У першы дзень вясны… Сёння ў Шчучыне ўрачыста адкрылася персанальная выстава мясцовага майстра-фларыста Аліны Максімовіч

 

Гэта вельмі сімвалічна: у Шчучыне першы дзень вясны азнаменаваўся адкрыццём персанальнай выставы майстра-фларыста Аліны Максімовіч “Прыродзе і роднаму краю гімн фларыстычны ствараю”. Багата людзей самых розных узростаў сабралася, каб паглядзець на цудоўныя букеты з засушаных траў і кветак, на карціны з прыроднага матэрыялу, вышыванкі, аздобленыя зярняткамі і пялёсткамі з жывой прыроды.

 

Усё гэта – справа залатых рук, фантазіі і натхнення нашай надзвычай таленавітай зямлячкі Аліны Баляслааўны Максімовіч. Амаль кожную са шматлікіх фларыстычных кампазіцый аўтар суправодзіла ўласнымі вершамі, што нагадваюць маналог рамантычнай і ўзнёслай душы.

 

 

– Аліна Баляславаўна і яе творчасць – узор нашай культуры, – лічыць загадчыца сектара культуры райвыканкама Анжэла Турэвіч, якая сваёй прамовай адкрывала выставу. – Мы стараемся быць годнымі закладзеных ёю традыцый і жадаем творчай асобе новых ідэй і добрага здароўя.

 

 

Варта сказаць, што ў свой час амаль на працягу дзесяцігоддзя А.Б. Максімовіч узначальвала аддзел культуры Шчучынскага райвыканкама, вельмі многае зрабіла для захавання духоўнай спадчыны і росквіту народнай творчасці. А пасля выхаду на заслужаны адпачынак нібы другое дыханне адкрылася, бо Аліна Баляславаўна праявіла сябе як адмысловы майстар-фларыст, перадавала моладзі свае веды і навыкі на занятках аматарскага аб’яднання “Суквецце” ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі, цесна супрацоўнічала і супрацоўнічае з аддзелам рамёстваў РЦКіНТ, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

 

 

Віноўніца ўрачыстасці выказвала словы ўдзячнасці ўсім, хто ўдзельнічаў у арганізацыі яе персанальнай выставы, ахвотна чытала свае цудоўныя вершы, у якіх прызнавалася ў любові роднай старонцы, любімай вёсачцы Шлавенцы і гораду Шчучыну, што стаў за трыццаць гадоў самым лепшым месцам на зямлі. Па словах нашай гераіні, у кожнай кветачцы і травінцы чэрпае яна натхненне, а яшчэ – у сваёй сям’і. З мужам – карэнным астрынчанінам Святаславам Аляксандравічам Максімовічам – яны разам крочаць па жыцці 52 гады. Гэта ён, яе родны чалавек, дапамагае майстрыцы збіраць зёлкі ў сезон, правільна сушыць іх дзеля будучых букетаў, рыхтаваць іншы фларыстычны матэрыял з дзікаросаў, зярнят, жалудоў, шыпшыны ды лісця дрэў… За ўсёй убачанай на выставе неверагоднай прыгажосцю стаіць вялікая праца нават не аднаго чалавека. Дарэчы, у апошнія гады супружная пара Максімовічаў занялася яшчэ і зборам лекавых раслін. І імі прапаноўвала падзяліцца Аліна Баляславаўна з гасцямі выставы. Сваё захапленне роднай прыродай жанчына перадае ўнучкам.

 

 

Ад душы павіншаваў зямлячку з адметнай творчай падзеяй старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Васілій Жукоўскі, а загадчыца аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва РЦКіНТ Вольга Каранкевіч уручыла Аліне Баляславаўне падарунак.

 

 

Яшчэ доўга не расходзіліся людзі: уважліва разглядвалі кожную дэталь на букетах, задавалі пытанні, цікавіліся магчымасцю паўдзельнічаць у майстар-класе, прапаноўвалі Аліне Баляславаўне правесці яшчэ і творчы вечар паэзіі… Выстава “Прыродзе і роднаму краю гімн фларыстычны ствараю” будзе дзейнічаць у цэнтры культуры на працягу сакавіка. Абавязкова наведайце: гэта варта бачыць!

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!