Не зарасце сцежка на астравок памяці

Група ветэранаў працы і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь са Шчучына на чале з кіраўніком раённай ветэранскай арганізацыі Э.С. Дзікевічам наведала мемарыяльны комплекс “Музей-зямлянка” ў Зачэпічах. Перад вачамі паважаных людзей гэта знакавае месца прадстала абноўленым і ўпарадкаваным. Высачэзныя сосны ўтварылі зялёныя шаты над трыма галоўнымі аб’ектамі комплексу – домікам-музеем партызанскай славы, зямлянкай і абеліскам. 

Э.С. Дзікевіч паведаў сябрам-ветэранам цікавыя факты з гісторыі партызанскага руху ў Прынёманні. У прыватнасці, аб тым, што цяперашняя зямлянка – копія сапраўднай, якая знаходзіцца ў Дзятлаўскім раёне. Узгадалі і пачатак работы па стварэнні ў 70-ыя гады мінулага стагоддзя гэтага мемарыяльнага комплексу. Ініцыятарамі ўвекавечання гістарычнай памяці былі кіраўнік штаба Шчучынскага партызанскага злучэння С.П. Шупеня, камісар партызанскай брыгады імя Варашылава М.М. Белякоў і іншыя іх баявыя таварышы. 
Непасрэдныя ўдзельнікі важнага працэсу – тагачасны старшыня Орлеўскага сельскага Савета І.Э. Ліхарай і былы дырэктар Зачэпіцкай школы У.А. Бароўскі расказалі ветэранам са Шчучына, што “працаваць над стварэннем комплексу было вялікім гонарам, радасцю і задавальненнем”. Іван Эдуардавіч Ліхарай выказаў надзею, што нашы сучаснікі не дадуць затухнуць памяці – будуць каардынаваць важную работу па папаўненні знакавых аб’ектаў у Зачэпічах новымі экспанатамі. Сам ветэран працы таксама гатовы падзяліцца фанатэкай з запісамі аповедаў удзельнікаў вайны.


Ветэранскі апякун Э.С. Дзікевіч перадаў у дар музею фотакартку, якую прывёз яму з Дзятлава былы партызан брыгады імя Варашылава А.Ю. Лях. На здымку, зробленым у 1978 годзе, – удзельнікі злёту партызан усіх злучэнняў, сярод якіх і С.П. Шупеня. Прыняла памятнае фота дырэктар Орлеўскага сада-СШ імя С.П. Шупені М.П. Сядзельнік, якая разам з іншымі энтузіястамі працавала на абнаўленні мемарыяльнага комплексу. Цяпер гэты астравок памяці замацаваны за ўстановай адукацыі, якой яна кіруе.
– Мы вельмі ўдзячны за любую памяць, якая выражаецца ў прадметах, фатаграфіях, дакументах, што могуць папоўніць экспазіцыі нашага музея, – адзначыла Марыя Пятроўна. – Мы абавязаны захаваць гэту памяць для будучых пакаленняў, выхоўваць у маладых павагу да нашай гераічнай гісторыі і яе стваральнікаў. А зробленае тут – толькі пачатак. 
М.П. Сядзельнік выступіла ў ролі экскурсавода. Ветэраны засталіся пад уражаннем ад тэматычных залаў музея і ўнутранага “начыння” зямлянкі з яе экспазіцыяй партызанскага быту. Дзякуючы сабраным тут дакументальным матэрыялам можна зрабіць экскурс у гады акупацыі нашай краіны і вызваленчай барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, даведацца аб партызанскім руху на Шчучыншчыне, адчуць дух гераічнай эпохі.


Нявестка вядомага народнага мсціўца М.М. Белякова Наталля Іванаўна няспешна падыходзіла ад аднаго да другога стэнда, з асаблівай увагай углядалася ў фотаздымкі, цікавілася дакументамі і іншымі артэфактамі. Затрымалася яна і ля чырвонай стужкі з надпісам “Ганаровы грамадзянін г. Шчучына”, якая належыць яе знакамітаму свёкру.
– Я і дачка Мікалая Мікітавіча Вераніка Мікалаеўна маем жаданне папоўніць экспанаты музея фотадакументамі, – запэўніла Н.І. Белякова.
Ветэраны абменьваліся ўражаннямі. “Цяжка сёння ўявіць, як ваяваць у лесе. Гэта зусім іншае, чым у акопах...”, – заўважыў ветэран Узброеных Сіл, падпалкоўнік у адстаўцы В.М. Анашкін. 
Наведвальнікі пакінулі запіс у Кнізе водгукаў музея са словамі: “Выказваем удзячнасць за захаваную памяць аб нашых гераічных продках”.
Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!