"Свае галасы аддаём за нашу будучыню!"

 

Для 18 навучэнцаў Шчучынскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя гэтыя дні надзвычай хвалюючыя: упершыню ў жыцці яны прымаюць удзел у вызначэнні лёсу сваёй краіны. 

 

– З унесенымі змяненнямі і дапаўненнямі ў Асноўны Закон нашай краіны мы знаёміліся разам з педагогамі і майстрамі працоўнага навучання падчас заняткаў, – расказвае трэцякурснік, навучэнец 248-ай групы ліцэя, шчучынец Мірон Калеснік. – І вось надышоў час зрабіць свой выбар. Я хачу жыць у мірнай, свабоднай, квітнеючай Беларусі, дзе валадарыць закон, дзе ў прыярытэце – клопат пра кожнага чалавека. Таму для мяне галасаванне – вельмі важная падзея ў жыцці. І, канечне, хвалюючая.

 

Раздзяляе меркаванне сябра і гродзенец Ігар Зорка, які вучыцца ў ліцэі і жыве ў інтэрнаце. У яго сумненняў не ўзнікае – свой голас ён аддае за любімую краіну.

 

Адкладваць галасаванне на асноўны дзень, калі будзе праводзіцца рэферэндум, ліцэісты не сталі і прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні. Свой выбар яны зрабілі на Кіраўскім участку для галасавання №28, размешчаным у ліцэі.

 

– Свае галасы мы аддаём за нашу будучыню! – былі аднадушныя маладыя грамадзяне нашай краіны. – Менавіта нам жыць па новым Асноўным Законе, нам працаваць на карысць Беларусі і для яе развіцця.

 

 

Павіншавалі рабят з важнай падзеяй у жыцці і ўручылі сувеніры на памяць старшыня ўчастковай камісіі па рэферэндуме Вольга Багдановіч і першы сакратар раённага камітэта "БРСМ" Віталія Селівончык.

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!