У кветкавым каралеўстве Алы Заянчкоўскай

Наша зямлячка стала лаўрэатам абласнога конкурсу “Гаспадыня сядзібы – гаспадыня краіны”, які праводзіць ГА “Беларускі саюз жанчын”

Гэты конкурс абласная арганізацыя БСЖ ладзіла ў рамках акцыі “Беларусь – наш агульны дом”. Ён стаў традыцыйным і папулярным у Прынёманскім краі, хоць, кажучы шчыра, ніводная з яго ўдзельніц абуладкаваннем свайго падворка, сядзібы, вуліцы не займаецца толькі дзеля перамогі. Гэта робіцца дзеля душы і творчай самарэалізацыі, а яшчэ, безумоўна, для сваіх блізкіх і … “каб прыгожа было наўкола”! Менавіта такая матывацыя і ў нашай гераіні – Алы Бярнардаўны Заянчкоўскай, жыхаркі аграгарадка Ражанка. 

І хоць дом спадароў Заянчкоўскіх знаходзіцца ў вельмі прыгожым і маляўнічым месцы на паўднёвым ускрайку аграгарадка, я пашкадавала, што гэта сядзіба не ў цэнтры ды пры шашы: няхай бы ўсе – хто ні едзе, хто ні ідзе – пабачылі гэткую раскошу кветак, фларыстычных кампазіцый, малых архітэктурных форм, якія служаць удалым дэкорам для дзівосных раслін! Сюды насамрэч можна экскурсіі вадзіць. Ала Бярнардаўна цікава раскажа пра кожнага са сваіх зялёных гадаванцаў. Вось дрэўца гінкго, што родам з эпохі … дыназаўраў. А гэтыя расліны з аскомістым пахам – пяроўскія, названы ў гонар гераічнага рускага генерала. Елачка нідзіформіс, нібыта падушка – і мяккая, і формы адпаведнай. 
Неверагодна, але прыкладна такую царыцу-юку, як у Алы Заянчкоўскай, я бачыла ў батанічным садзе ў Ялце. Дый тут, у Ражанцы, сапраўдны філіял батанічнага садка. Чаго варты, да прыкладу, адзін толькі ружоўнік з дзясяткам сартоў і безліччу пяшчотных адценняў, водараў, суквеццяў руж!


– Паходжанне назвы нашай Ражанкі ад слова “ружа” пайшло. Так што традыцыі абавязваюць, – усміхаецца гаспадыня гэтага рукатворнага раю на зямлі.
Дарэчы, захапленне кветкаводствам і ландшафтным дызайнам да Алы Бярнардаўны прыйшло 11 год назад. Проста ў добры час трапіў у рукі цікавы часопіс: паглядзела, па пошце выпісала некалькі сартоў “нетутэйшых” кветак, паспрабавала сябе ў ландшафтным мастацтве і захапілася не на жарт. Сёння з гаспадыняй гэтай сядзібы раяцца, кансультуюцца, просяць падтрымкі. Яна з радасцю дапамагла ў “зялёным” афармленні тэрыторыі Ражанкаўскай школы, дзе раней працавала. А сёння, будучы на заслужаным адпачынку, Ала Бярнардаўна вельмі шмат часу і ўвагі ўдзяляе свайму хобі. Зусім не выпадкова менавіта гэту захопленую жанчыну Шчучынская раённая арганізацыя БСЖ нядаўна накіравала абараняць гонар раёна на абласны конкурс “Гаспадыня сядзібы – гаспадыня краіны”.
– Мне было вельмі цікава пазнаёміцца з іншымі пераможцамі конкурсу, убачыць, няхай і на слайдах ды відэароліках, працу іх рук. Уразіла майстэрства кветкаводаў з Астраўца, Дзятлава, Бераставіцы… Самае каштоўнае, што была магчымасць пагутарыць, абмяняцца вопытам, – узгадвае А.Б. Заянчкоўская. – Багата творчых ідэй можна было пачарпнуць, пабываўшы на аграсядзібе “Ля Свяцка”, музея пісанкі ў Сапоцкіне, на Аўгустоўскім канале. А як было прыемна, калі нас ушаноўвалі і віншавалі ганаровы старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын М.М. Бірукова і яе дзеючая калега І.Б. Сцепаненка! З гэтага жаночага форуму я прывезла мноства пазітыўных эмоцый, дыплом лаўрэата конкурсу і каштоўны падарунак. Вярнулася дамоў і хутчэй да сваіх кветнікаў – паліваць іх, песціць, размаўляць з кожнай раслінкай. Мне здаецца, што кветкі мяне чуюць і разумеюць, – пераканана Ала Бярнардаўна.


А яшчэ яе захапленне аб’ядноўвае ўсю вялікую і дружную сям’ю. Муж Аляксандр гатоў вырабіць дэкаратыўную агароджу па эскізе жонкі, узвесці керамічны замак сярод клумбаў, дадаць малых архітэктурных формаў у этнаграфічны куточак. У гэтай супружнай пары “цвітуць” вокны і балкончыкі, бруіцца фантанам суквеццяў калодзеж, плаваюць гарлачыкі ў дэкаратыўнай сажалцы і нават старэнькі ровар цягне-пацягне кашпо квітнеючай герані.
У Алы Заянчкоўскай цэлыя калекцыі ірысаў, лілей, флёксаў, гладыёлусаў, вяргіняў, безліч экзатычных раслін, кусточкаў, дрэўцаў… Людзі ідуць і вачэй адарваць не могуць ад гэтай сядзібы, хоць добрых гаспадароў у Ражанцы нямала. І кожны стараецца зрабіць “свой дварочак, як вяночак”.


– Толькі радуюся за такую пазіцыю сваіх землякоў, – разважае Ала Бярнардаўна. – Да нашых людзей прыйшло ўсведамленне, што прыгажосць малой і вялікай Радзімы, роднай зямлі залежыць ад нас саміх. Ганаруся, што мне ўдалося абудзіць пачуццё прыгожага і ў сваіх траіх дзяцей, і ва ўнукаў, якія, дапамагаюць, чым могуць, а на першавераснёўскую школьную лінейку вязуць у горад шыкоўныя букеты кветак са сваёй сядзібы. 
Вельмі не хацелася пакідаць гэты дзівосны куточак, які служыць узорам таго, на што здольны працавітыя, творчыя людзі і смелы палёт іх фантазіі. А кветкавае каралеўства Алы Заянчкоўскай яшчэ не раз уразіць нас трыумфам водараў і красак, нечаканых кампазіцый і рэдкіх экзэмпляраў зялёных рарытэтаў.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!