Хакейная каманда “Арляняты” стала чэмпіёнам вобласці
У Лідзе прайшоў абласны этап спаборніцтваў па хакеі “Залатая шайба-2020” сярод юнакоў 2003-2005 гадоў нараджэння. За перамогу ў дывізіёне “Б” змагаліся 12 каманд, у тым ліку і хакейная зборная “Арляняты” з Орлі.
Традыцыйна орлеўскія хакеісты прыехалі ў Лядовы палац у суправаджэнні шматлікай групы балельшчыкаў, якія гучна падтрымлівалі сваіх фаварытаў.
Каманды-ўдзельніцы былі падзелены на чатыры падгрупы. Гульні праходзілі па кругавой сістэме, таму барацьба за пераможныя ачкі была вельмі напружанай. Адметна, што падчас спаборніцтваў узяць штурмам вароты орлеўцаў сапернікі не змаглі. У першым матчы “Арляняты” разграмілі “ўсухую” сваіх апанентаў са Свіслачы з лікам 24:0. Затым нашы хакеісты ўпэўнена перамаглі каманды Карэліцкага (5:0), Дзятлаўскага (2:0) і Смаргонскага (7:0) раёнаў і сталі чэмпіёнамі вобласці, за што былі адзначаны кубкам і медалямі. Да ўсяго ігрок орлеўскай хакейнай дружыны Аляксей Шэршань прызнаны лепшым варатаром турніру і ўдастоены спецыяльнай узнагароды.
-- Вельмі ганаруся сваімі выхаванцамі! – не хавае эмоцый трэнер каманды “Арляняты” Уладзімір Уладзіміравіч Хэлскі. – Яны прадэманстравалі выдатную камандную гульню і жалезную волю да перамогі. Безумоўна, рабяты сур’ёзна рыхтаваліся да турніру “Залатая шайба-2020”: напярэдадні правядзення абласнога этапу нават ездзілі трэніравацца ў Ліду, каб лепш асвоіцца на лядовай пляцоўцы. Такую магчымасць нашым хакеістам прадаставіў былы кіраўнік Шчучынскага раёна, а цяпер старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Васільевіч Ложэчнік, за што яму вялікі дзякуй! Падтрымала і кіраўніцтва Шчучынскага райвыканкама, якое выдзеліла юным спартсменам транспарт.
Між іншым, ужо ў канцы сакавіка орлеўская хакейная зборная “Арляняты” будзе абараняць гонар Гродзеншчыны на рэспубліканскім этапе спаборніцтваў па хакеі “Залатая шайба-2020”, які пройдзе ў цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту “Раўбічы”. Жадаем нашым хакеістам мноства забітых галоў і новых перамог!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.