90-гадовы юбілей Аляксандра Фомаўна Мікановіч з вёскі Пелеўцы сустракае ў выдатным настроі!

Сёння Аляксандра Фомаўна Мікановіч з вёскі Пелеўцы Астрынскага сельсавета адзначае 90-гадовы юбілей. І сустракае такую сур’ёзную круглую дату гэта прыемная мілая бабуля ў выдатным настроі! 
– А чаму ж мне не радавацца? – разважае Аляксандра Фомаўна. – Столькі гадкоў на свеце жыву. Выхавала траіх дзяцей, дачакалася шасці ўнукаў, адзінаццаці праўнукаў і двух прапраўнукаў. Вось якое маё багацце! 
І сапраўды, гэта самы бясцэнны скарб! 

Мы прыехалі да Аляксандры Фомаўны з самай раніцы. Яна ўжо чакала нас пры поўным парадзе – у сваім любімым касцюмчыку, які быў ёй вельмі да твару. Канечне, крышку хвалявалася: не кожны дзень прыходзіцца ўспамінаць сваё жыццё-быццё, не толькі радасныя, але і сумныя яго старонкі. Толькі ўжо з першых слоў я зразумела, што мне вельмі пашанцавала: мая суразмоўца аказалася надзвычай цікавым чалавекам.
– Ведаеце, вельмі мне шкада, што наша Даша Домрачава ўжо не будзе выступаць, – паведаміла Аляксандра Фомаўна. – Я ж так люблю глядзець спаборніцтвы па біятлоне. І Анастасія Кузьміна сёлета атрымала Малы крыштальны глобус. А яшчэ я ніколі не прапускаю перадачу “Што? Дзе? Калі?” і заўсёды хварэю за каманду, дзе гуляе наш зямляк Сяргей Дубялевіч. А ўжо пра “Навіны” і казаць няма чаго.
Сказаць, што бабуля мяне здзівіла, гэта не сказаць нічога! Хто яшчэ ў 90 год цікавіцца біятлонам і ведае пра ўсё, што адбываецца ў свеце? Вось у каго трэба павучыцца жыць!
– Я нарадзілася ў Пелеўцах, у гэтай самай хатцы, якой, дарэчы, ужо каля сотні год, – расказвае Аляксандра Фомаўна. – Сям’я наша была невялікая: тата, мама і мая сястра Клава, малодшая за мяне на 14 год, якая цяпер жыве ў Шчучыне. Калі я з’явілася на свет, тут яшчэ была тэрыторыя Польшчы. Закончыла тры класы польскай школы, а размяшчалася яна ў нашай хаце. Мы з бацькамі жылі ў кухні, а ў пакоі займаліся дзеці. Жыццё было вельмі цяжкае, беднае. Ні солі, ні запалак, ні газы… Каб асвятліць пакой, рабілі лучыну са шчэпкі, утыкалі яе ў адтуліну ў печы і мянялі, калі згарыць. Адразу мала што змянілася і пасля стварэння калгасаў. За адзін працадзень плацілі па 100 г зерня. За цэлы год можна было зарабіць усяго мяшок. Млына ў нас не было, таму зерне малолі ў жорнах і пяклі хлеб. Зямлю, праўда, сваю мелі і гаспадарку трымалі. Так і выжывалі.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, і ў вёску прыйшлі немцы, Аляксандры Фомаўне было ўсяго 12 год. 
– Страх панаваў у Пелеўцах, – успамінае яна. – Толькі і казалі, што кагосьці забілі ці нешта спалілі. Вартавыя немцы пастаянна хадзілі па вёсцы. А ў Астрыне, у будынку былой школы, размясцілася гестапа. У кабінеце фізкультуры фашысты, напэўна, мардавалі людзей, таму што потым, калі яны пакінулі пасёлак, сцены ў тым памяшканні былі ўсе ў крыві. На той будынак нам нават глядзець было страшна. 
Бацьку Аляксандры Фомаўны таксама прызвалі ў армію. 
– Ён ваяваў на 2-ім Беларускім фронце, якім камандаваў маршал Канстанцін Ракасоўскі, – успамінае бабуля. – Вярнуўся дамоў не адразу пасля 9 Мая, дачакаліся мы яго толькі ўвосень. 
Пасля вайны жыццё паступова пачало наладжвацца. Аднавіліся заняткі ў школе, вучняў стала каля сотні чалавек – сказалася, што чатыры ваенныя гады ўрокі не праводзіліся. 
– Парты ў нашай хаце ўжо стаялі ў тры рады, – расказвае Аляксандра Фомаўна. – Разам вучыліся трэці і першы класы, другі і чацвёрты. Мне вучоба давалася лёгка. Закончыла восем класаў. А вось экзамен здаць не паспела – памёр бацька, якому было толькі 46 год. Школу прыйшлося пакінуць, каб дапамагаць па гаспадарцы маме, гадаваць сястру.
Свайго мужа Міхаіла Іванавіча бабуля Шура, як яе называюць у вёсцы, сустрэла ў мясцовым клубе на танцах. Ён прыходзіў з суседняй Мінюцеўкі. Спадабалася хлопцу мясцовая дзяўчына. Так і пажаніліся.
– Міша пераехаў у наш дом, – працягвае свой аповед Аляксандра Фомаўна. – Пражылі мы разам амаль пяцьдзясят год, добра пражылі. Ён вельмі паважаў маю маму, яго матуля рана пайшла з жыцця, і ён рос з мачахай. Я працавала ў мясцовай гаспадарцы ў паляводстве. Усё рабілі ўручную: і буракі, і бульбу садзілі і капалі, і гной раскідалі, і сена вазілі. Так і працавалі, а зараблялі няшмат. Муж быў трактарыстам на гусенічным трактары. А яшчэ ён на барабане выдатна іграў: не на адным вяселлі пабываў разам са сваім сябрам-музыкантам. 
Я з цікавасцю слухала аповед Аляксандры Фомаўны. Яна мне вельмі напамінала маю бабулю, якая пражыла амаль да ста год, таксама многа і цяжка працавала і вызначалася такой жа жыццёвай сілай, мудрасцю і разважлівасцю. Напэўна, гэтыя якасці аб’ядноўваюць прадстаўнікоў таго пакалення, у якога многаму трэба павучыцца…
Сёння Аляксандра Фомаўна ніколькі не губляе бадзёрасці духу. 
– Ой, у мінулым годзе я сама бульбачку пасадзіла, памаленьку выкапала і ўсю перанесла ў камору, – гаворыць бабуля. – Пакапаю, а потым адпачну. Так і на агародзе. Пастанаўлю сабе прапалоць дзесяць радкоў цыбулі, і прапалю. А потым адпачываю. А што мне яшчэ рабіць? Сілы пакуль ёсць, нічога не турбуе. Праўда, урачы кажуць, што сэрца зусім слабае. Але пры гэтым у бальніцы я толькі раз за ўсё сваё жыццё ляжала.
Дзеці Аляксандры Фомаўны і ўнукі часта праведваюць бабулю. Яна заўсёды перажывае за ўсіх, стараецца падтрымаць, дапамагчы і словам, і справай. Дачка Алена жыве са сваёй сям’ёй у Шчучыне, Ганна – у Гродне. А сын – разам з матуляю. Давялося мне пазнаёміцца і з адной з унучак маёй суразмоўцы – Таццянай, якую бабуля, лічы, і выгадавала. Таня – мнагадзетная матуля, у якой пяць дачушак. Яна ўзнагароджана ордэнам Маці. Менавіта Таццяна і падказала нам, што яе бабуля адзначае сёння юбілей. А вось старэйшая дачка Таццяны Ганна і падарыла Аляксандры Фомаўне двух прапраўнучкаў – Ксенію і Аляксея, на якіх прапрабабуля нарадавацца не можа. 
Што яшчэ мяне вельмі ўразіла – бабуля Шура ведае дні нараджэння ўсіх сваіх родных і блізкіх, добра помніць усе імёны, беспамылкова называе, хто з дзяцей у якім класе вучыцца. Шчыра радуецца майму здзіўленню і прыводзіць яшчэ адзін цікавы факт.
– Усе мае дзеці нарадзіліся ў адным месяцы – у лютым, – гаворыць Аляксандра Фомаўна. – Так што дні нараджэння можна было адзначаць у адзін дзень.
У свабодны час, а яго зімою вельмі многа, бабуля з радасцю вяжа шкарпэткі вялікаму сямейству і … нават без акуляраў! І ад першай да апошняй старонкі чытае “Дзянніцу”, якую выпісвае, як яна кажа, усё сваё жыццё. Па дабраце душэўнай ніколі не адмовіць у дапамозе аднавяскоўцам: да апошняга дня даглядала некалькіх жанчын, чым магла дапамагала суседу. А як інакш? Сёння ў вёсцы, у якой некалі было каля 112 двароў, засталося толькі 28 жыхароў. 
Шчыра прызнацца, вельмі не хацелася развітвацца з такою добразычліваю бабуляю. Я нібы пабывала ў сваім шчаслівым бесклапотным дзяцінстве…
– Каб я была як вядомая вядучая Кацярына Андрэева, напэўна, лепш расказала б вам пра сваё жыццё, – жартуе мая суразмоўца. – А так, як атрымалася!
Выдатна атрымалася, Аляксандра Фомаўна! Вельмі хочацца, каб вы яшчэ многа-многа гадоў радавалі сваіх родных і блізкіх і заўсёды чакалі іх у акенцы. А сёння вялікая дружная сям’я сабярэцца разам, каб адзначыць 90-годдзе Аляксандры Фомаўны Мікановіч. Усе яе родныя і блізкія вельмі любяць і шчыра віншуюць бабулю з юбілеем, жадаюць ёй моцнага здароўя і доўгіх-доўгіх год жыцця!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!