Першы камбайнер-тысячнік – у ААТ “Васілішкі”
Камбайнер ААТ “Васілішкі” Віктар Зянонавіч Зневяроўскі першым у раёне перасягнуў тысячны рубеж: па даных на 27 ліпеня ён убраў 290 гектараў хлебнай нівы, намалаціў 1128 тон зерня новага ўраджаю.
Перадавога механізатара мы засталі на полі ля вёскі Арцюшы, дзе ён убіраў азімую пшаніцу.
-- Пытайцеся, што вас цікавіць, толькі хуценька, -- ветліва ўсміхаючыся, папрасіў В.З. Зневяроўскі. – Хлеб не любіць чакаць, а сонца яшчэ высока. Пакуль надвор’е спрыяе – трэба жаць!
Паціскаючы мазолістую працавітую далонь Віктара Зянонавіча, адразу зразумеў, што перада мной стаіць сапраўдны гаспадар зямлі, той, хто сэрцам і душой адданы прафесіі хлебароба.
-- Перад пачаткам жніва я быў заняты на касавіцы, -- гаворыць В.З. Зневяроўскі. – Працаваў добрасумленна, і як вынік – заняў першае месца ў раёне на нарыхтоўцы кармоў з траў першага ўкосу: пры дапамозе трактара “Беларус-1221” з навясной касілкай шырынёй да 6 метраў абкасіў рэкордныя 857 гектараў. Цяпер прыняўся за ўборку хлеба. Гэта далёка не першае маё жніво, таму я выдатна валодаю ўсімі тонкасцямі вытворчага працэсу. На сучасным зернеўборачным камбайне намалочваю да 130 тон зерня ў дзень. Побач са мной у полі працуюць таксама вопытныя механізатары Анатолій Анатольевіч Навагродскі і Віктар Генрыхавіч Юшкевіч, з якімі я па-добраму спаборнічаю. Жаданне быць першым на жніве вельмі стымулюе фізічна і маральна, аднак мы выдатна ладзім і пры неабходнасці заўсёды гатовы падставіць адзін адному цвёрдае сяброўскае плячо.
Амаль дасягнулі тысячнага намалоту камбайнеры Станіслаў Іосіфавіч Кахновіч (ААТ “Шчучынаграпрадукт”) і Валерый Тадэвушавіч Козіч (ААТ “Васілішкі”).
А вось на адвозцы “залатога грузу”, як і раней сярод гаспадарак раёна лідзіруе вадзіцель ААТ “Орля” Аляксандр Юльянавіч Масталавіца, які па даных на 27 ліпеня на МАЗе ўжо перавёз 1510 тон зерня. Усяго на 7 тон адстае ад яго механізатар ААТ “Васілішкі” Павел Раманавіч Габіс, якога, у сваю чаргу, даганяе механізатар гэтай жа гаспадаркі Ян Станіслававіч Шандроха. Акрамя вышэйадзначаных перадавікоў, тысячны рубеж у раёне перасягнулі яшчэ дзесяць вадзіцеляў.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.