Традыцыйным лёгкаатлетычным прабегам “Шчучынская дзясятка” жыхары і госці нашага раёна адзначылі Дзень Перамогі

 

Па добрай традыцыі 9 мая ў Шчучыне праходзіць раённы лёгкаатлетычны прабег “Шчучынская дзясятка”. Сёлета спартыўнае свята як заўсёды сабрала не толькі шчучынскіх атлетаў, але і прадстаўнікоў розных куткоў Беларусі. Усяго ў спаборніцтвах узялі ўдзел больш за 100 спартсменаў.

 

Лёгкаатлетычны прабег “Шчучынская дзясятка” ладзіцца ўжо ў шосты раз. Сімвалічна, што спаборніцтвы праводзяцца ў Дзень Перамогі, так памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца не толькі ў моцным духу, але і ў здаровым целе ўдзячных нашчадкаў. Сёлета “Шчучынская дзясятка” была прысвечана 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

 

Першымі на старт выйшлі юныя бегуны, яны паспрабавалі свае сілы на дыстанцыі 2 км. Для многіх гэта былі першыя лёгкаатлетычныя спаборніцтвы.

 

Самых заўзятых атлетаў чакала “Шчучынская дзясятка”. Дзесяцікіламетровая траса прайшла па вуліцах горада, вакол возера і аэрадрома. Таму госці Шчучыншчыны акрамя спартыўнага інтарэсу мелі таксама магчымасць пазнаёміцца з архітэктурай, гістарычнымі помнікамі і прыгожымі пейзажамі нашага слаўнага райцэнтра. Арганізатары прабегу пастараліся сумясціць спартыўнае мерапрыемства з цікавай экскурсіяй.

 

 

Па традыцыі цікаўнасць да дзесяцікіламетровага забегу па Шчучыне праявілі атлеты з розных гарадоў нашай краіны. Надзвычай шмат было  спартсменаў з Гродна, таксама былі госці з Ліды, Маладзечна, Мінска, Ашмянаў і Слоніма.

 

 

Прызёрамі прабегу на дзесяць кіламетраў сталі пераможцы розных узроставых катэгорый. Асобнай узнагароды былі вартыя чэмпіёны. Сярод жанчын першай прыбегла Вольга Дубоўская.

 

 

Першым сярод мужчын і абсалютным чэмпіёнам сёлетняй “Шчучынскай дзясяткі” стаў Арцём Барабаншчыкаў з горада Крупкі Мінскай Вобласці. Ён падзяліўся з намі сваімі эмоцыямі:

 

– Такому выніку шчыра рады, бо ў Шчучыне бягу ўжо трэці раз. З кожным годам паляпшаю сваю выніковую пазіцыю, спачатку быў на трэцім месцы, потым на другім, а зараз змог узяць золата спаборніцтваў. У адрозненні ад мінулых маіх забегаў маршрут крыху змяніўся. Другі круг на маю думку стаў больш складаны, бо трэба было бегчы супраць ветру, асабліва на аэрадроме. Сваім вынікам цалкам задаволены, лічу перамогу ў Шчучыне выдатным стартам бегавога сезона.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!