Рэцэптам сямейнага шчасця напярэдадні Вялікадня з намі падзяліліся астрынчане Вячаслаў і Ірына Бараноўскія

Для шматдзетнай сям’і Бараноўскіх, якая жыве ў гарадскім пасёлку Астрына, гэты Вялікдзень асаблівы, таму што свята яны адзначаць у новым доме. Якія традыцыі перадаюцца з пакалення ў пакаленне ў гэтай сям’і, ці лёгка выхоўваць чацвярых дзяцей і чаму сям’я не з’ехала ў вялікі горад? Рэцэптам сямейнага шчасця напярэдадні Вялікадня з намі падзяліліся Вячаслаў і Ірына Бараноўскія.

 

Бацькі і дзеці

 

Дом Бараноўскіх нельга не прыкмеціць. Двухпавярховы, дыхтоўны, узведзены сваімі рукамі на фундаменце колішняй бабулінай хаты. Побач – сціплы бацькоўскі дом, дзе нарадзіўся і вырас Вячаслаў. Ірына жыла амаль па-суседску. Абое – эканамісты па спецыяльнасці, абое са шматдзетных сем’яў, можа таму і ў іх доме на радасць бацькам падрастаюць дзве дачкі – Вераніка і Вікторыя – і два сыны – Уладзіслаў і Віталік. Выхаваныя на вясковым каларыце, на мудрасці простых людзей, увабраўшы моц продкаў, Бараноўскія адчуваюць сябе ў гэтым жыцці ўпэўнена і надзейна. Да ўсяго, побач жывуць родныя людзі – бацькі. Юрый Вітольдавіч і Браніслава Канстанцінаўна Бараноўскія і Вікенцій Іосіфавіч і Марыя Васільеўна Павайбы – першыя дарадцы і лепшыя памочнікі!

 

Хрыстос уваскрос!

 

Вялікдзень быў і застаецца для кожнага веруючага адным з самых вялікіх святаў. Навіну аб уваскрашэнні Сына Божага абвяшчаюць з першымі промнямі веснавога сонца. Традыцыйна ў гэты дзень людзі вітаюцца адзін з адным, кажучы: “Хрыстос уваскрос!” І адказваюць на тое: “Сапраўды ўваскрос!”
 З дзяцінства памятаюць Вячаслаў і Ірына велікодны водар у бацькоўскай хаце: духмяны пах пірагоў, вэнджанага мяса… А колькі шчасця было фарбаваць разам з бацькамі велікодныя яйкі! Вялікдзень немагчыма ўявіць без фарбаваных яек – сімвала жыцця. Фарбавалі іх правераным дзедаўскім рэцэптам – у адвары шалупіння ад цыбулі. Часам прыкладвалі зеляніну або надзявалі на яйкі гумкі, якія наразалі са старых камер ад веласіпедных колаў. Яйкі змяшчалі ў панчохі і апускалі ў адвар шалупіння. Атрымліваліся сапраўдныя шэдэўры! І зараз Бараноўскія не здраджваюць традыцыям.

 

 – Самая галоўная традыцыя, якой прытрымліваліся яшчэ нашы бабулі і дзядулі, – гэта святкаванне Вялікадня ўсёй сям’ёй, — расказваюць Бараноўскія. – Мы не забываем і пра касцёльныя традыцыі гэтага перыяду: Вялікі Чацвер, Вялікую Пятніцу, Вялікую Суботу і саму Велікодную ўрачыстасць. Напярэдадні свята, у суботу, усёй сям’ёй гатуем прысмакі, асвячаем ежу, а ў нядзелю пасля імшы накрываем велікодны стол. Затым накіроўваемся да бацькоў, адорваем хрышчоных, ну і яйкамі б’емся! У дзяцінстве на Вялікдзень стукаліся чырвонымі яйкамі, і пераможцам аказваўся той, у каго яно заставалася цэлае, а яшчэ ў валачобнікі хадзілі!

 

 

На свята на стале ў Бараноўскіх багата розных страў. Ірына гатуе велікодныя кулічы з разынкамі, смачнае хатняе печыва, торт. Не абыходзіцца без традыцыйных страў – катлет ды салатаў. Ірына жартуе, што ў сям’і яна – адказная за прыгатаванне ежы, Слава разам з дочкамі – за сервіроўку святочнага стала. Адным словам, усе пры справе!

 

Тур выхаднога дня па родным пасёлку

 

Вячаслаў і Ірына Бараноўскія разам амаль 15 гадоў. За гэты час у сям’і з’явіліся свае добрыя традыцыі. Гэта не толькі адзначаць вялікія святы і дні нараджэння разам. Калі выдаюцца выхадныя, тата адвозіць дзяцей у…Гродзенскі абласны тэатр лялек! Летам шматдзетная сям’я з задавальненнем бавіць час у агратурыстычным комплексе “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”, ласуецца смачнай піцай у адным з утульных гродзенскіх кафэ. А яшчэ Бараноўскія любяць вандраваць па роднай Астрыншчыне.

 

– Пакуль нашаму самаму малодшаму – Віталіку – няма і двух гадкоў, я застаюся з ім дома, а Слава разам з дачушкамі і сынам едуць катацца на веласіпедах, – расказвае Ірына. – Ён знаёміць дзяцей з гісторыяй малой радзімы, расказвае пра суседнія вёскі.

 

– Мы называем такія паездкі “Тур выхаднога дня”, – усміхаецца Слава, да якога ўвесь час, пакуль мы гутарым, туляцца малыя.

 

А яшчэ Бараноўскія сябруюць са спортам. Тата прывіў дзецям любоў да тэніса, футбола і валейбола.
Адметна, што выхаваннем дзяцей у гэтай сям’і займаюцца аднолькава і тата, і мама. Дзяцей прывучаюць да працы з малых гадоў.

 

 – Як толькі бульбу з дзедам Юрам капаем, унукі адразочку навыперадкі ляцяць дапамагаць, – далучаецца да размовы бабуля Браніслава Канстанцінаўна, якая завітала да сына з нявесткай у госці. – Не нарадуемся, што дзеці пабудаваліся побач!
Безумоўна, Бараноўскія маглі з’ехаць у вялікі горад, аднак кажуць, што прыкіпелі душой да малой радзімы, ды і дзецям у пасёлку – раздолле.

 

Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!

 

– Ці цяжка выхоўваць чацвярых дзетак? – пытаю ў сваіх суразмоўцаў. – З кожным новым сынам і дачкой нібы сам па-новаму нараджаешся, – гавораць Слава і Іра. – Ідзе “абнуленне”, жыццё нібы нанова пачынаецца.
Мы шчаслівыя разам і дзякуем Богу за сваіх дзяцей. Кожны з іх – асаблівы, кожнаму мы стараемся ўдзяліць увагу, кожнага моцна любім, і яны адказваюць нам узаемнасцю. У гэтым – бацькоўскае шчасце!
Вераніка, Вікторыя, Уладзік і Віталік вельмі дружныя, дапамагаюць адзін другому, падтрымліваюць. Старэйшая Вераніка – сапраўдная памочніца па доме. Яна і вучыцца на выдатна, і іграе на фартэпіяна добра, і нават гатаваць умее, хай сабе і пад пільным наглядам мамы. Уладзіслаў любіць спорт і канструктары, Вікторыя – танцаваць і праглядваць часопісы моды. Маленькаму Віталіку ўсяго 1 год і 9 месяцаў. Старэйшыя дзеці не на крок ад яго не адыходзяць, дапамагаюць бацькам ва ўсім.

 

Сіла – у сям’і

 

Вячаслаў і Ірына стараюцца быць сапраўдным прыкладам для сваіх дачок і сыноў. Ірына – дбайная гаспадыня. Яна і гатаваць смачна ўмее, і шые адмыслова. Усе рэчы, якія носяць дзеці, – маміных рук справа.

 

 – Калі сама шыеш, то дзяцей можна апрануць прыгожа і якасна, — пераканана Ірына. – Бачачы маё захапленне, муж абуладкаваў для мяне цэлы пакой для швейнай справы і падарыў сучасную машынку, за што я яму вельмі ўдзячна.

 

Вячаслаў заўсёды знаходзіць час для любімай жонкі і дзетак.

 

 – Прыйдзеш дадому і, здаецца, нічога не хочацца, а дзеці пачнуць абдымаць, цалаваць і знекуль бяруцца новыя сілы, – дзеліцца сакрэтам шчасця шматдзетны тата.

 

Сілы ўзяліся і праект дома прыдумаць, і годна яго рэалізаваць. У доме ва ўсім адчуваецца рука дбайных гаспадара і гаспадыні, пачынаючы ад дызайну пакояў і завяршаючы мэбляй.

 

У Велікодную нядзелю Бараноўскія зноў падзеляцца “свянцоным”, паспрабуюць кулічы і “паб’юцца” яйкамі. А яшчэ яны з радасцю будуць вітаць кожнага, хто зойдзе ў хату, таму што добразычлівасць і гасціннасць – іх візітная картка.

 

Па валачобнае хадзіла Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!