Андрэй Козел – сапраўдны аграном: і расліны ахоўвае, і ўраджай зберагае

Андрэй Козел не па чутках ведае, наколькі складанай і адказнай з’яўляецца прафесія агранома: яго бацька Іосіф Станіслававіч прысвяціў служэнню хлебнай ніве амаль трыццаць гадоў свайго жыцця і працягвае плённа працаваць у ААТ “Агра-ГЖС”. Сам жа малады аграном пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта ўладкаваўся ў ААТ “Дэмбрава”, дзе ўдасканальвае свае веды і расце прафесіянальна.

 

– Я нарадзіўся і вырас у вёсцы Новы Двор, – гаворыць Андрэй. – Ля дома у нас было дзесяць сотак уласнай зямлі, якія мы ўсёй сям’ёй апрацоўвалі. Акрамя таго, арандавалі калгаснае поле. Два старэйшыя браты не асабліва любілі капацца ў зямлі, чаго не скажаш пра мяне. Заўважыўшы маю цікавасць да вырошчвання раслін, бацька выдзеліў невялічкі кавалачак зямлі, дзе я самастойна пасадзіў бульбу. Усё лета даглядаў усходы, а ўвосень сабраў багаты ўраджай, чаму быў вельмі рады! Ужо тады зразумеў, што хачу стаць аграномам.

У пагоні за сваёй марай Андрэй Козел пасля заканчэння Навадворскай сярэдняй школы паступіў у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Вучоба юнаку давалася лёгка: пачынаючы з другога курса ўсе экзамены ён здаваў экстэрнам і датэрмінова заканчваў сесіі.

 

– Я паспяхова асвоіў спецыяльнасць агранома па ахове раслін і ўладкаваўся на практыку ў адну з вядучых фермерскіх гаспадарак Мастоўскага раёна, – працягвае наш суразмоўца. – Там праводзіў доследы па ахове ўсходаў морквы і бульбы. Мы разбівалі поле на невялічкія дзялянкі, на якіх прымянялі розныя прэпараты. Такім чынам вылучалі найбольш дзейсныя і эфектыўныя. 

Пераддыпломную практыку Андрэй Козел праходзіў у ААТ “Дэмбрава”, дзе працаваў аграномам вытворчага ўчастка №1. Перспектыўнага маладога спецыяліста хутка заўважыў кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Віктаравіч Туля і прапанаваў пасля заканчэння вучобы размеркавацца менавіта сюды.

– Я так і паступіў, бо ведаў, што сельгаспрадпрыемства з года ў год інтэнсіўна развіваецца і займае лідзіруючыя пазіцыі не толькі ў раёне, але і ў вобласці, – прызнаецца Андрэй Козел. – І не прагадаў! Пасля ўніверсітэта давялося асвоіць нямала тэхнічных навінак, пра якія нават і не чуў, а ў сельгаспрадпрыемстве яны ўжо даўно сталі нормай. Асвоіць усе тонкасці вытворчага працэсу мне дапамаглі галоўны аграном Дзмітрый Станіслававіч Скорб і аграном вытворчага ўчастка №4 Аляксандр Баляслававіч Сяргей, за што ім шчыры дзякуй. Кіраўнік ААТ “Дэмбрава” Аляксандр Віктаравіч Туля таксама падтрымаў і назначыў аграномам па ахове раслін. Спачатку было няпроста арганізаваць работу: неабходна было патлумачыць людзям усе тэхналагічныя патрабаванні да аховы розных культур і заахвоціць працаваць на вынік. Аднак я хутка знайшоў разуменне з кожным, і справы пайшлі ўгору. 

Цяпер пад пільным наглядам Андрэя Козела знаходзіцца звыш 4000 гектараў. Штогод разам з галоўным аграномам Дзмітрыем Станіслававічам Скорбам ён складае план ахоўных мерапрыемстваў. І вельмі важна ўсе хімапрацоўкі і падкормкі правесці своечасова, якасна і ў аптымальныя тэрміны. Тут памылкі недапушчальны, бо ад гэтага напрамую залежыць будучы ўраджай. Ужо сёння дэмбраўскія аграрыі падбіраюць прэпараты, якія будуць выкарыстоўваць вясной для аховы раслін. Акрамя таго, рэгулярна аглядаюць пасевы азімых, пад якія ў гаспадарцы адведзена 2500 гектараў.

 

– Рапс узышоў выдатна, і мы ўжо правялі хімпраполку, двойчы апрацавалі палеткі, занятыя пад гэтую алейную культуру, рэгулятарамі росту і ўнеслі неабходную колькасць мікраўгнаенняў, – кажа Андрэй Козел. – Тым самым заклалі падмурак пад будучы ўраджай. Аднак надвор’е можа ўнесці свае карэктывы. Калі вясна будзе засушлівай, то нам прыйдзецца пры дапамозе пэўных прэпаратаў выводзіць расліны са стрэсу, калі халоднай – дадаткова апрацуем культуры ад захворванняў. Усё гэта патрабуе немалых сродкаў. Да прыкладу, хімпраполка аднаго гектара зерневых абыходзіцца гаспадарцы прыкладна ў 10-30 долараў. Аднак яно таго каштуе! Без прымянення сродкаў аховы ад хлебнай нівы мы можам атрымаць 20 цэнтнераў зерня з гектара, а з прымяненнем – 60-70 цэнтнераў. 

Большую частку свайго ненарміраванага працоўнага дня Андрэй Козел праводзіць на палетках. І толькі па заканчэнні ўсіх уборачных работ і з наступленнем маразоў ён можа дазволіць сабе вяртацца дадому крыху раней.

 

– Бывае, у дзень па сельскіх дарогах накручваю да 150 кіламетраў, – дзеліцца наш суразмоўца. – А як жа іначай? Трэба пракантраляваць усе вытворчыя працэсы, дзе неабходна – унесці карэктывы. Безумоўна, гэта выматвае фізічна. Аднак калі бачу залітыя сонцам дагледжаныя палі – сэрца напаўняецца радасцю і гонарам! 

Андрэй прызнаўся, што не любіць тэрмін “адпрацоўка”: для яго гэта зусім не ярмо, а магчымасць праявіць сябе, даказаць сваю кампетэнтнасць і годнасць.

– Для многіх маладых спецыялістаў першыя два гады працы пасля атрымання дыплома становяцца сапраўдным выпрабаваннем, – канстатуе малады аграном па ахове раслін. – Усім адразу хочацца высокіх пасад і лёгкіх грошай. Аднак так не бывае! Спачатку трэба даказаць, што ты з’яўляешся сапраўдным прафесіяналам, і тады ў цябе павераць. Так было і са мной. Сёння ААТ “Дэмбрава” дынамічна развіваецца, і я вельмі рады, што з’яўляюся часткай гэтага дружнага і зладжанага працоўнага калектыву. Аб выбары прафесіі ні разу не пашкадаваў і лічу яе сваім прызваннем. Таму намераны застацца працаваць ў сельскай гаспадарцы на блага роднай зямлі!

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!