Годна служаць краіне і людзям. У Шчучыне адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны Дню міліцыі

У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны Дню міліцыі. Свята сабрала разам супрацоўнікаў Шчучынскага РАУС і раённага аддзела Дэпартамента аховы, ветэранаў міліцыі, родных і блізкіх вартавых правапарадку. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня райвыканкама А.В. Садоўскі, кіраўнікі сілавых ведамстваў, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый.

 

 Да прысутных звярнуўся начальнік АУС Шчучынскага райвыканкама палкоўнік міліцыі С.М. Сыцэвіч:
– На ўсіх этапах развіцця органаў унутраных спраў нашы супрацоўнікі знаходзіліся на перадавой барацьбы са злачыннасцю і заўсёды станавіліся на абарону сваёй зямлі і сваіх суайчыннікаў, іх законных правоў і інтарэсаў – такое наша прызначэнне! Час не стаіць на месцы. На змену адным пакаленням прыходзяць іншыя, захоўваючы лепшыя традыцыі, заснаваныя на адданасці доўгу, высокім прафесіяналізме, жаданні дапамагчы людзям.

 

 

Сяргей Мікалаевіч павіншаваў усіх са святам, падзякаваў кіраўніцтву раёна за дапамогу і падтрымку, калегам з сілавых ведамстваў – за ўзаемадзеянне пры вырашэнні задач па ўмацаванні правапарадку, ветэранам міліцыі – за захаванне лепшых традыцый і выхаванне маладога пакалення ў духу патрыятызму і вернасці Прысязе, а родным і блізкім супрацоўнікаў міліцыі – за клопат і любоў.

 

 

Пра тое, што супрацоўнікі міліцыі самааддана выконваюць свой службовы абавязак і заўжды ў пастаяннай гатоўнасці прыйсці на дапамогу, гаварыў і Аляксей Валянцінавіч Садоўскі:
– Дзякуючы вашым адказным адносінам да службы, стойкасці і адвазе жыхары рэгіёна заўсёды адчуваюць сябе абароненымі. І сёння ў радах органаў унутраных спраў – лепшыя з лепшых, дастойныя прадаўжальнікі слаўных традыцый старэйшых пакаленняў. Вы без стомы днём і ноччу добрасумленна і смела ведзяце барацьбу з парушальнікамі закона, абараняеце канстытуцыйныя правы і інтарэсы грамадзян, ахоўваеце мірную працу, дзяржаўную і асабістую маёмасць, уносіце важкі ўклад у захаванне стабільнай астаноўкі. Мы па праве ганарымся вамі!

 

 

Старшыня райвыканкама выказаў словы падзякі асабоваму складу і ветэранам за службу, пажадаў поспехаў, моцнага здароўя і зямных даброт.

 

 

 У гэты дзень са сцэны гучала шмат душэўных і справядлівых слоў. Пра тое, што абараняць правапарадак і закон, спакой і бяспеку грамадзян – адна з самых важных і аказных прафесій, гаварылі старшыня ветэранскай арганізацыі райаддзела М.І. Майко, начальнік раённага аддзела ДКСЭ Д.А. Апановіч, галоўны ўрач УАЗ “Шчучынская ЦРБ” І.У. Загароўскі, дырэктар РУП ЖКГ А.В. Шкіндзераў і іншыя. А намеснік ваеннага камісара – начальнік мабілізацыйнай групы ваеннага камісарыята Шчучынскага раёна А.А. Сіўко ўручыў юбілейны медаль “100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь” маёру міліцыі С.С. Кахновічу і капітану міліцыі С.С. Сінкевічу.

 

 

Мінутай маўчання прысутныя на сходзе ўшанавалі памяць супрацоўнікаў, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў.

 

 

Цёплыя віншаванні з прафесійным святам і надыходзячым днём 8 Сакавіка прымалі жанчыны ў пагонах. “Жанчына ў форме – тайная зброя міліцыі”, – пажартавала са сцэны вядучая. А што неаспрэчна – дык гэта іх прафесіяналізм, варты павагі і ўзнагарод. Вось і на гэтай урачыстасці медаль “За бездакорную службу” 3-яй ступені быў уручаны начальніку крымінальна-выканаўчай інспекцыі Вользе Герасімчык. Падзякі  начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама ўдастоены старшы ўчастковы інспектар ІСН Алена Бялоцкая, загадчыца групы рэжымна-сакрэтнай дзейнасці Аксана Мінько, старшы інспектар прафілактыкі Алена Малашка. За высокія паказчыкі ў аператыўна-службовай дзейнасці шэраг мужчын-міліцыянераў адзначаны граматамі і падзякамі УУС, медалём “100 год міліцыі Беларусі”. Некалькім супрацоўнікам прынародна ўручаны новенькія пагоны.

 

 

Дзе свята там і песня. Цудоўны канцэрт для віноўнікаў урачыстасці падрыхтавалі таленавітыя артысты РЦКіНТ. Музычны падарунак для калег зрабілі таксама супрацоўнікі РАУС Віктар Макара і Сяргей Мандрыкевіч.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!