Бронзавае завяршэнне пляжнага сезона. ПФК “Шчучын” завяршыў выступ у Кубку Рэспублікі Беларусь

 

На выхадных у Брэсце прайшоў розыгрыш Кубка Рэспублікі Беларусь па пляжным футболе сярод мужчынскіх каманд. Спаборніцтвы сабралі на пляжнай пляцоўцы лепшыя калектывы краіны. Удзел у барацьбе за трафей узяла і шчучынская каманда.

 

У першы гульнявы дзень прайшлі сустрэчы ў рамках групавога этапу. Сапернікамі ПФК “Шчучын” за выхад у паўфінал сталі каманды “Палессе” з Кобрына і “Брэст-Волга”.

 

У першым матчы групавога этапу шчучынцы ўпэўнена згулялі з кобрынскімі футбалістамі. Першы тайм сустрэчы завяршыўся з лікам 3:2 на карысць нашай каманды. Здавалася, што такія лічбы на табло падразумявалі далейшую інтрыгу ў матчы, аднак у наступных таймах “Шчучын” нібы катком праехаўся па свайму саперніку. У наступных двух таймах наша  каманда забіла 9 мячоў, атрымаўшы ў свае вароты толькі два. Дзякуючы звышвыніковай гульні шчучынцы перамаглі кобрынскае “Палессе” з лікам 12:4.

 

Другая для шчучынскай каманды сустрэча групавога этапу прайшла супраць гаспадароў турніру “Брэст-Волгі”. Моцны калектыў з Брэста сёлета заняў другое месца на чэмпіянаце краіны па пляжным футболе і лічыўся адным з галоўных фаварытаў розыгрышу кубка. Свае чэмпіёнскія амбіцыі каманда з абласнога цэнтра пацвердзіла перамогай над ПФК “Шчучын” з лікам 4:6.

 

Пасля перамогі над “Палессем” і паражэння ад “Брэст-Волгі” ПФК “Шчучын” заняў 2-е месца ў сваёй групе і выйшаў у паўфінал турніру, дзе сустрэўся з “ЦОР”. Магілёўская каманда ў гэтым сезоне брала трафей чэмпіянату краіны, а летась перамагла ў розыгрышы кубка, таму ў супрацьстаянні з нашай камандай лічылася фаварытам. Прагнозы аматараў спорту спраўдзіліся на пляжнай пляцоўцы, дзе магілёўскі “ЦОР” не без праблем, але перайграў шчучынцаў з лікам 8:4.

 

Такім чынам, ПФК “Шчучын” завяршаў турнір матчам за трэцяе месца. Канкурэнтам нашай дружыны ў барацьбе за бронзу стаў ужо добра знаёмы калектыў “Брэст-Волга”, які ў паўфінале прайграў віцебскаму “Юркасу”. Брэсцкая каманда пры падтрымцы хатніх трыбун намагалася заняць прызавое месца, а “Шчучын” хацеў узяць рэванш за паражэнне на групавым этапе. Таму супрацьстаянне стала прынцыповым.

 

У першым тайме шчучынцы правялі дзве паспяховыя атакі, якія прывялі да галоў. Брэсцкія футбалісты змаглі забіць толькі адзін мяч. Далей “Шчучын” пайшоў у адрыў і павялічыў сваю перавагу яшчэ на чатыры мячы. Да канца гульні каманда з Брэста паспела забіць яшчэ адзін гол, але становішча гэта ўжо не ратавала. Па выніках сустрэчы лік на табло быў 6:2 на карысць ПФК “Шчучын”, які і заняў бронзавае трэцяе месца.

 

Па выніках фінальнага матча ўладальнікам кубка сезона 2023 стаў магілёўскі “ЦОР”, а срэбра турніру дасталася “Юркасу” з Віцебска.

 

Варта адзначыць, што лепшым бамбардзірам усяго турніру стаў гулец ПФК “Шчучын” Дзмітрый Фралоў.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота з суполкі “ФК Щучин” ВКонтакте.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!