Іх радасць – галоўная ўзнагарода. У рамках акцыі “Нашы дзеці” ганаровыя госці завіталі на святочны ранішнік у Васілішкаўскі дом-інтэрнат

 

Кожны хлопчык і дзяўчынка маюць права на казку і менавіта таму штогод напрыканцы снежня на святочны ранішнік у Васілішкаўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з’язджаюцца шматлікія госці. Яны прыязджаюць каб зрабіць падарункі, развесяліць і падтрымаць дзетак, якія маюць у гэтым патрэбу.

 

Сёлета да выхаванцаў дома-інтэрната ў рамках акцыі “Нашы дзеці” завіталі ганаровыя госці: памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Кацярына Каляда, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольга Сядзельнік, намеснік начальніка ўпраўлення КДБ Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці Сяргей Чыкірыс, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.

 

 

Таксама на дзіцячае свята прыехалі прадстаўнікі раённай улады – старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі, яго намеснік Таццяна Цюсіна і старшыня Шчучынскай РА “Белая Русь” Юрый Пашук.

 

 

Госці прыехалі з вялікімі падарункамі – грашовымі сертыфікатамі, слодычамі, бытавой тэхнікай, цацкамі. Удзячныя выхаванцы і калектыў дома-інтэрната падрыхтавалі святочны канцэрт, падчас якога ўсе ўдзельнікі мерапрыемства разам весела бавілі час. Яны вадзілі карагоды, танчылі, слухалі вершыкі і адгадвалі загадкі. Вядома ж, не абышлося без цёплых віншаванняў і шчырых пажаданняў ад гасцей. Першым са словам да ўдзельнікаў свята звярнуўся Юрый Караеў:

 

– Віншую ўсіх з надыходзячым Новым Годам, жадаю вам здароўя. Каб заўсёды ў вас былі ўсмешкі, каб былі падарункі. Хачу падзякаваць персаналу дома-інтэрната, які вас даглядае і ўсім тым неабыякавым людзям, якія далучыліся да нашага свята. Жадаю ўсім поспехаў у новым годзе.

 

 

Таксама дзетак і персанал дома інтэрната павіншавалі і іншыя госці, сярод іх старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі.

 

 

– У гэтыя святочныя, казачныя пераднавагоднія дні хочацца, каб цуды здзяйсняліся, – адзначыў Аляксей Валянцінавіч. – Таму дзеткам, якія сёння сабраліся тут, жадаю каб казка стала рэчаіснасцю, каб быў у вас заўсёды добры настрой. А персаналу дома-інтэрната нізкі паклон за вашу няпростую і важную працу.

 

 

Радасныя дзіцячыя тварыкі можна лічыць галоўным упрыгажэннем і скарбам гэтага святочнага дня. Так кажуць валанцёры студэнты першага курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі ГрДУ імя Янкі Купалы Максім Забароўскі, Юлія Пасунько і Аляксандра Хахлова, якія таксама далучыліся да свята. З сабой купалаўцы прывезлі падарункі ўсім выхаванцам дома-інтэрната.

 

 

– Атрымаўшы лісты, у якіх хлопчыкі і дзяўчынкі прасілі падарункі на Новы Год, мы вырашылі здзейсніць іхнія маленькія мары, – расказвае Аляксандра Хахлова. – Нашай групе дасталіся лісты, ў якіх дзеці прасілі цацкі і канцылярыю. Напрыклад, адной дзяўчынцы мы прывезлі набор тактыльных мячыкаў, хлопчыкі прасілі магнітную рыбалку і механічную тачылку.

 

 

Гэта свята выхаванцы дома-інтэрната запомняць надоўга. Прыемныя падарункі будуць ім нагадваць аб тым, што цуды ёсць і ніякія перашкоды не здольныя разбурыць дзіцячы казачны свет.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!