Творчае завяршэнне сезона. У Шчучыне прайшоў раённы злёт студэнцкіх атрадаў “Энергія атрада”

 

Музыка, мастацтва і акцёрскае майстэрства сабрала хлопцаў і дзяўчат на раённым злёце студэнцкіх атрадаў “Энергія атрада”. Мерапрыемства прайшло ў сценах Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і падарыла ўдзельнікам масу новых знаёмстваў і пазітыўных эмоцый.

 

Сёлета акрамя дзесяці студатрадаў са Шчучыншчыны, удзел у мерапрыемстве ўзялі і госці са Скідзеля – зводны студэнцкі экалагічны атрад “Тарнада” імя камсамольца-падпольшчыка Сеўрука. Таксама ў якасці экспертаў і валанцёраў на злёце выступілі байцы студэнцкага медыцынскага атрада “Сінапс” імя Героя Савецкага Саюза Людмілы Кравец.

 

Праграма злёту складалася з некалькіх этапаў. У пачатку каманды-ўдзельнікі правялі конкурс плакатаў. У сваіх творчых працах кожны студатрад імкнуўся перадаць эмоцыі і ўражанні ад летняга працоўнага сезона. Другім этапам злёту стала музычная віктарына, якая патрабавала ад канкурсантаў не толькі ведання песень, але таксама выпрабоўвала іх на логіку і кемлівасць.

 

 

Кульмінацыяй усяго злёту стаў конкурс камандных візітовак, які прайшоў на галоўнай сцэне. У сваіх выступах хлопцы і дзяўчаты расказвалі пра гісторыю свайго атрада і яго дзейнасць падчас летніх канікул. Рабілі гэта творча: разыгрывалі сцэнкі, спявалі песні, паказвалі танцавальныя флэшмобы і чыталі вершы.

 

 

За кожным этапам злёту пільна сачылі члены журы, якія вызначылі лепшыя каманды ў розных намінацыях. Так, пераможцам конкурсу плакатаў стаў студэнцкі сельскагаспадарчы атрад “Юнацтва” імя двойчы Героя Савецкага Саюза Ракасоўскага ДУА “Ляшчанская сярэдняя школа”. Лепшы вынік у музычнай віктарыне паказалі скідзельскія хлопцы і дзяўчаты са зводнага студэнцкага экалагічнага атрада “Тарнада” імя камсамольца-падпольшчыка Сеўрука. Падчас конкурсу візітовак больш за ўсіх членаў журы ўразіў студэнцкі сельскагаспадарчы атрад “Арляняты” імя партызана Шупені ДУА “Орлеўская сярэдняя школа імя Шупені”.

 

 

Цёплая атмасфера панавала ў канцэртнай зале. Напрыканцы злёту студатрады выканалі ў карагодзе некалькі сумесных кампазіцый і паабяцалі вярнуцца на сцэну ў наступным годзе.

 

 

Сваімі прыемнымі ўражаннямі ад мерапрыемства з намі падзялілася госця са Скідзеля, член атрада “Тарнада” Дар’я Ваўчкевіч:

 

– Сённяшняе мерапрыемства мне моцна спадабалася, было шмат пазітыўных эмоцый, дух сяброўства. Вельмі рада, што ў нас атрымалася прыехаць і паказаць свае творчыя здольнасці, пазнаёміцца з цудоўнымі традыцыямі студатрадаў Шчучынскага раёна. Таму мы ўсім нашым атрадам дзякуем Шчучынскаму райкаму БРСМ за запрашэнне!

 

 

Раённы злёт студэнцкіх атрадаў “Энергія атрада” прайшоў у Шчучыне ўжо ў другі раз. Такім чынам, мерапрыемства стала добрай традыцыяй, якая аб’ядноўвае моладзь і дазваляе ёй раскрываць свой творчы патэнцыял.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!