Выяснили, какими вкусными новогодними подарками будут удивлять маленьких белорусов

Прысмакi пад ёлку

На парозе снежань, таму некаторыя прадпрыемствы ўжо на ўсю моц рыхтуюцца да Новага года. Грамадскiя месцы адпаведна ўпрыгожваюць, у паветры, хаця снегу няма, лунае незвычайная атмасфера цудаў, а на палiцах крам з’яўляюцца падарункавыя наборы прысмакаў, любiмыя дзецьмi i дарослымi. Карэспандэнт «Р» пабываў на найбуйнейшай кандытарскай фабрыцы краiны i даведаўся, якiя сюрпрызы ад «Камунаркi» можна будзе знайсцi ў навагоднюю ноч пад ёлкай.

 

Падарункi прадстаўлены ў рознай цэнавай катэгорыi i рознага складу, якi б задаволiў ўсе пакупнiцкiя патрэбы.

На любы густ i кашалёк

Для таго, каб быць канкурэнтназдольным, трэба пастаянна здзiўляць пакупнiкоў. Таму кожны год прадпрыемства абнаўляе дызайн i склад навагоднiх падарункаў. Кампанiя па падрыхтоўцы салодкiх прэзентаў да свята пачынаецца ў лютым. У апошнi зiмовы месяц на фабрыцы праводзяць манiторынг попыту на розныя вiды ўпакоўкi i яе дызайн, i на падставе гэтых дадзеных складаюць план на наступны сезон. Тады ж вырашаюць, якiя найменнi кандытарскiх вырабаў пакласцi ў кожны падарунак. Творчая праца па стварэннi i кампаноўцы набораў займае некалькi месяцаў. Такiм чынам, да канца красавiка навагодняя кампанiя цалкам сфармiраваная.

— У красавiку мы ўжо разумеем, якую колькасць пэўных падарункаў трэба заказваць i якi прадукт у iх будзем закладваць. Як правiла, распрацоўваецца склад стандартных навагоднiх падарункаў. Мы адкрытыя да пажаданняў нашых пакупнiкоў i пры адпаведнай замове фармiруем камплекты з iндывiдуальным складам, — распавядае начальнiк аддзела маркетынгу i рэкламы СААТ «Камунарка» Таццяна Пармон. — Адметна, што многiя iндывiдуальныя заказчыкi адмаўляюцца ўкладваць у падарункавыя наборы цукеркi з алкагольнай начынкай, матывуючы гэта тым, што прэзенты разлiчаны для дзяцей. Аднак мы выпускаем i наборы для дарослых.

Да Новага года на прадпрыемстве распрацавана больш за 50 найменняў святочных набораў. Iх вага — ад 300 грам да трох кiлаграм. Падарункi прадстаўлены ў рознай цэнавай катэгорыi i рознага складу, якi б задаволiў ўсе пакупнiцкiя патрэбы. Шырокая i палiтра пакавання: гэта кардонныя i драўляныя скрынкi, тубы, бляшаныя банкi, тэкстыльныя мяшкi i мяккая цацка — сiмвал будучага года.
 

Пры вытворчасцi цукерак на фабрыцы не выкарыстоўваецца пальмавы алей.

— Да навагоднiх свят прадпрыемства выпусцiць 1 100 000 штук падарункавых набораў, — адзначае намеснiк генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях прадпрыемства Святлана Гонтарава. — З iх каля 50 000 будуць рэалiзаваны на знешнiм рынку.

У гандлёвыя сеткi навагодняя прадукцыя пачала паступаць у сярэдзiне лiстапада, актыўны ж продаж прагназуецца ў снежнi. Паводле слоў Святланы Гонтаравай, Новы год — гэта важнае свята для кожнага беларуса, а наборы прысмакаў — традыцыйная форма падарункаў, таму попыт на iх будзе заўсёды.

— Практычна ўсе падарункi, якiя мы вырабляем, рэалiзуюцца, — заяўляе Таццяна Пармон. — Нягледзячы на тое, што навагоднiя святы праходзяць, продаж святочных прысмакаў актыўна iдзе як мiнiмум да сярэдзiны студзеня. Рэшткi бываюць вельмi рэдка, пасля Новага года ладзiм распродажы ў фiрмовых крамах.
 

Да навагоднiх свят прадпрыемства выпусцiць 1 100 000 штук падарункавых набораў.

Для сябе i суседзяў

Кандытарская фабрыка не спыняецца на распрацаваных у савецкiя гады тэхналогiях i актыўна развiваецца ў новых напрамках. Кожны год ад прадпрыемства выходзiць не менш за 20 навiнак — гэта i вагавыя цукеркi, i шакалад, i салодкiя наборы. Дарэчы, навагоднiя падарункi ў гэтую лiчбу не ўключаны.

 

У 2013 годзе на прадпрыемстве пачалася глабальная мадэрнiзацыя, i ўжо да 2016 года былi ўстаноўлены i ўведзены ў эксплуатацыю тры вялiкiя сучасныя лiнii. Пасля гэтага адбывалася дааснашчэнне вытворчасцi, мадэрнiзаваны некаторыя ўчасткi, у тым лiку па вырабе шакаладнай масы. Гэта дазволiла павялiчыць аб’ёмы вытворчасцi больш чым у паўтара раза.

Пры вытворчасцi цукерак на фабрыцы не выкарыстоўваецца пальмавы алей, замест яго прымяняюцца кандытарскiя тлушчы, якiя цяпер запатрабаваны на рынках ЕС. У той час, калi некаторыя кандытарскiя кампанii выкарыстоўваюць шмат пальмавага алею i заменнiкаў какавы-алею, якiя не нясуць нiчога карыснага для арганiзма, на «Камунарцы» выкарыстоўваюць тлушчы без трансiзамераў, бяспечныя для здароўя.

Асноўнымi канкурэнтамi фабрыкi з’яўляюцца транснацыянальныя кампанii. Тым не менш, прадпрыемству ўдаецца заставацца ў лiдарах. Напрыклад, доля па шакаладзе на ўнутраным рынку значна вышэй транснацыяналiстаў: 40 працэнтаў шакаладу, якi з’еў сярэднестатыстычны беларус за апошнiя дзевяць месяцаў, выраблена на нашым прадпрыемстве.

Мiж iншым, фабрыка пастаўляе кандытарскiя вырабы ў 26 краiн свету. Асноўным пакупнiком на экспартным рынку з’яўляецца Расiйская Федэрацыя, на яе долю прыпадае каля 88 працэнтаў прадукцыi. Актыўна развiваюцца пастаўкi на Украiну i Кiтай. У гэтым годзе былi адкрыты такiя рынкi збыту, як Iрак i Вялiкабрытанiя. У наступным годзе плануецца адгрузка тавару ў Карэю. Па прагнозах, за 2020 год аб’ём экспарту складзе 32,5 мiльёна долараў. На тэрыторыю экспартных рынкаў збыту пастаўляецца прыкладна 40—45 працэнтаў вырабленай прадукцыi.

grudnitskiy@sb.by

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!