Сем год у калоніі ўзмоцненага рэжыму правядзе спажывец, захавальнік і збытчык наркотыкаў

Цяпер спажывец, захавальнік і збытчык наркотыкаў правядзе 7 год у калоніі ўзмоценага рэжыму
Тым вечарам па шашы М6 імчаў легкавы аўтамабіль. У нейкі момант ён спыніўся ля аўтобуснага прыпынку. У салоне, дзе, акрамя вадзіцеля, знаходзіліся яшчэ двое, распаўсюдзіўся спецыфічны рэзкі пах гашышу. А яшчэ праз паўгадзіны гэтае аўто пад’ехала да  шматпавярхоўкі ў Шчучыне. Тут адурманены экіпаж сустрэлі… супрацоўнікі міліцыі.

 

 У аднаго з пасажыраў транспартнага сродку падчас затрымання і вобыску аператыўнікі знайшлі рэчыва расліннага паходжання зялёнага колеру і спрасаванае рэчыва – карычневага. Панік галавой і вадзіцель, у партманеце якога ляжаў гашыш – асабліва небяспечны наркотык.
Такому бясслаўнаму фінішу папярэднічалі вось якія абставіны.

 

Выходзіў у лясок малады “аграном”…

 

Жыхар горада, які, так атрымалася, спазнаў “смак” наркатычнага зелля, вырашыў самастойна забяспечыць сябе сыравінай. Пасеяў і клапатліва даглядаў узыходы канапель: паліваў, падкормліваў і дачакаўся-такі ўраджаю. Каб ведалі: гэтымі сваімі дзеяннямі грамадзянін учыніў злачынства, прадугледжанае часткай 1 артыкула 329 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якое кваліфікуецца як незаконнае вырошчванне раслін, утрымліваючых псіхатропныя рэчывы, з мэтай іншага атрымання наркатычных сродкаў.

 

Калі каноплі, а ў іх саставе ёсць асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва, выраслі, зрываў іх і захоўваў дома. Аднак запасаў з лясной палянкі маладому чалавеку падалося мала. Ён дамовіўся з невядомым гандляром аб набыцці гашышу, аплаціў больш за 500 рублёў, забраў наркотык і перавёз у кватэру. Частку выкурыў сам, а часткай гэтай атруты падзяліўся з яшчэ адным гараджанінам – прадаў таму “дозу” за 60 рублёў, чым у чарговы раз парушыў закон. Дарэчы, потым гэты самы пакупнік быў асуджаны.

 

 Праваахоўнікі заклапочаны ростам спажывання гашышу і марыхуаны ў моладзевым асяродку. У “курцоў” задурманьваецца мозг, чалавек становіцца некіруемым... Прывыканне ідзе павольна, але дакладна. Толькі наш “аграном” наўрад ці ўсведамляў, якія сур’ёзныя наступствы мае быццам бы бяскрыўднае курэнне “траўкі”. Інакш не наладжваў бы новую сувязь з прадаўцом наркатычнай атруты.

 

Аўтамабіль “пад кайфам”

 

 І на гэты раз схема пакупкі была той жа: выбраў “тавар”, дамовіўся аб цане, аплаціў. Паколькі наркотык знаходзіўся ля абласнога цэнтра і набліжаўся вечар, а ўласнага аўтамабіля хлопец не меў, то папрасіў аб дапамозе сябра. Той у сваю чаргу “зафрахтаваў” знаёмага. Так і склалася тройца, якая накіравалася ў прыгарад Гродна. Здабыўшы гашыш, малады чалавек па дарозе дамоў яго апрабаваў. Дарэчы, пакурыў “траўку” сумесна з вадзіцелем і сябрам-пасажырам. Яшчэ два кавалачкі гашышу перадаў кіроўцу ў якасці аплаты за праезд, астатняе вёз дамоў. На гэтым этапе ў сітуацыю ўмяшаліся супрацоўнікі міліцыі (з гэтага эпізоду і пачынаецца наш артыкул).

 

 З пункту гледжання закона такія дзеянні – ні што іншае як злачынства, а іменна незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне, перавозка наркатычнага сродку, яго незаконны збыт, учыненыя асобай, якая раней учыніла злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 328, 329 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Былі заведзены крымінальныя справы, праведзена папярэдняе расследаванне, а потым ацэнку дзеянням фігурантаў гэтай гісторыі даў суд. Ініцыятару паездкі па сукупнасці злачынстваў вызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды на тэрмін сем гадоў тры месяцы. Іх ён правядзе ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама выплаціць штраф – больш за 1300 рублёў. Мужчына, які падвозіў яго да месца закладкі і прыняў наркотык у якасці аплаты за паездку, асуджаны да двух гадоў абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

 

Абнадзейвае, што ўсе “героі” гэтай гісторыі прызналі сваю віну і раскаяліся. Значыць, у маладых людзей ёсць шанц не патрапіць у сур’ёзную залежнасць ад наркотыкаў, перасцерагчы ад бяды блізкіх і іншых людзей.

 

Дзмітрый СІНІЛА,
памочнік пракурора раёна.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!