годзе ВВК закрылі. Сёння Алена Станіславаўна – метадыст Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі, але сярод іншых напрамкаў яе шматграннай дзейнасці застаецца метадычнае суправаджэнне прафарыентацыйнай работы ў школах раёна.
– Алена Станіславаўна, нездарма ж кажуць, што новае – гэта добра забытае старое…
– Шчыра кажучы, работа вучэбна-вытворчага камбіната была настолькі плённай, што не забываецца і праз гады. Дырэктарскую эстафету гэтай навучальнай установы я прыняла ад Анатолія Мікалаевіча Чашчэвіка. Больш таго, у нашым вельмі згуртаваным калектыве, які ўяўляў сабой сплаў сапраўдных прафесіяналаў, заўжды жылі традыцыі, закладзеныя Ганнай Сафронаўнай Казяк – таксама колішнім кіраўніком ВВК, якая ўнесла багата навацый у гэту работу. Самае галоўнае, што наш камбінат па-сапраўднаму любілі дзеці, на заняткі сюды ездзілі з вялікім энтузіязмам. Падчас вучобы ў ВВК нават не сотні, а тысячы маладых людзей акрэслілі свой шлях у будучую прафесію.
Поспеху садзейнічаў творчы падыход нашых спецыялістаў, імкненне ўнікнуць у інтарэсы маладога пакалення, зацікавіць і павесці за сабой. Дзяўчынкі спрабавалі сябе ў мастацкай вышыўцы і швейным майстэрстве. Гэтаму іх вучыла Наталля Іванаўна Шкляр – чалавек вельмі адданы любімай справе: у яе быў усяго адзін запіс у працоўнай кніжцы. А якія конкурсы мадэльераў, крэатыўныя выставы ладзіла яна са сваімі выхаванцамі!
Дзякуючы сапраўднаму прафесіяналу Таццяне Аляксандраўне Лысенка, што выкладала асновы псіхалогіі і педагогікі, многія навучэнцы не на жарт захапіліся гэтымі навукамі, паступалі на адпаведныя факультэты, а з цягам часу папоўнілі атрад настаўнікаў раёна.
Не проста намеснікам дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце, а яшчэ і “тэхнаром” ад Бога быў Валерый Уладзіслававіч Лагадскі, які з энтузіязмам вучыў хлапчукоў прафесіі трактарыста-машыніста, сам паказваў прыклад, сядаючы кожнае жніво за штурвал камбайна.
Дасканала ведаў і любіў тэхніку, на працягу двух дзесяцігоддзяў перадаваў сваё захапленне моладзі майстар вытворчага навучання Віктар Яўгенавіч Ліхарай. І такіх ухвальных слоў заслугоўваюць літаральна ўсе, з кім давялося тады працаваць. Увогуле мне вельмі шанцуе на добрых людзей.
– І гэткая апантанасць педагогаў, трэба сказаць, давала канкрэтны вынік…
– Так, не рэдкасцю былі выпускі, калі больш за 40% навучэнцаў звязвала свой далейшы лёс з той прафесіяй, якую атрымалі ў вучэбна-вытворчым камбінаце. Пасля паспяхова здадзеных экзаменаў маладым людзям выдавалася пасведчанне, што рэальна дазваляла ўладкавацца на працу. А рыхтавалі мы не толькі трактарыстаў, вадзіцеляў ды швачак, але і аператараў для вузла сувязі, памочнікаў выхавацеля для дзіцячых садкоў, малодшых медсясцёр, прадаўцоў, камплектоўшчыкаў правадоў, якіх чакалі на заводзе “Аўтапровад”. Па-рознаму можа скласціся лёс напачатку жыцця, але набытая спецыяльнасць для маладога чалавека іншы раз каштуе нават болей, чым стартавы капітал. Менавіта таму я заўжды лічыла, што займаюся вельмі важнай і патрэбнай справай.
– З мінулага навучальнага года ў школах зноў уведзена прафесійная падрыхтоўка…
– І гэта, на мой погляд, добрая падстава дзеля таго, каб нашы дзеці заставаліся на Бацькаўшчыне, працавалі на роднай зямлі. Сёння ў навучальных установах раёна дзейнічаюць сем аграрных класаў, дзе займаюцца больш за паўсотні вучняў. Усяго прафесійнай падрыхтоўкай ахоплены 203 навучэнцы. Тое, што маладых людзей са школьнай парты трэба рыхтаваць да працоўнага жыцця, разумее і кіраўніцтва раёна, і аддзел адукацыі. Багата творчых задумак і цікавых праектаў, звязаных з прафесійным арыентаваннем, у намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Жаны Іванаўны Мецько. Менавіта яна прапанавала мне з улікам вопыту работы ў ВВК курыраваць гэты напрамак у школах раёна. Працаваць са старшакласнікамі мне вельмі падабаецца: імпануе іх эрудыцыя, мэтанакіраванасць, імкненне на ўсё мець свой пункт гледжання. Моладзь адкрыта для ўсяго новага.
– У тым ліку і для прафесій новага пакалення?
– Так. Сонечныя электрастанцыі, біягазавыя ўстаноўкі для атрымання альтэрнатыўнай энергіі, фабрыка па вырошчванні шампіньёнаў, унікальнае прадпрыемства па вытворчасці сыроватачна-бялковага канцэнтрату з яго найноўшымі тэхналогіямі – гэтыя і іншыя аб’екты, якімі сёння ганарыцца Шчучыншчына, сталі месцам прафарыентацыйных экскурсій. Каштоўна, што іх праводзяць самі топ-менеджары. Так, з тэхналогіяй вырошчвання грыбоў, а заадно і з новымі прафесіямі, умовамі працы знаёміў нас Канстанцін Міхайлавіч Куц, былы выпускнік СШ №2 г. Шчучына і цяперашні тэхнолаг прадпрыемства.
Знаходзіць час для такіх карысных сустрэч і дырэктар ТАА “Праймілк” Анатоль Станіслававіч Бяляўскі – таксама былы выпускнік адной з гарадскіх школ, кіраўнік, які шчыра зацікаўлены, каб школьнікі Шчучыншчыны ведалі як мага больш аб новым заводзе і разглядалі яго як магчымае месца будучай работы.
Да прыкладу, калі “Праймілк” наведалі вучні Жалудоцкай СШ імя В. Урублеўскага, то ўвачавідкі пераканаліся ў запатрабаванасці і кар’ерным росце выпускнікоў сваёй школы, якія працуюць тут: намесніка дырэктара Наталлі Куц, галоўнага тэхнолага Паўла Юрэвіча, эколага Іны Рудзевіч, бухгалтара Вольгі Казлоўскай. Ці не на гэтым прыкладзе відавочная выніковасць работы жалудоцкіх педагогаў па арыентацыі на спецыяльнасці аграпрамысловага комплексу раёна?
– А якія прафесіі могуць асвоіць у школе сённяшнія старшакласнікі?
– Запатрабаваны спецыяльнасці слесара па рамонце аўтамабіляў, аператара электроннага набору і вёрсткі, аператара ЭВМ, швачкі, работніка зялёнага будаўніцтва… Паколькі мы ўвайшлі ў бязвізавую зону, то ўзнікла цікаўнасць да такой прафесіі, як агент па турызме. Увогуле прыярытэтны вектар – рабочыя спецыяльнасці, у якіх мае патрэбу наш раён і сёння, і ў перспектыве.
– Алена Станіславаўна, што б Вы хацелі пажадаць землякам напярэдадні слаўнай даты – 80-годдзя Шчучынскага раёна?
– Ад душы жадаю, каб квітнеў і развіваўся наш родны край, а яго жыхары ганарыліся сваёй Шчучыншчынай, заўсёды мелі цікавую работу, якая прыносіць радасць і дабрабыт, каб наша моладзь ад’язджала на вучобу з мэтай вярнуцца і сваёй працай, сваім талентам праславіць малую радзіму.
– Дзякую за змястоўную сустрэчу.
Гутарыла Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Людмілы НЕМНА.