Чужая хата не павінна быць з краю
Пачатак сельскага сходу, які прайшоў на днях у вёсцы Ашмянцы Жалудоцкага сельсавета, быў не зусім звычайным. На выязным пасяджэнні суда Шчучынскага раёна разглядалася грамадзянская справа аб накіраванні аднаго з жыхароў сельсавета на лячэнне ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Мужчына дайшоў да таго, што дазволіў сабе з’явіцца на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Дарэчы, да гэтага ён ужо двойчы бываў у ЛПП, аднак ніякіх вывадаў не зрабіў і на пытанне суддзі: “Што можа прымусіць вас перастаць піць?”, асабліва не разважаючы, адказаў: “Накіруйце зноў у ЛПП!”. Склалася такое ўражанне, што гэты чалавек сам на сябе махнуў рукою. Яго пажаданне суд задаволіў.
– Хацелася б, каб гэты сумны прыклад прымусіў і іншых аматараў спіртнога задумацца пра сваё жыццё, – пракаменціраваў сітуацыю старшыня Жалудоцкага сельвыканкама Генадзій Іванавіч Цывінскі. – Менавіта гарэлка становіцца прычынай амаль усіх бед і няшчасцяў.
У такіх выпадках самі дарослыя робяць свой выбар. А вось дзеці… Іх бяспека цалкам залежыць ад тых, хто знаходзіцца з імі побач – таты і мамы. І як крыўдна, калі з-за бяспечнасці самых блізкіх людзей абрываецца жыццё гэтых маленькіх чалавечкаў… Мала каму з прысутных у зале ўдавалася стрымаць слёзы, гледзячы на жудасныя кадры фільма, што расказвалі аб выпадках гібелі дзяцей у пажарах, на вадаёмах… Большай трагедыі нават уявіць сабе немагчыма…
Берагчы сваё жыццё, выконваць правілы бяспекі, аддаць перавагу здароваму ладу жыцця заклікалі ўдзельнікаў сходу рабяты з агітбрыгады Жалудоцкай СШ. Яны падрыхтавалі яркае, пераканаўчае выступленне.
Удзел у сельскім сходзе прымалі намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Г.С. Хвядзюк, намеснік начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС А.Я. Ясеў, прадстаўнікі раённых службаў і арганізацый. Карыснай і змястоўнай атрымалася размова.
Прычыны, па якіх загінулі ў пажарах сем жыхароў Шчучыншчыны, яшчэ раз нагадаў намеснік начальніка Шчучынскага РАНС С.В. Якімовіч. Сцэнарый “выпіў-закурыў-заснуў” дзейнічае практычна ў кожным выпадку. Сяргей Валер’евіч звярнуўся да вяскоўцаў з просьбай не заставацца ў баку і не займаць пазіцыю “мая хата з краю”, калі хтосьці з суседзяў або знаёмых балансуе паміж жыццём і смерцю: ужывае спіртное, грэбуе правіламі пажарнай бяспекі, робіць невыносным жыццё блізкіх людзей. Ён заклікаў дарослых не выпускаць з поля зроку дзяцей і ўнукаў, не дазваляць ім адным накіроўвацца на вадаёмы, вучыць выконваць правілы дарожнага руху.
Палепшылася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года крымінагенная сітуацыя на тэрыторыі Жалудоцкага сельсавета. Аб гэтым расказала старшы інспектар прафілактыкі Шчучынскага РАУС Н.М. Бірук. Сёлета зарэгістравана шэсць злачынстваў, большасць з якіх – крадзяжы, у мінулым годзе – 19. А вось колькасць учыненых адміністрацыйных правапарушэнняў вырасла з 45 да 66. Вялікая праблема – незаконны абарот алкагольнай прадукцыі. За шэсць апошніх месяцаў у Жалудоцкім сельсавеце канфіскавана 27,5 л самагону, 95 літраў брагі і два самагонныя апараты. Наталля Мікалаеўна прывяла прыклады, якія яскрава сведчаць аб тым, да якіх страшных трагедый можа прывесці спіртное: сын хацеў зажыва спаліць маці, сужыцелька запаліла дом сужыцеля і мужчына згарэў у агні, жанчына нанесла ўдар нажом мужчыну…
Невыкананне правіл эксплуатацыі газавага абсталявання стала прычынай пажару, які здарыўся на тэрыторыі сельсавета ў в. Баяры Лябецкія некалькі год таму. Аб гэтым нагадаў вяскоўцам Г.І. Цывінскі. А майстар уліку газу Шчучынскага раёна газазабеспячэння Т.У. Кутарэева расказала, як пазбегнуць такіх няшчасных выпадкаў. Таццяна Уладзіміраўна акцэнтавала ўвагу і на тым, што вяскоўцам і гараджанам неабходна замяняць старыя газавыя пліты, каб не здарылася аварыйнай сітуацыі. Яна нагадала правілы бяспекі пры карыстанні газам у быце, а жыхарам Ашмянцоў паведаміла аб тым, што ў іх ёсць магчымасць правесці прыродны газ у свае дамы. Не лішнім было ўдакладненне Г.І. Цывінскага, што заяву на правядзенне прыроднага газу можна пісаць у тым выпадку, калі належным чынам аформлены ўсе дакументы на домаўладанне, у тым ліку і на зямельны ўчастак.
Прычынай няшчасных выпадкаў часта становіцца дрэнны стан электраправодкі і парушэнне правілаў яе эксплуатацыі, сярэдні тэрмін службы якой не павінен перавышаць 30-40 год. Пра гэта расказаў удзельнікам сходу інспектар інспекцыі Энерганагляду С.А. Куроўскі. Падоўжыць тэрмін службы электраправодкі можна, калі змясціць яе ў спецыяльныя пеналы. Станіслаў Адольфавіч парэкамендаваў таксама карыстацца толькі аўтаматычнымі пробкамі, якія найбольш бяспечныя.
Да бяды прыводзіць алкаголь. Гэта думка чырвонай ніткай праходзіла праз кожнае выступленне. Нядаўнімі прыкладамі з работы прыёмнага пакоя Шчучынскай ЦРБ падмацавала яе ўрач-нарколаг Л.Я. Чудоўская. 23-гадовы малады чалавек у стане алкагольнага ап’янення спрабаваў пайсці з жыцця. Гэта своечасова заўважылі людзі і дасталі яго з пятлі. Пазней, калі змог усвядоміць, што спрабаваў зрабіць, быў вельмі ўдзячны за сваё выратаванне і сцвярджаў, каб не выпітае, ён такога не ўчыніў бы. Шэсць дзён правёў у рэанімацыі, а затым лячыўся ў стацыянары. А якія выдаткі панесла бальніца! І, на жаль, такіх выпадкаў, калі гарэлка у прамым сэнсе аднімае ў людзей розум, не адзін і не два.
Падчас сельскага сходу ўзнімаліся таксама пытанні навядзення парадку на тэрыторыі Жалудоцкага сельсавета. Самыя праблемныя месцы, дзе ў бліжэйшы час неабходна прыбраць тэрыторыю, абазначыла ў сваім выступленні ўрач-энтамолаг Шчучынскага ЦГіЭ М.У. Дарашкевіч.
Актуальная праблема на сённяшні дзень – захворванне буйной рагатай жывёлы на надулярны дэрматыт. Як ад яго ўберагчы хатнюю жывёлу, расказала прадстаўнік ветэрынарнай службы – урач-эпізаатолаг В.В. Міцура.
Пажарную сітуацыю на Гродзеншчыне прааналізаваў А.Я. Ясеў. З 24 загінуўшых у пажарах у нецвярозым стане былі 19 чалавек. Кураць, засынаюць і гараць… Папярэдзіць бяду можа дапамагчы пажарны апавяшчальнік. Гэтыя невялікія прыборы з пачатку года выратавалі жыцці 11 чалавек. Асобую ўвагу Аляксандр Яўгеньевіч сканцэнтраваў на папярэджанні дзіцячага свавольства з агнём.
Вынікі размовы падвяла Г.С. Хвядзюк. Яна яшчэ раз падкрэсліла, што самае галоўнае – берагчы свае жыцці і жыцці родных людзей.
– Раскажыце, калі ласка, сваім блізкім, знаёмым, сябрам пра тое, што вы пачулі сёння на сходзе, – звярнулася да прысутных з просьбай Ганна Станіславаўна. – Магчыма, гэта інфармацыя прымусіць некага задумацца, наколькі важна захоўваць правілы бяспекі.
Напрыканцы сходу жыхары Ашмянцоў і іншых населеных пунктаў, карыстаючыся магчымасцю, уздымалі пытанні, якія іх хвалююць. Сярод іх – арганізацыя футбольнай пляцоўкі для дзяцей. Вырашэнне абазначаных праблем Ганна Станіславаўна ўзяла пад асабісты кантроль.
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.