Пашпарт – крок у дарослае жыццё

Самы важны і галоўны дакумент у жыцці кожнага грамадзяніна нашай краіны – пашпарт. Юнакі і дзяўчаты атрымліваюць яго ў святочнай абстаноўцы. Васьмікласніцы Астрынскай сярэдняй школы імя Цёткі Дар’я Лебядзевіч пашчасціла яшчэ болей. Яна атрымала свой першы пашпарт з рук кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама.

 

У абласным цэнтры напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у рамках усебеларускай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі!” была арганізавана сустрэча з самымі актыўнымі маладымі людзьмі Гродзеншчыны. Шчучынскі раён прадставіла Дар’я Лебядзевіч. Нягледзячы на свой юны ўзрост, Дар’я ўжо дасягнула пэўных поспехаў у вучобе, праявіла неардынарныя здольнасці ў творчых конкурсах, алімпіядах і спартыўных спаборніцтвах. Пераканана, што самыя вялікія перамогі ў дзяўчынкі яшчэ наперадзе!

 

 – Падчас сустрэчы мы атрымалі першыя пашпарты і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, – расказвае Дар’я Лебядзевіч. – Разумею, што з атрыманнем галоўнага дакумента на нас накладваецца новая адказнасць, да якой трэба ставіцца з усёй сур’ёзнасцю і годна несці званне грамадзяніна нашай краіны. Так і будзе!

 

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!