За кулісамі клубнай работы. Даведаліся, як у Ляшчанцы “Жэняць комін”, праводзяць майстар-класы, а гледачу гарантуюць… шчаслівае месца

 

Клуб – сэрца аграгарадка. У Ляшчанцы з такім вызначэннем гатоў пагадзіцца кожны. Бо мерапрыемствы, якія праводзяцца ў мясцовым клубе, пранікнуты атмасферай па-хатняму цёплай і душэўнай. Мо таму, што працуе тут вельмі дружная супружная пара Мішкеляў. Вольга Віктараўна – загадчыца клуба, Віталій Іванавіч – культарганізатар: зладжаны дуэт і на рабоце, і ў жыцці.

 

Увогуле не надараецца таго дзянька, каб “на агеньчык” да Вольгі і Віталія не завіталі ў клуб самыя “актыўныя і пазітыўныя”. Побач школа, і пасля заняткаў дзятва спяшаецца ў любімы гурток “Вясёлыя ноткі”, у аматарскае аб’яднанне “Усмешка”, каб паставіць новы канцэртны нумар, развучыць цікавую гульню або сцэнку, паўдзельнічаць у “вострасюжэтным” квэсце.

 

У Ляшчанцы і ваколіцах прыжыліся калядаванне, валачобныя абрады, а па восені, напачатку ацяпляльнага сезона, каб ён прайшоў бяспечна ды спакойна, тут праводзяць… “Жаніцьбу коміна”.

 

– З кім? – здзіўляюся я.

 

– З печчу ды агнём вядома! – весела смяецца Вольга Віктараўна. – Гэта так цікава – вывучаць этнаграфію, фальклор, адраджаць паўзабытае. Мы і “Свята ляшчыны” на арэхавы Спас ладзілі, і знакамітую дэмбраўскую “Скарбоначку” да сябе запрашалі даць майстар-клас і навучыць даўнейшым танцам. Людзі казалі, што ногі самі ў скокі ішлі. У нас у клубе не засумуеш!

 

Гэта сапраўды так, бо працуюць тут энтузіясты – захопленыя, нераўнадушныя, з агеньчыкамі ў вачах.

 

– Мы ўдзячны сваёй прафесіі, што яна дае магчымасць творча рэалізавацца самому і дапамагчы расквітнець таленту іншых людзей, адкрывае ў чалавеку здольнасці, якіх іншы раз і сам ад сябе не чакаў...

 

 

Здаецца, яны ведаюць, пра што кажуць, бо ў юнацтве выбіралі зусім іншыя сферы дзейнасці і ні за што б не падумалі, што ў клубе знойдуць сваё прызванне.

 

– Ды ў Ляшчанскім клубе не тое што прафесію, мы знайшлі адзін аднаго! Тут пазнаёміліся, тут завязаліся адносіны, а потым і сям’ю стварылі, – зноў здзіўляюць Мішкелі.

 

Зараз у іх сям’і ўжо трое дзетак, і ўсе крэатыўныя, ахвотна займаюцца ў гуртках, свабодна выходзяць на сцэну, бо практычна гадаваліся за кулісамі. Шэсць год таму, калі Вольга яшчэ была ў дэкрэтным водпуску, тагачасны культасветработнік Лілія Жылук прапанавала маладой матулі паспрабаваць у новай ролі свае творчыя сілы і арганізатарскія здольнасці. Так Вольга Віктараўна памяняла бібліятэку на сельскі клуб.

 

Вядома, вагалася, перажывала, але падтрымка больш вопытнай калегі і добразычлівасць мясцовых людзей зрабілі сваю справу. Ды і муж ва ўсім дапамагаў: так у іх заведзена здавён. У рэшце рэшт Віталій і сам быў залічаны ў штат на чвэрць стаўкі. Да ўсяго галава сям’і працуе інструктарам-метадыстам па адаптыўнай фізічнай культуры ў Шчучынскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Работа ў культуры – ягоная аддушына, настрой на пазітыў.

 

 

– Менавіта муж з’яўляецца генератарам самых нечаканых ідэй, – сцвярджае Вольга. – Каб зацікавіць людзей, сабраць залу, важна чымсьці здзівіць публіку, прыдумаць захапляючы сцэнарый, прапанаваць штосьці нестандартнае. Такім паспяховым і гучным праектам у Ляшчанцы стала свята “Вясковы асілак”, з якім, як мне здаецца, мы выйшлі на новы ўзровень у рабоце.

 

– Мы бачылі, з якой настальгіяй ад’язджалі са свята госці з Мінска, Гродна, казалі, што ўсё ў нас так па-свойску, так шчыра, – падхоплівае дыялог Віталій Іванавіч. – А мясцовы люд, выйграўшы ў спартыўных ды працоўных баталіях вельмі патрэбныя ў побыце сельскія прылады, ганарыцца гэтымі прызамі. Вось чаму дапамога мецэнатаў асабліва каштоўная.

 

Ляшчанскія культасветработнікі перакананы, што ім вельмі пашанцавала на такіх сацыяльных партнёраў, як дырэктар птушкафабрыкі Андрэй Красоўскі і дырэктар ААТ “Дэмбрава” Аляксандр Туля. Мяркуйце самі, акрамя прызоў, спонсары дапамагаюць умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу. Бесправодныя мікрафоны, мікшарны пульт, новыя крэслы ў глядзельную залу – гэта таксама падарункі клубу ад мясцовых прадпрыемстваў.

 

– Дапамагаюць у вырашэнні ўзнікаючых пытанняў старшыня Лядскага сельвыканкама Павел Літавар, дырэктар Ляшчанскай СШ, дэпутат Франц Арабчык, – зазначае Вольга Мішкель. – А яшчэ ў нас ёсць вельмі крэатыўны спонсар – прадпрымальнік Наталля Гайдамака, дзякуючы якой у зале заўжды ёсць “шчаслівае месца”. Падчас канцэрта аб’яўляецца нумар крэсла, на якім сядзіць глядач, што выйграў бонус на бясплатную модную стрыжку ў цырульні Наталлі Іванаўны.

 

Шмат сяброў у Ляшчанскага клуба. У “залаты фонд” тутэйшых самадзейных артыстаў уваходзяць такія самародкі, як мясцовая паэтка Ядвіга Ткачук, вакалісты Лізавета Лесаклінская, Вераніка Зарэмба, Аляксандра Сяргей. Нязменны поспех на сцэне ў дуэтаў, што ствараюць бацькі і дзеці, – у Вольгі і Сафіі Козел, Андрэя і Аляксандры Малашонак. Не намі сказана: самы вялікі скарб нашай зямлі – гэта людзі. Для іх, сваіх землякоў, ад душы працуюць ляшчанскія культасветработнікі – згуртоўваюць, дораць добры настрой, развіваюць таленты, перадаюць багатую народную спадчыну юнаму пакаленню.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!