Дзіцячы спорт у прыярытэце. У Шчучыне прайшоў традыцыйны турнір па міні-футболе на прызы кампаніі “Праймілк”

 

На гэтым тыдні ў Шчучыне прайшоў традыцыйны калядны дзіцячы турнір па міні-футболе на прызы кампаніі “Праймілк”. У спаборніцтвах бралі ўдзел чатыры каманды хлопчыкаў са Шчучына, Дзятлава і Навагрудка. Наш раён на турніры прадстаўлялі дзве каманды: “Шчучын-1” і “Шчучын-2”.

 

На спаборніцтвы, на пляцоўцы спарткомплексу па вуліцы Авіятараў была сяброўская атмасфера. Дзеці атрымлівалі асалоду ад гульні і стараліся паказаць свае таленты. Падтрымлівалі юных спартсменаў трэнеры, а хтосьці меў сваіх персанальных заўзятараў: мам, татаў, бабуль і дзядуляў.

 

 

Па выніках усіх матчаў самымі моцнымі аказаліся юныя спартсмены з Навагрудка, аднак без падарункаў ад кампаніі “Праймілк” ніхто не застаўся. Перад урачыстай цырымоніяй узнагароджання ўдзельнікаў турніру павіншавалі з надыходзячымі святамі і пажадалі новых спартыўных поспехаў дырэктар ТАА “Праймілк” Анатоль Бяляўскі і дырэктар ДЮСШ горада Шчучына Віктар Шымановіч.

 

 Усім камандам уручылі кубкі. Таксама былі адзначаны статуэткамі лепшыя гульцы кожнай каманды. Так, у “Шчучыне-1” быў узнагароджаны Віталь Блюднік, у камандзе “Шчучын-2” – Арсеній Санюта. Таксама статуэтку атрымаў футбаліст з Дзятлава Мацвей Венско. А лепшым сярод пераможцаў быў прызнаны Данііл Сушынскі. Акрамя гэтага, усе ўдзельнікі турніру атрымалі салодкія падарункі ад кампаніі “Праймілк”.

 

 

– Гэта выдатны турнір, – адзначае дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Віктар Шымановіч. – Добра, што спаборніцтвы сталі традыцыйнымі і прайшлі ўжо шосты раз у нашым горадзе. Падчас такіх гульняў дзеці набіраюцца патрэбнага досведу і майстэрства, што ў будучым дапамагае ім дасягаць новых спартыўных вышынь.

 

Падзяліўся сваім бачаннем мэты міні-футбольнага турніру дырэктар ТАА “Праймілк” Анатоль Бяляўскі:

 

– Для нас галоўная мэта – папулярызацыя і стварэнне добрых умоў для развіцця спорту ў Шчучынскім рэгіёне. Вельмі важна, што міні-футбол – гэта камандная гульня, якая збірае людзей разам на полі. Сёння ўсё больш дзяцей праводзяць свой вольны час за камп’ютарам і ў тэлефонах, яны перастаюць адчуваць сапраўднае сяброўства і пачынаюць пазбягаць кантактаў у рэальным жыцці. Вырашыць гэтую праблему можа здаровая фізічная актыўнасць, такая, як міні-футбол. Сёння на полі я ўбачыў ззяючыя вочы хлопчыкаў, якія выступалі калектывам. Калі яны забівалі гол, то радаваліся разам, а калі нешта не атрымлівалася – перажывалі гэта камандай, падтрымлівалі адзін аднаго.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!