У яго руках ажываюць кнігі

Адкрываючы ўсё новыя творчыя гарызонты, шчучынскі мастак Міхаіл Міхайлавіч Чарнадзедаў усур’ёз заняўся ілюстраваннем кніг. Дзякуючы свайму ўнікальнаму таленту, багатай фантазіі і выкарыстанню розных тэхнік малявання ён хутка знайшоў сваю творчую нішу на прасторах інтэрнэту. Сёння пісьменнікі з розных куточкаў былога Савецкага Саюза, жадаючы скарыстацца яго паслугамі, выстрайваюцца ў паўгадавыя чэргі, каб цікава і якасна праілюстраваць свае кнігі.

– Калі я толькі пачынаў кар’еру ілюстратара, даводзілася самому рэкламаваць свае паслугі, брацца за самыя розныя, нават дробныя заказы, – прызнаецца М.М. Чарнадзедаў. – Маляваў рэкламныя плакаты, дапамагаў афармляць музейныя выставы. Аднак душа прагнула іншай, больш глыбокай і творчай работы. 
Паступова шчучынскі мастак папаўняў сваё анлайн-партфоліа, прычым выкладваў туды не толькі прыклады якасна выкананых заказаў, але і карціны, якія напісаў для душы. Яго работы хутка заваявалі папулярнасць сярод інтэрнэт-карыстальнікаў. 


– Неяк да мяне звярнуўся расійскі пісьменнік-фантаст Д.Ю. Браслаўскі і прапанаваў праілюстраваць перавыданне яго кнігі-гульні “Падзямелле Чорнага замка”, – успамінае Міхаіл Міхайлавіч. – Я быў прыемна здзіўлены, бо вырас на творах гэтага аўтара. Мы хутка знайшлі агульную мову і працягваем супрацоўнічаць і па сённяшні дзень. Ужо ажывіў сваімі малюнкамі пяць яго кніг. Зараз Дзмітрый Юр’евіч рыхтуе да выдання шостую кнігу, якую арганічна дапоўняць і ўпрыгожаць мае ілюстрацыі.
Работамі М.М. Чарнадзедава таксама зацікавіліся іншыя пісьменнікі розных жанраў, і да ілюстратара сталі паступаць прапановы аб супрацоўніцтве з Расіі, Украіны, Чувашыі.
– Мой стыль і тэхніка выканання зацікавілі пісьменніка Эдуарда Шыфмана з Екацярынбурга, і ён прапанаваў праілюстраваць яго кнігу ў жанры фэнтэзі, – гаворыць Міхаіл Міхайлавіч. – Цяпер мы часта наладжваем з ім “тэлемасты” па скайпе, падчас якіх абмяркоўваем усе нюансы. Часта я малюю эскізы анлайн, каб мае ілюстрацыі максімальна супадалі з бачаннем аўтара. Вельмі цікава ствараць унікальных казачных герояў, якіх пісьменнік выдумаў сам. Да прыкладу, “віславуха” – чалавекападобную істоту, якую я намаляваў з вушамі лісы і мордачкай сурыката. 


Паслугамі шчучынскага мастака-ілюстратара з задавальненнем карыстаецца тэлевядучы, журналіст і вандроўнік Канстанцін Стогній з Кіева. Ён піша па сваіх дарожных нататках прыгодніцкія раманы. У Маскве рыхтуецца да выдання кніга-фэнтэзі Міхаіла Плугатырова “Дарога ў казку”, якую па-майстэрску ўпрыгожыў М.М. Чарнадзедаў. 
– У тыдзень да мяне паступаюць 2-3 дзелавыя прапановы, таму без працы не сяджу, – зазначае Міхаіл Міхайлавіч. – Але я перастаў браць дробныя заказы і сам выбіраю, з кім супрацоўнічаць. Рэалізую толькі тыя праекты, якія мне сапраўды цікавыя. Бліжэйшыя паўгода у меня цалкам “распісаны”, таму кліенты выстрайваюцца ў чэргі. Заўсёды камфортней працаваць напрамую з аўтарам, а не яго прадстаўнікамі. Падчас такіх гутарак можна ўдакладніць усе дэталі і нюансы, каб у выніку абодва бакі засталіся задаволенымі.


М.М. Чарнадзедаў прызнаўся, што, нягледзячы на моцную занятасць, ён выношвае некалькі асабістых творчых праектаў.
– Некалькі разоў я казаў сабе: “Стоп, хопіць, зараз буду маляваць толькі для сябе!”, але потым мяняў гэта рашэнне, – кажа Міхаіл Міхайлавіч. – І справа тут зусім не ў грошах, бо для мяне яны зусім не галоўнае. Я нярэдка бяруся за заказы, даход ад якіх невялікі. Але само супрацоўніцтва з таленавітымі пісьменнікамі ўзбагачае мяне духоўна, развівае фантазію і дае магчымасць расці як мастаку. А гэта найлепшы стымул тварыць!
Акрамя ілюстравання кніг, М.М. Чарнадзедаў паспяхова кіруе студыяй “Батлейка”, якая дзейнічае ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі. На сваіх занятках ён вучыць рабят маляваць, ляпіць з гліны, рабіць розныя маскі з папье-машэ, выразаць фігуркі з дрэва. Праўду кажуць, таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!