Святлана Гейдзель, загадчыца Каменскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, стала ўдзельнікам "Школы актыўнага грамадзяніна"

 

Вучні 8-10 класаў Каменскай сярэдняй школы імя П.А. Кузьміна ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”  сустрэліся са Святланай Гейдзель, загадчыкам Каменскай  амбулаторыі ўрача агульнай практыкі.

 

Падчас мерапрыемства класны кіраўнік 8 класа Анастасія Хвайніцкая зазначыла, што важнае значэнне ў нашай дзяржаве надаецца ўмацаванню здароўя нацыі. Вучні, адказваючы на пытанні настаўніка,  расказвалі, якімі дасягненнямі ў галіне медыцыны могуць ганарыцца беларусы, якія ўстановы адукацыі рыхтуюць дадзеных спецыялістаў, якія ўмовы створаны для захавання і ўмацавання здароўя дзяцей, моладзі і дарослых.

 

А вось  больш падрабязна пра прафесію медыцынскага работніка расказала Святлана Канстанцінаўна: “ Мая прафесія – маё прызванне. І пра гэта я магу сказаць дакладна, бо ў медыцыне працую даволі даўно. Стаць урачом марыла з дзяцінства: вельмі ж хацела лячыць людзей. Выдатна вучылася ў Воранаўскай школе, затым працягнула вучобу ў Бераставіцкай школе, а ўжо пасля паступіла ў Гродзенскі медыцынскі інстытут. Вось тады мая мара і здзейснілася. Кожны дзень іду на працу з задавальненнем, з жаданнем.  Сваёй прафесіяй захапіла і ўласных дзяцей. Сын і дачка таксама працуюць у медыцыне, чым я вельмі ганаруся. Лічу, што прафесія ўрача адна з самых важных і самых адказных”.

 

 

Вучняў таксама цікавіла: што самае складанае ў прафесіі ўрача, з якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца, чаму ў Рэспубліцы Беларусь надаецца вялікая ўвага здароваму ладу жыцця і пытанням аховы здароўя, якія спецыяльнасці ў галіне медыцыны зараз  запатрабаваныя.

 

Святлана Канстанцінаўна дала грунтоўныя адказы на пытанні вучняў, падкрэсліла, што сучасная медыцына развіваецца хуткімі тэмпамі, а дасягненні беларускіх урачоў вядомыя не толькі ў нашай краіне.

 

Да размовы далучыўся дырэктар школы Віктар Розмысл, які зазначыў, што сярод нашых выпускнікоў шмат медыкаў. Так, у Шчучынскай ЦРБ працуюць Іосіф Лышчык, урач-дзерматавенеролаг, Андрэй Здановіч, загадчык хірургічнага аддзялення, Аляксандр Будрэвіч, урач-хірург, Алена Кургун, загадчык жаночай кансультацыяй, Вольга Вярцінская, урач агульнай практыкі (зараз выхоўвае маленькае дзіця), якія ў свой час закончылі каменскую школу. Акрамя таго, шмат нашых выпускнікоў сталі медыцынскімі сёстрамі, фельдшарамі. А шлях да прафесіі быў закладзены ў школе. Любоў да хіміі і біялогіі многім выпускнікам прывівае настаўніца Жанна Карук.

 

 

Напрыканцы мерапрыемства Святлана Канстанцінаўна  дала парады тым, хто збіраецца абраць медыцынскую прафесію, і дала наказ: “Вучыцеся, дзеці, ідзіце за марай, тады ў вас усё атрымаецца. І памятайце, што імкненне дапамагаць іншым – важная якасць для медыцынскага работніка”.

 

Жанна ВАРОНІК, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!