Паўвека сэрцы б’юцца ва ўнісон

Збіраючыся ў Каменку да Івана Людвікавіча і Рэгіны Уладзіміраўны Хільмончыкаў, крыху хвалявалася: нават яшчэ не ведаючы гэтых людзей, хацелася напісаць пра іх з асаблівай цеплынёй. А нагода была вельмі прыемная: пяцьдзясят год яны дружна крочаць па жыцці, паважаючы і аберагаючы адзін аднаго. І адзначылі яны гэту круглую дату – Залатое вяселле – 19 красавіка, якраз напярэдадні светлага і радаснага свята – Вялікадня. 
Прыгожы дворык, акуратны, дагледжаны гарод – ва ўсім адчуваецца, што ў гэтай сядзібе жывуць руплівыя гаспадары. 
– Гэта ўсё муж, – з цеплынёй гаворыць Рэгіна Уладзіміраўна. – Ён у мяне майстар на ўсе рукі і ва ўсім любіць парадак. Да таго ж і зрабіць сам усё ўмее. Дом пабудаваць – ён, выдатны ўраджай памідораў і іншай гародніны вырасціць – ведае ўсе сакрэты земляробства не горш за агранома, з тэхнікай разабрацца – гэта і ўвогуле яго канёк. 
Іван Людвікавіч толькі ўсміхаецца, слухаючы жонку. І ў сваю чаргу пачынае расказваць, якая яна выдатная гаспадыня і даўно заваявала яго сэрца … пірагамі з макам!
Мае героі мясцовыя, нарадзіліся і выраслі ў суседніх вёсачках: Іван Людвікавіч – у Лупінах, а Рэгіна Уладзіміраўна – у Кісялях. У абодвух у сем’ях было па чацвёра дзяцей. 
– У маім жыцці не здаралася нічога незвычайнага, – расказвае Іван Людвікавіч. – Вучыцца пачынаў у Глыбокскай пачатковай школе, потым перайшоў у Каменскую. Там закончыў сем класаў, а сярэднюю адукацыю атрымаў ужо ў вячэрняй школе. Закончыў курсы вадзіцеляў, а затым на тры гады пайшоў у армію. Служыў у будаўнічых войсках у Краснаярску. Прымаў удзел у будаўніцтве Краснаярскай ГЭС, жылых дамоў і іншых аб’ектаў. Вярнуўшыся з арміі, застаўся на Шчучыншчыне: працаваў вадзіцелем у райсельгастэхніцы ў Ражанцы, потым у сельгасхіміі ў Ляшчанцы. 
Сваю Рэгіну Уладзіміраўну сустрэў у Каменскім клубе на танцах. 
– Не магу нават сказаць, чым яна мне так спадабалася, – прызнаецца Іван Людвікавіч. – Убачыў яе і рашыў: гэта мая! І не памыліўся!
Рэгіна Уладзіміраўна таксама ўпадабала далікатнага працавітага юнака. Маладыя пажаніліся і пасяліліся на хутары ў бацькоў Івана. Толькі для маладога мужчыны гэта было зусім не рашэнне жыллёвага пытання. І ён пачаў будаваць свой дом у Каменцы. Родныя дапамагалі, чым маглі. Праз два гады маладая сям’я, у якой ужо з’явілася на свет дачушка Наталля, перабралася ў сваё, няхай яшчэ і не да канца пабудаванае, жыллё. А Іван Людвікавіч уладкаваўся на работу ў мясцовую гаспадарку механікам – аўтамабільным лекарам, як ён жартаўліва сябе называе, і завочна заканчваў Жыровіцкі сельгастэхнікум. Праўда, тэхнікай ён заўсёды захапляўся ўсур’ёз, без усялякіх жартаў. Таму і спецыялістам быў выдатным. Дый цяпер не страціў свае навыкі. За самаадданую працу ўзнагароджаны ордэнам Працоўнай славы ІІІ ступені. 
Рэгіна Уладзіміраўна таксама закончыла Каменскую СШ і ажыццявіла сваю запаветную мару – вучыць дзяцей. Прафесію настаўніка яна атрымала на матэматычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 
Адразу для дыпламаванага спецыяліста месца настаўніка матэматыкі ў Каменскай школе не было, і Рэгіна Уладзіміраўна доўгі час працавала ў групе падоўжанага дня. За свае педагагічныя дасягненні яна нават атрымала званне выхавацель-метадыст. Потым вяла ўрокі, была класным кіраўніком – увогуле яе працоўны стаж у школе складае больш за трыццаць год. Яна настолькі прыкіпела душой да любімай справы, што калі выйшла на пенсію, ніяк не магла прызвычаіцца да новага жыцця – зноў хацелася ў клас, на ўрок, да сваіх любімых вучняў… 
Сваімі дзецьмі Іван Людвікавіч і Рэгіна Уладзіміраўна вельмі ганарацца. І сын, і дачка закончылі школу з залатымі медалямі, атрымалі вышэйшую адукацыю і пайшлі па слядах бацькоў. Дачка Наталля, як і мама, – настаўніца матэматыкі. Некалі як адна з лепшых студэнтак яна паехала па абмене студэнтаў у Польшчу. Так склалася жыццё, што там і засталася. Разам з мужам яна выхоўвае чацвярых дзяцей. А сын Уладзімір пасля заканчэння Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта выбраў службу ў міліцыі. Сёння ён – начальнік АДАІ Шчучынскага РАУС. Ва Уладзіміра Іванавіча і яго жонкі Жанны Іванаўны, а працуе яна намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў Ляшчанскім дз/с-СШ, – двое дзяцей. Кацярына – студэнтка, а Андрэй яшчэ школьнік. 
– Шчыра прызнацца, сваімі дзецьмі асабліва і не было калі займацца, – успамінае Рэгіна Уладзіміраўна. – Я ўвесь час у школе, муж як пойдзе зрання, дык да самага вечара на рабоце. А яшчэ хатнюю гаспадарку заўсёды вялікую трымалі. Сядаеш планы пісаць, а дзеці побач за сталом з урокамі. Так і раслі. Затое цяпер унукам аддаём усю сваю ўвагу. Кожныя канікулы з’язджаюцца да нас. Тут амаль і выраслі.
А Іван Людвікавіч не проста адпачывае разам са сваімі любімцамі, але і стараецца хлапчукоў да працы прывучыць, каб і малаток маглі ў руках трымаць, і сякеру. Дзед лічыць, што сапраўдны мужчына павінен усё ўмець. А яны гатовы ўсяму вучыцца з такім цудоўным дзедам: нават траву для трусоў касіць спрабавалі. А ўжо змайстраваць што з дрэва – тут усю сваю фантазію прыменяць. 
Ёсць у Івана Людвікавіча і любімы занятак – ціхае паляванне. Грыбы ён носіць дамоў не кошыкамі ды вёдрамі, а прывозіць цэлымі багажнікамі! Вось дзе душой адпачывае! 
Дарэчы, на заслужаны адпачынак, а яго агульны працоўны стаж складае 43 гады тры месяцы і тры дні, як дакладна падлічыў мой гумарыст-суразмоўца, Іван Людвікавіч выйшаў толькі калі яму споўнілася 70. Прафесію механіка змяніў на прафесію лазеншчыка. І пяць год працаваў у мясцовай лазні. 
– Я лічу, што чалавек павінен увесь час працаваць, імкнуцца нешта змяніць у сваім жыцці, штосьці ўдасканальваць – пастаянна пераадольваць прыступку за прыступкай, – дзеліцца сваімі думкамі Іван Людвікавіч. – Калі ён спыняецца, усё, значыць, старасць прыйшла. 
Як сцвярджае Рэгіна Уладзіміраўна, у іх сям’і менавіта муж – генератар усіх ідэй. 
– Вось вырашыў, што да дома патрэбна прыбудоўка, і не адкладваючы справу ў доўгую скрыню, заняўся рэалізацыяй сваёй ідэі, – гаворыць Рэгіна Уладзіміраўна. – Цяпер тут сталовая. Мы нават жартоўна называем яе грэчаскай залай. А пасярэдзіне залы – вялікі стол, за якім заўсёды збіраецца ўся наша сям’я. 
Заўтра за гэтым жа сталом сабяруцца ўсе самыя блізкія і дарагія для Івана Людвікавіча і Рэгіны Уладзіміраўны людзі – дзеці і ўнукі, каб адсвяткаваць адно з самых галоўных свят, якія шануюць у гэтай сям’і – Вялікдзень. З самай раніцы ўсе абавязкова накіруюцца ў касцёл на імшу. А потым за Велікодным сталом пасля агульнай малітвы з’ядуць асвенчаныя стравы. Дзеці, як заўсёды, будуць праводзіць выпрабаванні, у каго самае моцнае яйка. І хтосьці абавязкова схітруе, каб перамагчы саперніка. А сярод іншых страў па традыцыі абавязкова будуць пірагі з макам, якія прыгатуе Рэгіна Уладзіміраўна. 
– Падзяліцеся сваім сакрэтам сямейнага шчасця, – не магла не звярнуцца я з гэтай просьбай да сваіх суразмоўцаў. Але нейкага незвычайнага адказу не чакала. Усё бачна адразу: толькі ў шчаслівай сям’і так паважаюць адзін аднаго, так беражліва і з пяшчотай ставяцца да сваёй палавінкі. 
– Мне здаецца, што мужчына павінен быць галавой у сям’і, – пераканана Рэгіна Уладзіміраўна. – Мужчыны больш разважлівыя, спакойныя, ураўнаважаныя. Я заўсёды прыслухоўваюся да свайго мужа. У нашай сям’і, на шчасце, ніколі не было сур’ёзных канфліктаў, стараемся абмяркоўваць любую праблему, знаходзіць залатую сярэдзіну. Канечне, не ўсё было гладка за гэтыя пяцьдзясят год. Але сёння я магу з упэўненасцю сказаць, што мне вельмі пашанцавала, што крыху больш, чым паўстагоддзя таму я сустрэла свайго Івана. 
Іван Людвікавіч моўчкі пагадзіўся са сваёй жонкай. А потым, усміхаючыся, дадаў:
– Я ж заўсёды прыслухоўваюся да яе пажаданняў. Садзім агарод, абавязкова спытаю, колькі месца пакінуць для яе любімых кветак – адпускаю, не шкадуючы. 
Так, напэўна гумар Івана Людвікавіча дапамагаў “разрульваць” не адну жыццёвую сітуацыю. 
Гэты год – асаблівы для сям’і Хільмончыкаў. І не толькі таму, што Іван Людвікавіч і Рэгіна Уладзіміраўна адзначаюць залаты юбілей сумеснага жыцця. Сёлета гаспадар дома святкаваў свой 75-ы дзень нараджэння. У маі 70-гадовы юбілей будзе сустракаць Рэгіна Уладзіміраўна. 45 год сёлета спаўняецца Уладзіміру Іванавічу, а 15 – унуку Андрэю. Вось колькі ў іх юбілеяў! 
Хочацца пажадаць гэтым добразычлівым шчырым людзям, каб яны ў радасці і шчасці пражылі яшчэ многія гады. А ў бацькоўскай хаце, у грэчаскай зале, за вялікім сталом абавязкова збіралася заўсёды ўся вялікая дружная сям’я!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!