11 жніўня ў гарадскім пасёлку Жалудок пройдзе традыцыйнае свята - Фестываль кветак

У гэты раз яно прысвечана Году малой радзімы і 75-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці.
У трынаццаты раз на адкрытай пляцоўцы па вуліцы 17 Верасня збяруцца аматары і знаўцы прыгажосці, прыроды і дызайну. Удзельнікі мерапрыемства змогуць палюбавацца незвычайнымі ландшафтнымі кампазіцыямі, набыць на фестывальнай выставе пасадачны матэрыял, каб аформіць свае прысядзібныя ўчасткі.
У фестывальнай праграме запланаваны выстава-продаж кветак, пакаёвых раслін, тавараў для садаводаў, правядзенне конкурсаў на лепшы букет, кветкавую кампазіцыю, касцюм, кветкава-фігурную кандытарскую выпечку, вулічную кветкавую падстаўку, кампазіцыю з саломы. Прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы Жалудоцкага сельсавета, прадстаўнікі іншых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак шчучынскага рэгіёна прадставяць свае кветкавыя прэзентацыі. На свяце будуць арганізаваны выставы-продажы вырабаў народных майстроў і ўмельцаў, лекавых траў, прадукцыі пчаляроў, гандаль сувенірамі.
Адным з асноўных элементаў свята стане ўшаноўванне пераможцаў на ўборцы ўраджаю збожжавых культур “Дажынкі-2019”. Яркія канцэртныя нумары гледачам падораць артысты Слонімскага цэнтра культуры і народнай творчасці і поп-фольк гурт “Лялькі Карпарэйшн”. Урачыстае адкрыццё фестывалю запланавана на 13.00.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота Юліі ЦІМАШЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!