На днях у Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі прайшоў гарадскі сход

На днях у Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі прайшоў гарадскі сход, удзельнікамі якога сталі прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый райцэнтра. Бяспека дарослых і дзяцей – гэта пытанне ніколі не губляе сваёй актуальнасці, а асабліва востра яно паўстае падчас свят і канікул, калі людзі часта губляюць пільнасць, што прыводзіць да трагедый. На гэты раз на сходзе прысутнічалі не толькі супрацоўнікі і спецыялісты розных служб, але і дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама А.В. Пасюта, старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, а таксама дэпутаты райсавета У.Р. Дубок, В.Л. Жоль, А.А. Федасеева, А.С. Земская. 

На жаль, не перастае папаўняцца трагічны спіс людзей, жыцці якіх забрала вогненная стыхія. Прычыны іх гібелі, а асноўная – курэнне ў пасцелі ў стане алкагольнага ап’янення – агучыў у сваім выступленні начальнік Шчучынскага РАНС А.Д. Малюгін. Ён нагадаў
 правілы пажарнай бяспекі, прывёў пераканаўчыя прыклады неабходнасці ўстаноўкі ў кватэрах аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. У сувязі з надыходам навагодніх свят актуальнай становіцца і праблема выкарыстання піратэхнічных вырабаў. Аматары розных феерверкаў часта пакутуюць ад уласнай бесклапотнасці і ў выніку атрымліваюць траўмы і апёкі.
Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Ж.І. Мецько звярнулася да ўдзельнікаў сходу з просьбай зрабіць усё магчымае, каб дзеці маглі добра, а галоўнае – бяспечна, адпачыць падчас канікулаў. Для гэтага яны могуць наведваць прышкольныя лагеры, аб’яднанні па інтарэсах, а не заставацца адны дома ўвесь дзень. Бацькі абавязкова павінны правесці бяседы са сваімі сынамі і дачушкамі аб небяспецы выхаду на лёд і выкарыстанні піратэхнікі. 
Прычынай няшчасця можа стаць і электрычнасць. Сумныя прыклады такой статыстыкі прывёў начальнік інспекцыі Энерганагляду С.А. Куроўскі. Выклікаць пажар здольныя самыя розныя прыборы: электрычная грэлка, мабільны тэлефон, а таксама так званыя “жучкі”, якія часам яшчэ знаходзяць у некаторых дамах спецыялісты Энерганагляду, электраправодка. Дарэчы, асобую небяспеку нясуць у дамы людзей “спецыялісты”, якія могуць пракласці праводку … тэлефонным кабелем. Таму давяраць электрычныя работы ў доме можна толькі спецыялістам. 
На пытаннях газавай бяспекі спынілася А.М. Яцкевіч, майстар Шчучынскага раёна газазабеспячэння. Яна таксама нагадала аб неабходнасці замены газавых пліт, якім ужо больш за дваццаць год. 
Рост злачынстваў на тэрыторыі раёна адзначыў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Шчучынскага РАУС У.І. Гваздоўскі. Павялічылася колькасць забойстваў, крадзяжоў, людзі часта становяцца ахвярамі махляроў. Многія злачынствы і правапарушэнні ўчыняюцца ў стане алкагольнага ап’янення. Праваахоўнікі пастаянна змагаюцца з вытворцамі самагону, знішчаюць самагонныя апараты і цэлыя міні-заводы, накіроўваюць на лячэнне ў ЛПП асоб, што злоўжываюць алкаголем. Толькі адабраць людзей у зялёнага змія не так проста. Даходзіць да таго, што замест віна або гарэлкі ў ход ідуць спіртаўтрымліваючыя сродкі, напрыклад, шклоамывальная вадкасць, не кажучы ўжо пра настойку глогу. 
Тэму алкагольнай залежнасці і спосабаў яе лячэння працягвала ў сваім выступленні ўрач-нарколаг Шчучынскай ЦРБ Л.Я. Чудоўская. 
А начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама А.І. Навіцкі спыніўся на трох важных пытаннях: ахове працы на прадпрыемствах і ў арганізацыях, забеспячэнні бяспечнага пражывання ў зімовы перыяд сталых грамадзян і акрэсліў асноўныя моманты дзейнасці, якая праводзіцца па Дэкрэце №3. 
Падчас гарадскога сходу ўзнімаліся і іншыя пытанні. Падводзячы вынікі размовы, А.В. Пасюта і Г.С. Хвядзюк яшчэ раз заклікалі ўсіх быць вельмі пільнымі і асцярожнымі, выконваць правілы бяспекі, каб захаваць жыццё і здароўе сваё і блізкіх. Яны павіншавалі ўсіх з надыходзячымі святамі. 
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!