Свята з водным каларытам. Даведаліся, як шчучынцы паказалі сябе на “Свяце мора” на Аўгустоўскім канале

 

Вясёлымі эмоцыямі, усплёскам фантазіі і гарачымі спартыўнымі баталіямі парадавала “Свята мора”. Традыцыйнае мерапрыемства прайшло на Аўгустоўскім канале каля шлюза Дамброўка і сабрала сотні гасцей з усёй Гродзенскай вобласці, у тым ліку і жыхароў нашага раёна.

 

Кульмінацыяй свята стаў “Заплыў на чым папала”. 30 каманд-удзельніц прэзентавалі свае плавальныя сродкі, на якіх размясціліся творчыя кампазіцыі. Шчучынскі раён сёлета быў прадстаўлены “караблём” у форме шайбы, на якой размясцілася імправізаваная хакейная пляцоўка з гульцом у форме юнацкай каманды “Арляняты”. Падрабязней пра канцэпцыю плавальнага сродка нам расказаў дырэктар раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Віктар Струкель:

 

– Ідэя звязаць канцэпцыю нашага плавальнага сродка з хакеям прыйшла па некалькіх прычынах. У аснове “карабля” былі чатыры счэпленыя камеры з паветрам, якія нагадвалі шайбу. Улічваючы той факт, што ў нашым раёне ёсць каманда “Арляняты”, гульцы якой пастаянна праслаўляюць Шчучыншчыну, было вырашана прысвяціць кампазіцыю хакейнай дружыне з Орлі. На маю думку атрымалася добра. Выпрабаванні “шайбы” праводзілі на шчучынскім возеры. Давезці плавальны сродак да Аўгустоўскага канала нам дапамагло Шчучынскае ДТСААФ, якое выдзеліла на гэтыя патрэбы транспарт, за што ім шчыры дзякуй.

 

 

Таксама ў праграму “Свята мора” увайшлі спаборніцтвы па балотным футболе. Наш раён у гэтай дысцыпліне прадставілі жаночая і мужчынская каманды. Вялікіх поспехаў дасягнулі шчучынскія дзяўчаты, якія дайшлі да фіналу, у якім перамаглі мастоўскую каманду і такім чынам занялі першае месца на турніры. Віншуем з выдатным вынікам!

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота з архіва раённага фізкультурна-спартыўнага клуба.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!