Карані і крылы сям’і Гайдукевіч

Ірына Гайдукевіч – рэпетытар польскай мовы. А яшчэ – мама двух сыночкаў і дачушкі. Саша, Паша і Вера – маміны любоў і гонар. Мы запыталі ў Ірыны, ці лёгка выхоўваць траіх дзетак і ў чым сакрэт шчаслівай сям’і? 

– Сёлета мы з мужам Андрэем адзначылі 15-годдзе сумеснага жыцця, – гаворыць Ірына. – За гэты час Андрэй як сапраўдны гаспадар пабудаваў дом, а я як сапраўдная жанчына нарадзіла дзетак. Мы шчаслівыя разам. З самага пачатку хацелі стаць мнагадзетнымі бацькамі, і нашы мары спраўдзіліся! Спачатку былі толькі два сыночкі, але мы так верылі, што ў нас народзіцца і дачушка, што з’явілася Вера! І я, і Андрэй з мнагадзетных сем’яў. Мама Андрэя – Ірэна Уладзіміраўна выхавала 5 дзетак і была ўзнагароджана ордэнам Маці. Нас у матулі – Яніны Станіславаўны Астап – тры дачкі. Мы вельмі дружныя: заўсёды тэлефануем адна адной, цікавімся справамі, падтрымліваем у розных жыццёвых сітуацыях. Мая сястра Ганна жыве ў Гродне, а Марыя – у Кракаве, аднак адлегласць для сапраўдных сёстраў не перашкода. 


Дзеці Ірыны таксама дружныя паміж сабой. Нават цукеркі дзеляць на пяць частак, каб усім – пароўну! Разам Гайдукевічы працуюць і адпачываюць, наведваюць бабуль і дзядуляў, прабабулю, вандруюць, гатуюць, ходзяць да касцёла. 
Ёсць у Гайдукевічаў добрая традыцыя: вечарам яны размаўляюць з дзецьмі, цікавяцца іх справамі і моляцца разам. 
– На дзяцей я ніколі не павышаю голасу, – гаворыць Ірына. – Я дазваляю ім быць самастойнымі, хвалю за поспехі і падтрымліваю ва ўсіх пачынаннях.
Я лічу, што бацькі павінны даць дзецям крылы – правільна выхаваць, дапамагчы рэалізавацца, раскрыць таленты. А яшчэ дзецям трэба даць карані – пазнаёміць іх са спадчынай, распавесці пра дзядоў і прадзедаў, навучыць паважаць старэйшых. Сям’я – гэта трывалы падмурак, на якім нашы дзеці збудуюць сваю будучыню. Таму мы займаемся вывучэннем сваёй радаслоўнай і ўжо ведаем продкаў ажно да… сёмага калена! У дзяцей нават фотаздымак пра-пра-пра-бабулі ёсць! Наша бабуля, мая мама, таксама шмат увагі ўдзяляе выхаванню ўнукаў. Напрыклад, яна некалькі разоў на тыдзень прыязджае да нас, каб пагуляць з імі па горадзе. Ці трэба гаварыць, што дзеці рады кожнаму яе візіту.
Сям’я Гайдукевіч – вельмі творчая. Сёлета яны занялі першае месца ў І Адкрытым рэгіянальным фестывалі ”Уся мая радня – артыстычная сям’я”. 
 – Саша займаецца на акардэоне, Паша – на баяне, а Верачка спявае, – радуецца за поспехі дзетак Ірына. – Такая любоў да музыкі перадаецца ад прапрадзеда Міхаіла Падгурскага, вядомага ў акрузе скрыпача. А як хораша наша 84-гадовая бабуля Валерыя Міхайлаўна спявае! Спяваем і мы з мужам падчас сямейных святаў.
Увогуле ў кожнага з сям’і Гайдукевіч ёсць сваё захапленне. Андрэй і Павел любяць рыбалку. Аляксандр дэкламуе вершы на польскай мове. Ірына радуе сваіх родных прысмакамі. Адным словам, у гэтай сям’і пануе лад і гармонія. Гайдукевічы берагуць і памнажаюць сямейныя традыцыі, вучаць дзяцей быць добразычлівымі, дапамагаць іншым. 
На пытанне, ці лёгка быць мнагадзетнай мамай, Ірына, не задумваючыся, адказвае, што не. Яна вельмі любіць Пашу, Сашу і Веру і не ўяўляе свайго жыцця без трох маленькіх родных сэрцаў, які б’юцца ва ўнісон. 
Ганна КАСПЕР.
Фота Ірыны АМЯЛЬЯНЧЫК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!