“Псалтыр” – духоўная скарбонка. Даведаліся, якая з кніг у Шчучынскай раённай бібліятэцы самая старадаўняя

 

У інфармацыйна-выставачнай зале Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі з асаблівай беражлівасцю, у вітрыне за шклом, захоўваюцца рэдкія і старажытныя кнігі. Для “Дзянніцы”, а значыць, і яе чытачоў было зроблена выключэнне з правілаў: з хваляваннем мы трымалі ў руках самае “ўзроставае” з усіх выданняў тутэйшага кніжнага фонду. І гэта быў “Псалтыр”, выдадзены ў Маскве Сінадальнай друкарняй у 1896 годзе – акурат 125 год таму назад!

 

– А што вядома з гісторыі гэтай кнігі? – цікавімся мы ў намесніка дырэктара райбібліятэкі Юліі Міхайлавай.

 

– Рарытэт трапіў да нас з прыватнай кніжнай калекцыі актыўнай чытачкі Куляшоўскай сельскай бібліятэкі Ніны Антонаўны Маркевіч. На жаль, у маленькіх населеных пунктах бібліятэкі аджываюць сваё, да вяскоўцаў прыязджае бібліёбус. Аднак нашы спецыялісты аддзела камплектавання пры закрыцці ўстаноў уважліва адсочваюць іх кніжны фонд і, безумоўна, не пакідаюць без увагі каштоўныя экзэмпляры, – тлумачыць Юлія Аляксандраўна. – Відавочна, што ўзгаданы “Псалтыр” быў калісь сямейнай рэліквіяй, а зараз гэта, я б сказала, гістарычны здабытак кнігалюбаў усяго раёна. Вялікі дзякуй жыхарцы Куляшоў за такі падарунак.

 

 

“Псалтыр” – гэта зборнік са 150 псалмоў, што адносяцца да асаблівага жанру малітваслоўнай паэзіі. Псалмы раней чыталі пад акампанемент музычных інструментаў, найчасцей – шчыпковых. Адсюль і назва “псалом”: ад грэчаскага слова “шчыпаць”. Але самае важнае, што “Псалтыр” – гэта духоўная скарбонка добрых настаўленняў, і кожны чалавек тут абавязкова знойдзе штосьці важнае і карыснае для сваёй душы, каб стаць лепшым, несці па жыцці святло і веру. Вось, аказваецца, якая знакавая кніга захоўваецца ў выставачнай вітрыне раённай бібліятэкі!

 

– Усяго на два гады “маладзейшы” за гэты духоўны скарб свецкі зборнік ХІХ стагоддзя з аповесцямі рускіх і замежных аўтараў “Живописное обозрение”, – працягвае свой цікавы аповед Юлія Аляксандраўна. – Хоць па сваёй сутнасці гэты альманах і адносіцца да перыёдыкі (выйшаў пад №3 у сакавіку 1898 года), аднак выглядае, як самадастатковая кніга – у цвёрдай вокладцы, пры якасным паліграфічным выкананні…

 

Сёння ў раённай бібліятэцы налічваецца больш за 1700 чытачоў, якія актыўна карыстаюцца багатым кніжным фондам, што ўключае ў сябе больш за 71 тысячу экзэмпляраў. Нягледзячы на развіццё інтэрнэту, бібліятэка застаецца цэнтрам духоўнага і культурнага асяродка. Пра тое сведчыць і нядаўняя прэстыжная ўзнагарода калектыву дзяржаўнай установы культуры “Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі”.

 

– Радуе, што мы сталі лаўрэатамі Прэміі Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў намінацыі “Бібліятэчная справа”, – не без гонару за любімую справу канстатуе дырэктар Аляксандра Янкоўская. – У рэспубліканскім конкурсе ўдзельнічалі не толькі раённыя, але найбольш абласныя бібліятэкі. Прыемна, што на такім высокім узроўні адзначана прафесійнае майстэрства менавіта шчучынскіх спецыялістаў, іх уменне працаваць і з кнігай, і з чытачом.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!