Іншы Шчучын Таццяны Гуравай

Таню Гураву (Штэрн) ведаюць многія. Гэта не толькі прыгожая дзяўчынка з фотаапаратам, але і аўтар пабліка “Другой Щучин”. Зараз Таццяна працуе адміністратарам у мэблевым салоне. У вольны ад працы час захапляецца гісторыяй, псіхалогіяй, літаратурай, экалогіяй і журналістыкай. Паблік “Другой Щучин” з’явіўся нядаўна, але ўжо палюбіўся многім гараджанам.

– Я ўвесь час развіваю свой фотаблог, дадаю туды конкурсы, цікавыя факты пра горад, імкнуся падштурхнуць людзей не ставіцца абыякава да свайго месца жыхарства, – распавядае аўтар. – Хачу, каб у нашым горадзе не было студэнтаў, якія чырванеюць за тое, што яны “з глыбінкі“. Куды б я ні прыязджала, першае, што пра мяне ведаюць усе, – гэта тое, што “Таня ў нас са Шчучына”. У маім разуменні родны горад – гэта як бацькоўская сям’я. Як можна не любіць горад дзяцінства? 
Сама Таня стараецца быць карыснай для горада, прымае ўдзел у розных моладзевых акцыях, ахоўвае прыроду, а яшчэ – фатаграфуе.


– Першы фотаапарат мне падарыла хрышчоная маці, – расказвае пра сваё захапленне Таццяна. – У дзяцінстве мяне захаплялі людзі, якія ўмелі маляваць. У самой такога таленту не было, магчыма таму мяне так цікавіла фатаграфія. Той падарунак быў вельмі жаданым і адным з самых запамінальных. Я з цікавасцю слухала, як мама тлумачыла, што ўнутры фотаапарата – плёнка, якую трэба праяўляць, а ў самым апараце ёсць кнопачка пракруткі кадра... Маленькая скрыначка была настолькі чароўнай, што яе хацелася ўвесь час насіць з сабой.
 І Таня насіла. Першай фотамадэллю стала хатняя кошка. Цяпер Таня жартуе, маўляў, калі б тады быў інстаграм, то завяла б акаунт для кошкі, столькі фота ў яе было. Фатаграфаваць дзяўчына вучылася сама, па кнігах. А далей – вопыт і эксперыменты. 


Вы і не ўяўляеце, колькі маляўнічых месцаў Шчучыншчыны адлюстравана на яе фота! Усё таму, што Таня вельмі любіць свой Шчучын. Фатограф-аматар пераканана, што лакацый для здымак у горадзе безліч. Чаго варты адзін наш аэрадром!
Таццяна любіць фатаграфаваць не толькі горад, але і гараджан. 
 – Людзей люблю фатаграфаваць сам-насам, – прызнаецца Таня. – Я падчас гутаркі адкрываю для сябе чалавека, эксперыментую са святлом і ракурсамі. 
Пытаюся, ці ёсць фатографы, на якіх хочацца раўняцца? 


 – У мяне няма куміраў, але ёсць людзі, працамі якіх я сапраўды захапляюся. Сачу за блогамі некаторых фатографаў, “падглядваю” за калегамі, калі сама па іншы бок аб’ектыва. Ёсць, канечне, мэтры. Напрыклад, калі вы хочаце зразумець, што такое кампазіцыя, то паглядзіце працы Родні Сміта. Калі хочаце ўбачыць, якая прыгожая наша планета, то лепш чым Ян Артюс-Бертран, напэўна, ніхто гэтага не пакажа. Часам я прыходжу ў захапленне ад фотарэпартажаў на беларускім партале “Tut.by”. Бываюць там такія партрэты і рэпартажы, якія аж за душу бяруць. Фатаграфія – гэта наогул магутная зброя, бо яна можа перадаць настрой цэлай эпохі, сканцэнтраваць важную праблему менавіта такой, якая яна ёсць, не “размазанай”. 


На пытанне, ці трэба дэталёва апрацоўваць фота, у фотааматара свой пункт гледжання.
 – Да апрацоўкі фота стаўлюся з асцярогай, тут справа густу. Зараз у праграмах часам так апрацоўваюць фота, аж жудасна робіцца. Па маім разуменні, добры здымак не патрабуе дадатковай апрацоўкі. 
Таццяна не спыняецца на дасягнутым. Яна шукае свой стыль, шмат чытае. І марыць зрабіць востра сацыяльны здымак, які змог бы памяняць свет ці свядомасць нейкага чалавека. 
 – Мастацкае фота – гэта сапраўднае мастацтва, якое я яшчэ не спасцігла, – лічыць наша гераіня. – Першая частка слова фатограф – “фота“ (з грэчаскага) азначае святло, а другая – “граф “ – пішу. Пісаць святлом – ці не гэта сапраўднае чараўніцтва?!
І як не пагадзіцца з такім меркаваннем?! 

Ганна 
КАСПЕР. Фота 
Таццяны 
ГУРАВАЙ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!